Аляксандр Лукашэнка прагаварыўся. Знаходзячыся ў гасцях у Уга Чавеса, кіраўнік Беларусі заявіў: «Мы дамовіліся, што летам наступнага году я зноў прылячу ў Венесуэлу». То бок вынікі прэзідэнцкіх выбараў, якія мусяць адбыцца ў нашай краіне не пазней за люты 2011‑га, Аляксандру Лукашэнку ўжо вядомыя.

Здагадку пра тое, што цяперашні кіраўнік Беларусі прыляціць летам 2011 году ў Венесуэлу ў якасці турыста, даводзіцца выключыць пасля знаёмства з паведамленнем афіцыйнага агенцтва «БЕЛТА». Там, у прыватнасці, гаворыцца: «Летам 2011 году ў Венесуэлу прыедзе кіраўнік беларускай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка». Дарэчы, да наступнага візіту Лукашэнкі ў Каракас плануецца прымеркаваць адкрыццё шэрагу прадпрыемстваў, пабудаваных беларусамі, — «каб венесуэльцы бачылі, што мы людзі сур’ёзныя».

Пра планы Лукашэнкі паведаміла не толькі БЕЛТА, але і іншыя інфармагенцтвы. Так, www.interfax.by цытуе кіраўніка Беларусі: «Мы дамовіліся, што летам наступнага году я зноў прылячу ў Венесуэлу».

Мяркуючы па ўсім, Аляксандра Лукашэнку зусім не бянтэжыць тая акалічнасць,

што цягам найбліжэйшага году (не пазней за люты 2011‑га) у нашай краіне мусяць адбыцца прэзідэнцкія выбары.

Верагодна, іх сцэнар ужо распісаны і перадугледжвае чарговую «элегантную перамогу» цяперашняга кіраўніка дзяржавы. Пра што Аляксандр Лукашэнка загадзя і недвухсэнсоўна паведаміў усёй сусветнай супольнасці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?