Актывіст міжнароднай маладзёжнай арганізацыі «Малады фронт» Руслан Матвееў 1 красавіка быў дапытаны па крымінальнай справе, звязанай з нанясеннем надпісаў «Жыве Беларусь!» на будынак суда Першамайскага раёна Мінска,

паведаміў прэс‑сакратар арганізацыі Станіслаў Стэсік.

Паводле яго слоў, у ноч з 11 на 12 сакавіка невядомымі былі нанесены надпісы палітычнага характару на агароджу каля суда Першамайскага раёна і на сам будынак суда. У сувязі з гэтым супрацоўнікі УУС Першамайскага раёна распачалі крымінальную справу.

Як паведаміў Стэсік, следчы Смірноў пытаўся ў Матвеева аб яго палітычных перакананнях, дзейнасці ў арганізацыі, пра тое, у якіх структурах ён яшчэ знаходзіцца і чым займаецца ў гэты момант. «Таксама следчы цікавіўся, хто з яго сяброў мог нанесці гэтыя надпісы. Паводле звестак міліцыі, надпісы былі нанесены з 12 да 3 гадзін ночы.

Матвееву паказалі раздрукоўку званкоў, прадастаўленую мабільным аператарам, згодна з якой яму званілі ў тую ноч у 2 гадзіны і ён тады быў у раёне Першамайскага суда. Яму прапанавалі даваць адказы на паліграфе, але ён адмовіўся», — паведаміў Стэсік.

Следчы таксама паказаў Матвееву фатаграфію, на якой пад адным з надпісаў быў указаны нумар яго мабільнага тэлефона. Актывіст заявіў, што не ведае, хто мог яго ўказаць.

У Матвеева ўзялі адбіткі пальцаў, сліну для аналізу ДНК, а таксама паведамілі, што ён будзе выкліканы для дачы больш падрабязных паказанняў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?