Аляксандр Лукашэнка незадаволены аддачай ад работы будаўнічага комплексу краіны. Пра гэта ён заявіў сёння на нарадзе па развіццю будаўнічай галіны Беларусі.

«Даводзіцца прызнаць, што аддачы ад работы будаўнічага комплексу, адпаведнай укладзеным сродкам, мы яшчэ не атрымліваем, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Нельга сказаць з поўнай упэўненасцю, што мы навучыліся будаваць хутка, танна і якасна».

Прэзідэнт нагадаў, што ў крызісны перыяд Беларусь зрабіла стаўку на будаўнічы комплекс, каб ён як лакаматыў пацягнуў за сабой усю эканоміку. «Гэта тактыка прынесла ўжо пэўную карысць», — адзначыў ён.

Разам з тым, паводле слоў беларускага лідэра, дапускаецца вельмі шмат памылак пры праектаванні будаўнічых аб’ектаў, вельмі вялікія сродкі затрачваюцца на аплату іх карэкціровак, зацягваюцца тэрміны ўвядзення жылля ў эксплуатацыю, адбываецца неапраўданае падаражэнне жылля. «Па‑ранейшаму нярэдка прымаюцца ў лік дзеючых аб’екты, на якіх не выкананы ўсе неабходныя работы, з‑за чаго яны не гатовы да нармальнай эксплуатацыі.

Застаюцца вялізнымі аб’ёмы незавершанага будаўніцтва», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы таксама звярнуў увагу на тое, што патэнцыял галіны дрэнна выкарыстоўваецца для нарошчвання экспарту будаўнічых матэрыялаў і паслуг. «Дарэчы, гэта тое, што мы ўмеем рабіць не горш, чым іншыя сусветныя кампаніі. Мы ўмеем праектаваць і будаваць на ўзроўні сусветных стандартаў. Але будаваць вы ідзяце за мяжу толькі тады,

калі адчуваеце ззаду вельмі вострыя вілы ў спіну», — абурыўся прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка сказаў, што па выніках 2009 года аб’ём экспарту будаўнічых паслуг скараціўся на 36,6 працэнта ў параўнанні з папярэднім годам, склаўшы ўсяго $76,9 млн. «У бліжэйшыя гады неабходна павялічыць экспарт будаўнічых паслуг у разы», — запатрабаваў беларускі лідэр ад кіраўнікоў галіны. «Пры гэтым сродкі, што затрачваюцца будаўнічымі арганізацыямі, — мізэр у параўнанні з тымі цэнамі, якія будаўнічая галіна мела апошнім часам, — адзначыў Прэзідэнт. — Гэта галоўная была крыніца паступлення сродкаў у будаўнічыя арганізацыі». «Пры гэтым жудасная расхлябанасць, пачынаючы ад праекціроўкі збудавання і да яго ўводу ў эксплуатацыю, не дала магчымасць мець нармальны бюджэт будаўнічай галіны. Гэта недапушчальна», — падкрэсліў ён.

Прэзідэнт таксама нагадаў, што яшчэ 2 гады таму ім было дадзена даручэнне да канца 2009 года ўвесці ў дзеянне ў Беларусі нормы праектавання і стандарты Еўрасаюза ў галіне будаўніцтва. «Гэта даручэнне было дадзена, таму што да мяне валам пайшлі прадпрымальнікі і пачалі скардзіцца: да якой пары мы будзем будаваць па нейкіх нормах нават не ХХ, а ХІХ стагоддзя. Да якой пары будзем лішнія грошы бухаць у гэта будаўніцтва і з‑за гэтага не можам арыентавацца на нашых суседзяў, — растлумачыў ён. — Тое ж самае гаварылі мне пры будаўніцтве «Мінск — Арэны».

«І дзе былі члены ўрада, калі я даваў гэтыя даручэнні? Яны што, не чулі?

І, аказваецца, сёння зноў патрэбны даручэнні кіраўніка дзяржавы, каб сабрацца, абмеркаваць і ўвесці нарэшце тыя перадавыя нормы, якімі свет карыстаецца ўжо даўно, — абурыўся Прэзідэнт. — Добра, што мы хоць у Венесуэле не пачалі будаваць дамы з вялізнай таўшчынёй сценкі — марозаўстойлівай для ўмоў Беларусі. Добра, што хоць тут зарыентаваліся і не пачалі там праектаваць так, як у нас».

Прэзідэнт сказаў, што таму чакае адказу на пытанне, што рэальна зроблена па ўвядзенню еўрапейскіх стандартаў, пашырэнню геаграфіі і павелічэнню аб’ёму экспарту беларускіх паслуг і прыцягненню замежных інвестыцый у будаўнічую галіну Беларусі. Аляксандр Лукашэнка таксама канстатаваў, што ў агульным аб’ёме будаўніча‑мантажных работ, што выконваюцца ў краіне, арганізацыі, падпарадкаваныя Міністэрству архітэктуры і будаўніцтва, складаюць толькі некалькі працэнтаў. «Дзе вашы будаўнічыя арганізацыі, куды вы іх схавалі?» — запытаў кіраўнік дзяржавы. Ён пацікавіўся, што робіцца па каардынацыі работы астатніх будаўнічых арганізацый.

Лукашэнка асабліва падкрэсліў, што набалелым пытаннем застаецца будаўніцтва жылля для маючых патрэбу. «Што робіцца, каб яно стала больш даступным? Гэта пытанне не толькі да міністра, але і да старшыні Праўлення Нацыянальнага банка і прадстаўнікоў мясцовай улады», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

«Я хацеў бы, каб не толькі міністр архітэктуры, але і прэм’ер‑міністр і іншыя члены ўрада далажылі аб выкананні ўсіх тых даручэнняў, якія мной былі дадзены — ад будаўніцтва дарог да ўвядзення еўрастандартаў. Я хачу паглядзець, наколькі сумленна і адказна працуюць члены ўрада», — рэзюмаваў беларускі лідэр.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?