Выйшла з друку 18‑я кніга серыі «Бібліятэка Бацькаўшчыны». Гэта даследаванне гісторыка Наталлі Гардзіенкі «Беларусы ў Вялікабрытаніі».

У выданні разглядаецца гісторыя беларуска‑брытанскіх кантактаў, шляхі і матывы прыезду нараджэнцаў беларускіх земляў у Вялікабрытанію. Найбольшая ўвага надаецца дзейнасці пасляваеннай хвалі беларускай іміграцыі ў гэтай краіне. Падрабязна разглядаецца гісторыя асобных арганізацый беларусаў: Згуртавання беларусаў у Вялікабрытаніі, ХАБР Англа‑беларускага таварыства, Беларускай бібліятэкі імя Ф. Скарыны і іншых. Адмысловая ўвага надаецца рэлігійнаму жыццю беларусаў, гісторыі асобных праваслаўных парафій, дзейнасці Беларускай каталіцкай місіі ўсходняга абраду.

«Беларусы ў Вялікабрытаніі» — першая агульная даследчая праца, прысвечаная розным аспектам беларускай прысутнасці ў гэтай краіне.

Ідэя стварэння такой кнігі нарадзілася ў 2005 г. у сяброў Згуртавання беларусаў у Вялікабрытаніі ў тым ліку і па азнаямленні з першай кнігай аўтара - «Беларусы ў Аўстраліі». У арганізацыі захаваўся значны архіў, што патрабаваў вывучэння. І менавіта на падставе інфармацыі з гэтага, а таксама іншых архіваў і фондаў Беларускай бібліятэкі імя Ф. Скарыны ў Лондане была напісана кніга.

Кніга Наталлі Гардзіенкі — гэта сапраўдная энцыклапедыя беларускага жыцця ў Вялікабрытаніі. Пачытаць яе цікава будзе не толькі навукоўцам, але і ўсім, хто цікавіцца айчыннай гісторыяй, беларускай прысутнасцю ў свеце і любіць чытаць пра вандроўкі. Да слова пра вандроўкі, кніга «Беларусы Вялікабрытаніі» можа з поспехам выкарыстоўвацца ў якасці турыстачнага дапаможніка тымі, хто збярэцца ў падарожжа на Брытанскія выспы.

У канцы кнігі змешчаны даведнік па беларускіх мясцінах у Вялікабрытаніі.

А такіх месцаў у гэтай краіне шмат. «Гэта і Парламент, які наведвалі і ранейшыя дыпламаты, і прадстаўнікі Рэчы Паспалітай, такія як Станіслаў Панятоўскі, і дзе пазней ладзіліся адмысловыя прыёмы ў гонар беларусаў і 25 Сакавіка. Гэта і Брытанскі музей, дзе захоўваюцца выданні Францыска Скарыны, лонданскія кнігі Аляксандра Рыпінскага і шмат іншага. Гэта і Альбэрт‑Хол ды зала Уэстмінстарскай катэдры, дзе выступалі беларусы, у тым ліку славуты Пётра Конюх», — піша аўтарка ў прадмове да даведніка па беларускіх мясцінах.

А яшчэ ў Вялікабрытанні нямала беларускіх месцаў, створаных самімі беларусамі. Акрамя таго, у кнізе прадстаўлены звесткі па беларускіх могілках у Вялікабрытанні, а таксама пададзеныя біяграфіі беларускіх дзеячаў, чыё жыццё звязана з гэтай краінай.

Прэзентацыя кнігі адбудзецца 17 красавіка ў Беларускім доме ў Лондане (52, Penn Road, London).

***

Беларусы ў Вялікабрытаніі / Наталля Гардзіенка ; пад рэд. А. Гардзіенкі. – — Мінск : Медысонт, 2010. — 620 с. — (Бібліятэка Бацькаўшчыны ; кн. 18).

***

Кнігу можна набыць у наступных мінскіх крамах:

«Кнігарня пісьменніка», вул. Казлова, 2, тэл.: 2849061, pism.belkniga.by

«Акадэмкніга», пр. Незалежнасці, 72, тэл.: 2920052 akademkniga.by

«Кнігарня «Эўрыка», вул. Куйбышава, 75, тэл./факс: 2920067, evrica.belkniga.by

Сядзіба ТБМ, вул. Румянцава, 13, тэл.: 2848511

Управа БНФ, вул. Варвашэні, 8, тэл.: 2133008, 2845012

«Дом книги «Веды», вул. К. Маркса, 36, тэл./факс: 2261090, znanie.belkniga.by

КнігарняЎгалерэі, пр. Незалежнасці, 37А, тэл. 2906306, ygallery.by

Крама «Подземка», пр. Незалежнасці, 43.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?