Старшыня Брэсцкай абласной арганізацыі Партыі БНФ Зміцер Шыманскі не саромеецца прызнаваць, што нават школьнікі звяртаюцца да яго на «ты». У інтэрв’ю «Салідарнасці» ён апавёў, што з гэтага мае, чаму не будзе выганяць з партыі рускамоўных і хто адпомсціў яму, разбіўшы дрэвам аўтамабіль.

34‑гадовы Зміцер Шыманскі яшчэ ў маладосці праяўляў выдатныя арганізатарскія здольнасці. Навучаючыся ў ВНУ, ён паспяхова займаўся некалькімі відамі бізнэсу. Першыя грошы зарабіў на тым, што скупаў з сябрамі адходы ДСП з мэблевай фабрыкі, пакрываў іх шпонам, лакіраваў і рабіў тумбачкі на продаж.

Усё змянілася ў 1999 годзе, калі ў Мінску прайшоў Марш свабоды. Зміцер Шыманскі вельмі пашкадаваў, што яго там не было, і разам з аднакурснікамі і сябрамі стварыў моладзевае аб’яднанне «Дзедзіч». Мэтамі арганізацыі, якая паспяхова развіваецца да гэтага часу, сталі павышэнне грамадзянскай актыўнасці моладзі і папулярызацыя беларускай мовы і культуры.

А амаль праз 10 гадоў моладзевы лідэр стаў яшчэ і кіраўніком абласной арганізацыі Партыі БНФ.

Дзмітрый Шыманскі жанаты, выхоўвае дачку Еўфрасінню.

— Калі пакінуць убаку стратэгічную мэту (прыход да ўлады), то якія задачы вы ставіце перад сабой і сваімі структурамі?

— Я дастаткова рэалістычна ацэньваю сітуацыю. У найбліжэйшыя год‑два стратэгічных мэтаў дасягнуць сапраўды нерэальна. Таму мы ў нашай арганізацыі вызначыліся, што нашая задача — назапашваць рэсурсы, у першую чаргу чалавечыя, каб у патрэбны момант яны судзейнічалі ператварэнню Беларусі ў дэмакратычную дзяржаву.

Мне спадабалася, як сказаў Сяргей Салаш: Шыманскі — чалавек, які валодае выдатным мабілізацыйным патэнцыялам. Гэта было сказана год таму, калі мы ў Брэсце сярод прадстаўнікоў АДС праводзілі праймерыз — хто з іх пойдзе на парламенцкія выбары. Трэба было прывесці больш людзей, гатовых увайсці ў ініцыятыўныя групы, чым супернік.

— Колькі людзей вы прывялі?

— 158 чалавек.

— Нямала… Я так разумею, гэта былі не толькі сябры Партыі БНФ?

— Гэта былі ў першую чаргу чальцы «Дзедзіча».

— Значыць, моладзевай арганізацыі вы надаяце больш увагі, чым Партыі БНФ?

— Я б не сказаў, што больш. Проста моладзь актыўна адгукаецца на выклікі часу, яна больш мабільная. Выцягнуць збіраць подпісы або раздаваць улёткі сямейнага чалавека, які мае дзяцей, вельмі цяжка.

— Як вы прыцягвае моладзь у арганізацыю?

— У асноўным людзі прыходзяць да нас самі, даведаўшыся аб арганізацыі з аднайменнай газеты «Дзедзіч». Камусьці блізкія нашыя перакананні, камусьці — анекдоты на апошняй старонцы. Скажы, якія анекдоты ты чытаеш, і я скажу, хто ты.

У арганізацыі ў нас дэмакратычная атмасфера, рэалізавацца можа кожны.

Мне зручна, калі са мной размаўляюць на «ты».

«Вы» аддаляе людзей. Нават школьнікі са мной размаўляюць на «ты».

— Вы сказалі, што вашая задача — назапашваць рэсурсы для гадзіны ікс. А не баіцеся, што ўсе намаганні прападуць дарма? Калісьці я размаўляў з яшчэ жывым стваральнікам падпольнай антыбальшавіцкай арганізацыі «Чайка» Васілём Супруном. Ён таксама казаў, што ставіў мэту падрыхтаваць людзей да патрэбнага моманту. Але Трэцяя сусветная вайна так і не пачалася …

— Не, не баюся. Мы не кансервуем свой патэнцыял — ён у нас актыўны. Людзі, якія праходзяць праз нашую арганізацыю, трэнінгі, мяняюць свой светапогляд, у іх з’яўляецца шмат кантактаў, сябры за мяжой. Яны становяцца больш еўрапейскімі, больш сучаснымі, больш свабоднымі, чым іх раўналеткі, чым тыя, хто п’е піва на лавах.

— Пытанне ад нашага чытача з Баранавічаў, таксама сябра Партыі БНФ. Чаму у Зміцера Шыманскага ў партыі рускамоўныя маладыя людзі?!

— Рускамоўныя?! А я ніколі не дзяліў сваіх сяброў і паплечнікаў па моўнай прыкмеце.

Я не бачу ніякай праблемы ў тым, што ў Партыі БНФ знаходзяцца рускамоўныя.

— А гэты чалавек кажа: як так — мы выступаем за беларускую мову, а калі нават нашыя сябры па‑беларуску не гавораць, чаго ж мы можам наогул прасіць ад іншых?

— Давайце пачнем з таго, што Партыя БНФ выступае за нацыянальнае адраджэнне і дэмакратычны шлях развіцця Беларусі. Натуральна, што людзі, якія прыйшлі ў партыю, гэтыя перакананні падзяляюць. А калі яны з нейкіх прычынаў не могуць гаварыць па‑беларуску, то што, трэба выганяць іх з партыі? Мы нікога размаўляць па‑беларуску не прымушаем. Але практыка паказвае: з цягам часу ў беларускамоўным асяроддзі чалавек пераходзіць на беларускую мову. Я магу прывесці дзесяткі такіх прыкладаў.

— Вы сталі каардынатарам ініцыятыўнай групы ў Брэсцкай вобласці, якая выступае за правядзенне рэферэндуму супраць увядзення мытаў на ўвоз іншамарак. Наколькі рэальна дамагчыся скасавання мытаў?

— Мне здаецца, што Мытны саюз разваліцца яшчэ да пачатку лета. Нашая ўлада не атрымала тых ільгот ад стварэння саюза, на якія разлічвала. Лукашэнка пры ўсёй сваёй папулісцкай палітыцы, мабыць, не адважыцца на тое, каб увядзеннем мытаў скіраваць на сябе гнеў часткі грамадства. Але калі гаварыць аб тым, ці рэальна дамагчыся правядзення рэферэндуму… Гэта будзе вельмі складана. Але мы паспрабуем.

— Большасць палітыкаў сказала б: мы гэта зробім. Нягледзячы на тое, што ў нашай сітуацыі гэта немагчыма.

— Ну, большасць палітыкаў сказала б так і спадзявалася б, што гэтыя словы забудуцца. А я ўсё‑ткі адказваю за свае словы. І калі я кажу «мы пастараемся», значыць, я сумняюся ў поспеху справы.

— Дарэчы, пра машыны. Мінулым летам на вашае аўто, прыпаркаванае ля Брэсцкай крэпасці, упала дрэва. Як завяршылася гэтая гісторыя?

— Незадоўга да гэтага мы набылі будынак у Камянецкім раёне 1931 году пабудовы — цагляны з калонамі, вельмі прыгожы, плошчай больш за 100 квадратных метраў, але ў цалкам закінутым стане. Плануем стварыць там «Дом еўрапейскіх сустрэч». Пасля завяршэння ўсіх рамонтных працаў гэты будынак зможа прымаць адначасова да 20 чалавек — яны змогуць удзельнічаць у трэнінгах, паесці, памыцца і заначаваць.

Дык вось, падчас добраўпарадкавання тэрыторыі каля гэтага дома мы высеклі каля 30 самасейных дрэваў. Думаю, што дрэва, што ўпала ля Брэсцкай крэпасці на маё аўто, было помстай зялёнага лесу за сваіх братоў (смяецца). Рамонт машыны каштаваў мне 2 000 даляраў.

— То бок у вас цяпер няма асабістай зацікаўленасці ў скасаванні мытаў?

— Ёсць. Мая машына 1997 году выпуску. Лічу, што час ужо перасаджвацца на штосьці больш сучаснае. Да 1 ліпеня назбіраць неабходную суму я не паспею, а «жыгулі» мяне не задавальняюць.

— Як вы думаеце, якая падзея была самай важнай для нашай краіны за апошні час — скажам, за год?

— Маецца на ўвазе падзея ў апазіцыйным асяроддзі?

— Неабавязкова.

— Ды чорт яго ведае. Па‑мойму, для нашай краіны самай важнай падзеяй стала перамога Аляксандра Рыбака на Еўрабачанні. У нашай краіне ўсё спакойна, у ёй, як у балоце, мала што адбываецца. Можа гэта і добра. Людзі жывуць спакойна, і калі іх задавальняе цяперашні ўзровень жыцця, то чаму б і не. Большасць еўрапейскіх краін таксама жывуць спакойна, у іх нічога не адбываецца, і ўсе гэтаму радыя. У адрозненне ад Расіі, дзе то цягнік ідзе пад адхон, то неякая плаціна разбураецца.

— Вы будзеце ўдзельнічаць у найбліжэйшых мясцовых выбарах?

— Так. У адрозненне ад 2007 году, калі я палічыў, што ўдзел у мясцовых выбарах пасля парламенцкіх — не мой узровень.

Гэтым разам я хачу паказаць людзям, што ў выбарчых кампаніях, нягледзячы ні на што, варта ўдзельнічаць.

Па вялікім рахунку, у іх ёсць толькі два суб’екты — ты і твае выбаршчыкі. Калі ты здольны іх пераканаць, што за цябе варта галасаваць, яны пойдуць і прагаласуюць.

І самае смешнае, што наступныя 4 гады яны будуць лічыць, што ты дэпутат. Большасць людзей не чытае ў газетах інфармацыі пра афіцыйныя вынікі выбараў, а разважае так: калі я за яго прагаласаваў і мой бацька за яго прагаласаваў, значыць, ён дэпутат. Нам гэта на руку — лягчэй працаваць з людзьмі. Жыхары акругі, дзе я балатаваўся падчас мясцовых выбараў 2003 году, да гэтага часу лічаць мяне дэпутатам, хоць я не быў тады нават зарэгістраваным кандыдатам.

— Дэпутатам, напэўна, вас лічаць і таму, што вы заўсёды ходзіце ў касцюме?

— Не, апошнія два гады я стаў апранацца больш дэмакратычна: хаджу ў джынсах і кашулях.

— А раней касцюм быў асноўным вашым дрэс‑кодам?

— Так, заўсёды.

— Таму што падабалася, ці лічылі, што палітык павінен так апранацца?

— Таму што мой бел‑чырвона‑белы значак выглядае больш эфектна на пінжаку, чым на кашулі.

— Раней вы, здаецца, і доўгія валасы насілі.

— Так, у 2006 годзе пасля прэзідэнцкіх выбараў я другі раз адпусціў валасы. У маім выпадку яны сігналізуюць, што я ў разгубленасці і не ведаю, што рабіць далей.

Пасля тых выбараў настаў перыяд, калі маё жыццё кацілася па інэрцыі. У мяне былі вельмі вялікія надзеі на змену сітуацыі ў 2006 годзе, і пасля гэтага я быў у разгубленасці: ці варта наогул гуляць у гульні з брудным партнёрам — уладай? Ці варта займацца палітыкай, калі цябе ў любы момант могуць абвінаваціць у нецэнзурнай лаянцы, спраўленні патрэбы ў публічным месцы і кінуць за краты на 10‑15 сутак?

Але з часам я знайшоў адказ на гэтае пытанне і таму пастрыгся.

— І якім быў адказ?

— Што такі наш шлях. Што нашая дзейнасць з’яўляецца свайго кшталту місіянерскай. І калі не я, то хто?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?