Пракуратура Гродзенскай вобласці завяршыла расследаванне і перадала для разгляду ў абласны суд крымінальную справу па абвінавачванні двух жыхароў Гродна ў трайным забойстве і шэрагу іншых злачынстваў.

Нагадаем, злачынства было ўчыненае ноччу 14 кастрычніка 2009 года ў кватэры 2‑га корпуса дома № 8 па вуліцы Кабяка. Менавіта там пажарныя, якія прыбылі ліквідаваць узгаранне, знайшлі трупы 65‑гадовага гаспадара, яго 34‑гадовай нявесткі і яе 52‑гадовай знаёмай. Знік сын маладой жанчыны — пяцікласнік.

Следства ўстанавіла, што 28‑гадовы і 29‑гадовы раней судзімыя гродзенцы з’явіліся ў кватэры позна ўвечары 13 кастрычніка пад маркай сумеснага распівання спіртных напояў і з мэтай завалодання маёмасцю гаспадароў. Каля 2 гадзін 14 кастрычніка па малазначнай прычыне яны распачалі з гаспадарамі спрэчку, падчас якой кухонным нажом быў забіты пенсіянер. Затым злачынцы забілі і жанчын, школьніку прыгразілі забойствам, калі ён каму‑небудзь раскажа пра ўбачанае. Пасля гэтага яны падпалілі кватэру і сышлі, прыхапіўшы з сабой камп’ютэр, іншыя рэчы і дзіця.

Намагаючыся з’ехаць як мага далей ад Гродна, злачынцы спынілі таксі і прапанавалі вадзіцелю адвезці іх у Мінск ці Маскву, маючы намер разлічыцца з ім скрадзеным камп’ютэрам. Атрымаўшы адмову, прыгразілі забіць і нават паспрабавалі закрануць яго нажом, аднак лёгкапараненаму таксісту ўдалося збегчы.

Затым злачынцы паспрабавалі скрасці «Аўды‑80» на стаянцы на вуліцы Пестрака, якая не ахоўвалася, але зрабіць гэта не ўдалося. З салона яны скралі вадзіцельскае пасведчанне ўласніка, тэхпашпарт на аўтамабіль і іншыя дакументы.

Пасля гэтага маладыя людзі з дзіцем накіраваліся ў кватэру аднаго з іх, каб абмеркаваць далейшыя планы, дзе і былі затрыманыя супрацоўнікамі міліцыі.

У цяперашні час гродзенцы абвінавачваюцца па пп.1, 6, 12, 15 ч. 2 арт. 139 (забойства дзвюх і больш асоб з асаблівай жорсткасцю, злучанае з разбойным нападам, учыненае групай асоб), ч. 3 арт. 207 (разбой з прычыненнем цяжкіх цялесных пашкоджанняў), ч. 2 арт. 218 (наўмыснае пашкоджанне маёмасці шляхам падпалу), пп. 1, 6 ч. 2 арт. 182 (выкраданне малалетняга групай асоб), ч. 2 арт. 207 (разбойны напад), ч. 1 арт. 14 і ч. 2 арт. 205 (замах на крадзеж аўтамашыны), арт. 378 (крадзеж дакументаў) Крымінальнага кодэкса.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?