У Мінску з’явіўся дакладны расклад аўтобусаў, тралейбусаў і трамваяў — пахвілінна пра кожны прыпынак.
КУП «Мінсктранс» нарэшце распрацаваў поўны расклад мінскага грамадскага транспарта.
Цяпер на сайце прадпрыемства па спасылцы http://www.minsktrans.by/city/ можна даведацца, у які дакладны час аўтобус, тралейбус ці трамвай прыедзе на канкрэтны прыпынак.
У ранейшай базе прысутнічаў толькі аўтобусны расклад, і тое толькі па ключавых прыпынках. Прадстаўнікі кампаніі скардзіліся, што няма тэхнікі для таго, каб пралічыць дакладныя адлегласці між прыпынкамі.
Праца праводзілася пры дапамозе літоўскіх транспартнікаў. Зрэшты, афармленне і падача інфармацыі на віленскім інфармацыйным сайце такая ж самая, як цяпер у Мінску — http://www.vilniustransport.lt/autobusai.html
Літоўская спадчына праяўляецца і ў моўным напаўненні сайта.
Прадстаўленыя расійская, англійская, польская і тры балтыйскія версіі. Беларускай мовы на старонках «Мінсктранса» няма.





