Яны проста не захацелі падставіць «левай шчакі». І вось вынік. Новы блог на НН — піша бр. Пётра Рудкоўскі.

Заўжды няёмка сябе адчуваю, калі пачынаю пісаць чорным па чырвоным. То бок, пісаць на крыві…

Ад выбуху на станцыях «Лубянка» і «Парк Культуры» прайшло ўжо некалькінаццаць гадзін, прагучала мноства спачувальных слоў і асуджальных усклікаў. Вернікі моляцца і слёзна ўздыхаюць, правадыры трасуць кулакамі, радыкал-патрыёты качаюць мускулы, боль і адчай змешваюцца з нянавісцю і жадобай помсты.

Хто забіў тэрарыстак? — такое нетыповае пытанне хачу паставіць з гэтай нагоды. Ці лепш: што іх забіла?

Смерць гэтых 38 (водле стану на момант пісання гэтых радкоў) наступіла пасля смерці тых 2, якія здзейснілі замазабойчы тэракт. Але гэтая смерць у іх выпадку павінна была наступіць значна раней. Павінна было быць нешта, што знішчыла ў іх жыццё, забіла жаданне жыць і любіць. Хто альбо што іх забіла? Дзе бярэ пачатак гэты жудасны вірус смерці-ў-імя-нянавісці? І ці ёсць антыдотум?

Пакіньма ўбаку праблему пачаткаў. Што тычыцца антыдотума — ён ёсць. Некаторыя прэзентуюць яго пад фірмовай маркай INRI*, але пазначыць варта, што ён ніколі не быў апатэнтаваны, таму кожны можа займацца яго прадукцыяй і карыстацца без усякіх абмежаванняў. Смерць Ісуса Назарэйскага на крыжы. Смерць, якая знішчае смерць. Смерць-у-імя-любові.

Што такое смерць-у-імя-любові? Азначае яна знішчэнне ўнутры сябе асяродкаў зла і нянавісці. Бываюць сітуацыі, калі вызваленне ад нянавісці з’яўляецца цяжэйшым, чым фізічная смерць. Я не ведаю біяграфій тых асоб, якія здзейснілі тэракты ў Маскве. Але ведаю, што многія жанчыны ў Чачні згубілі сваіх мужоў і сыноў, што былі неаднаразова гвалчаны і прыніжаныя «па законах вайны», што, будучы згвалчаныя «ворагам», становяцца таксама адкідамі ў сваіх супольнасцях. Становяцца жывымі забітымі. Перакананы, што сённяшнія «гераіні тэрору» належалі да гэтай катэгорыі жанчын.

Як знішчыць у сабе пульсуючую нянавісць у такой сітуацыі? Вызваліцца ад гэтай нянавісці і сапраўды можа быць цяжэй за фізічную смерць. Аднак гэта магчыма, калі ёсць у душы вера ў сілу любові. А калі ёсць сувязь з Тым-Хто-Знішчыў-Смерць (маецца на ўвазе смерць-нянавісць), то магчымае становіцца рэальным…

Некаторыя смяюцца, чуючы евангелічныя словы «Калі хтось ударыць цябе ў правую шчаку, падстаў яму і левую». Тыя, хто легкадумна пакепліваюць з гэтых слоў, хай усур’ёз падумаюць, што было глыбіннай прычынай гэтага (і не толькі) тэракту. Падумайце, шаноўныя. Так, сённяшнія тэрарысткі нічога асаблівага не зрабілі. Яны атрымалі спаўна ў правую шчаку і сказалі: хопіць.

* Расшыфроўваецца гэта, бадай, так: Iesus Nazarenus Rex Iudaicus.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?