Бібліятэку Акадэміі навук Літвы расфарміроўваць, як планавалася, не будуць. Гэта дазволіць не развозіць вялікія беларускія зборы з яе фондаў па ўсёй краіне.

Бібліятэка імя Урублеўскіх Акадэміі навук Літвы.

Бібліятэка імя Урублеўскіх Акадэміі навук Літвы.

Загадчыца Аддзела рэдкiх кнiг бiблiятэкi Дайва Нарбуцене паведаміла, што «атрымалася пазбегнуць расфарміраваня. Наадварот, у нас пачынаецца новы этап існавання. З канца мінулага года мы называемся Бібліятэкай імя Урублеўскіх. Таму хвалявацца не трэба».

Летась паўстала пытанне з расфарміраваннем бібліятэкі. Яе фонды планавалася перадаць профільным установам. Чым гэта пагражала б беларусам? У бібліятэцы знаходзіцца шмат матэрыялаў, звязаных з нашай краінай.

Бо яе фарміраванне адбывалася на аснове фондаў віленскага музея імя Івана Луцкевіча, публічнай бібліятэкі Вільні, у якой, дарэчы, знаходзіліся кнігі з Жыровіцкага манастыра, са шматлікіх зачыненых у Беларусі каталіцкіх кляштараў.

З далучэннем Літвы да Еўрапейскага Саюза, а затым і да Шэнгенскай зоны, трапіць у Вільню даследчыкам з Беларусі стала складана і дорага. Але гэта яшчэ магчыма. А ў выніку расфарміравання бібліятэкі папрацаваць з беларускімі дакументамі стала б увогуле цяжка. Бо вялікіх высілкаў вымагалі б пошукі месца іх знаходжання.

Праз бібліятэку Акадэміі навук Літвы прайшлі ўсе вядомыя айчынныя даследчыкі. Адам Мальдзіс, Генадзь Кісялёў, Вячаслаў Рагойша, Генадзь Каханоўскі… Літаратуразнаўца Арсень Ліс адзначае, што менавіта даследчыкі літаратуры найбольш папрацавалі з фондам 21 (так званым беларускім). Але і яны не ўсё вывучылі. Сп. Ліс кажа «пра рукапісы пісьменнікаў Заходняй Беларусі, якія яшчэ трэба адкрываць», а таксама іншых літаратараў.

Бібліятэка была заснавана ў 1941 годзе на базе бібліятэкі евангеліка-рэфармацкага сінода і Дзяржаўнай публічнай бібліятэкі Яўстахія і Эміліі Урублеўскіх як Цэнтральная бібліятэка Акадэміі навук Літоўскай ССР. 24 лістапада 2009 года ёй надалі імя Урублеўскіх.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?