Ці адселяць Бабруйскі домабудаўнічы камбінат ад касцёла Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі?

У 1960-х гадах разбурылі вежу касцёла і дабудавалі да яго пяціпавярховік. У ім сёння размяшчаецца Бабруйскі домабудаўнічы камбінат. Уваход у касцёл і камбінат — агульны. Гэта стварае нязручнасць як для вернікаў, так і для працаўнікоў камбіната.

Ужо не першы год вядуцца размовы пра тое, каб адсяліць будаўнічае прадпрыемства. А на мінулым тыдні газета «Вечерний Бобруйск» паведаміла, што

старшыня гарвыканкама Дзмітрый Банохаў гатовы прадставіць іншае памяшкання ў Бабруйску камбінату, каб у старым будынку быў узноўлены касцёл.

«У якасці аднаго з варыянтаў разглядаецца перасяленне ДБК у адзін з яго аб’ектаў сацыяльна-бытавой сферы, для чаго патрабуецца ўсяго толькі перавесці неабходную колькасць памяшканняў з жылога фонду ў нежылы».

Але такую аптымістычную думку не падзяляе генеральны дырэктар Бабруйскага домабудаўнічага камбіната Уладзімір Бакалдзін. Ён не лічыць, што ўсё так проста. Ён гатовы пераехаць, але з прапанаваных варыянтаў ні адзін не падыходзіць для яго. Маўляў, ён будзе адарваны ад вытворчасці ў прапануемых памяшканнях, а гэта прынясе вялікія выдаткі. Сп. Бакалдзін гатовы нават сваімі сіламі ўзвесці новы будынак для камбіната, але на гэту мэту патрабуе грошай.

«І мне нязручна з імі (з касцёлам — аўт.). Я забяспечваю іх цяплом, аховай, уборкай. Мне гэта суседства не патрэбна.

Яны хочуць узнавіць касцёл. Знесці наш будынак. А на якія грошы? Каб дэмантаваць будынак, патрэбна 4-4,5 млрд. беларускіх рублёў. Ці не ўводзяць нас у зман?»

Старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч песімістычна глядзіць на сітуацыю, што склалася ў Бабруйску. Таксама ён не разумее мэты перасялення. Ён бачыць толькі адзін варыянт (неверагодны), для чаго гэта можа рабіцца, — аднаўленне вежы святыні. «Не думаю, што каталікам перададуць гэты будынак. А калі і перададуць, то на вельмі жорсткіх умовах. Я ўпэўнены, што ім не дазволяць яго дэмантаваць».

Улічваючы, што касцёл не з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю, аднаўленне вежы малаверагодна.

Старшыня гарвыканкама Дзмітрый Банохаў «не гатовы каментаваць на сёння» сітуацыю з адсяленнем камбіната. Айцец Юрый Быкаў, які служыць у касцёле, таксама ад каментароў устрымаўся.

***

Касцёл у гонар Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі пабудаваны ў 1906 годзе. Непрацяглы час тут служыў ксёндз Аляксандр Астрамовіч (паэт Андрэй Зязюля). З 1935 па 1941 касцёл выкарыстоўвалі ў гаспадарчых мэтах. У 1968 годзе фасад святыні часкова разбурылі і ўмуравалі ў пяціпавярховы адміністрацыйны будынак. У сакавіку 1990-га храм перадалі вернікам. Памылкова святыні і парафіі надалі тытул Св. Ап. Пятра і Паўла. Пасля рэкансэкрацыі касцёлу вярнулі гістарычнае імя — Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі.

Так выглядаў касцёл да 1960-х.

Так выглядаў касцёл да 1960-х.

Так касцёл выглядае сёння. На заднім плане відаць пяціпавярховік.

Так касцёл выглядае сёння. На заднім плане відаць пяціпавярховік.

Наўпрост — касцёл, наверх — домабудаўнічы камбінат.

Наўпрост — касцёл, наверх — домабудаўнічы камбінат.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?