Рада Еўропы рашуча асуджае прывядзенне ў выкананне двух смяротных прыгавораў у Беларусі. Пра гэта гаворыцца ў сумеснай заяве старшыні Камітэта міністраў РЕ Мішэлін Кальмі‑Рэй, генеральнага сакратара РЕ Турб’ёрна Ягланда і кіраўніка Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы Меўлюта Чавушаглу.

«Смяротнае пакаранне з’яўляецца варварствам і дэградацыяй, менавіта таму яно было скасаванае Радай Еўропы пратаколам № 6 Еўрапейскай канвенцыі аб правах чалавека, — гаворыцца ў заяве. — Урад Беларусі застаецца адзіным у Еўропе, хто карае смерцю людзей. Нядаўняе прывядзенне ў выкананне смяротных прысудаў, калі гэтая інфармацыя пацвердзіцца, стане сур’ёзнай перашкодай на шляху збліжэння Беларусі і Рады Еўропы».

Аўтары заявы падкрэсліваюць, што РЕ гатовы аказаць Беларусі любую дапамогу для пераадолення «самаізаляцыі» краіны. «Але калі пытанне тычыцца правоў чалавека і дэмакратыі, шлях можа быць толькі адзін. Мы зноў заклікаем да неадкладнага скасавання смяротнага пакарання», — гаворыцца ў дакуменце.

Паводле звестак праваабарончай арганізацыі «Міжнародная амністыя»,

у канцы мінулага тыдня ў Беларусі былі расстраляныя 25‑гадовы Андрэй Жук і 30‑гадовы Васіль Юзэпчук.

Першы быў прызнаны вінаватым у разбойным нападзе і забойстве работнікаў СПК «Бальшавік‑Агра», якія перавозілі грошы для выплаты зарплаты работнікам сельгаспрадпрыемства. Другога прыгаварылі да найвышэйшай меры пакарання за ўчыненне серыі забойстваў пажылых жанчын у Брэсцкай вобласці.

Пра тое, што прысуды прыведзеныя ў выкананне, стала вядома ад маці Андрэя Жука. У МУС Беларусі ад каментароў устрымліваюцца.

Беларускія праваабаронцы заяўляюць: улады Беларусі, прывёўшы ў выкананне два смяротныя прыгаворы, свядома парушылі нормы нацыянальнага і міжнароднага права.

Згодна з артыкулам 61 Канстытуцыі кожны грамадзянін мае права ў адпаведнасці з міжнародна‑прававымі актамі, ратыфікаванымі Рэспублікай Беларусь, звяртацца ў міжнародныя арганізацыі для абароны сваіх правоў і свабод, калі вычарпаныя ўсе наяўныя ўнутрыдзяржаўныя сродкі прававой абароны.

Беларусь ратыфікавала Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, у адпаведнасці з якім яе грамадзяне маюць права падаваць скаргі ў Камітэт па правах чалавека ААН.

Юзэпчук і Жук такія скаргі ў камітэт падалі, аднак нягледзячы на тое, што іх звароты яшчэ не былі разгледжаныя, асуджаных пакаралі смерцю.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?