Дакумент ужо накіраваны беларускім уладам. У ім пералічаныя як станоўчыя, так і адмоўныя моманты ўказа з пункту гледжання міжнародных экспертаў у галіне свабоды выказвання.

Пра гэта гаворыцца ў Рэгулярнай справаздачы, якую Прадстаўнік па свабодзе СМІ АБСЕ Міклаш Харашці падрыхтаваў для Пастаяннай Рады Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе. Справаздача прадстаўленая 4 сакавіка.

Паводле аналізу экспертаў АБСЕ, указ прэзідэнта Беларусі №60 «Аб захадах па ўдасканаленні выкарыстання нацыянальнага сегменту сеткі Інтэрнэт», падпісаны 1 лютага 2010 года, утрымлівае шэраг станоўчых момантаў,
у прыватнасці:

— інфармацыя аб органах улады і іншых дзяржаўных установах будзе больш даступная грамадзянам (у тым ліку журналістам), паколькі палажэнні ўказа прадугледжваюць адказнасць гэтых устаноў за размяшчэнне інфармацыі пра сваю дзейнасць на іх сайтах;

— аўтарскае права ў Інтэрнэце будзе абароненае;

— правайдэры Інтэрнэт-паслуг будуць праходзіць дзяржаўную рэгістрацыю паводле заяўнага прынцыпу;

— правайдэры Інтэрнэт-паслуг не будуць адказваць за інфармацыю, размешчаную ў Інтэрнэце.

«Што тычыцца гэтых спрыяльных палажэнняў указа, многае будзе залежыць ад таго, як яны будуць прымяняцца, — гаворыцца ў справаздачы. — Прававы інструмент, які будзе прымяняцца, павінен выключаць небяспеку абмежавання свабоды Інтэрнэту ў Беларусі».

Галоўныя падставы для занепакоенасці, якую выказалі эксперты АБСЕ, тычацца наступных палажэнняў указа:

— Указ абавязвае ўладальнікаў і адміністратараў інтэрнэт-клубаў і інтэрнэт-кавярняў праводзіць ідэнтыфікацыю іх наведвальнікаў, захоўваць гэтыя запісы і асабістыя дадзеныя карыстальнікаў. Гэткае ж правіла прымяняецца да тэхнічных сродкаў карыстальнікаў Інтэрнэт-паслуг, якія выкарыстоўваюцца дзеля падключэння да Інтэрнэту.

— Незразумела, хто і як будзе вызначаць сутнасць інфармацыі, у дачыненні да якой будзе атрыманы запыт на абмежаванне доступу. Вызначэнне тыпаў шкоднай інфармацыі паводле беларускага заканадаўства дазваляе прававую двухсэнсоўнасць катэгорый.

— У выпадку немагчымасці выканання загаду адпаведнага органа па выпраўленні парушэнняў ці перапыненні аказання Інтэрнэт-паслуг, адказнасць за змест пераходзіць на правайдэраў Інтэрнэт-паслуг, ўладальнікаў і адміністратараў пунктаў калектыўнага карыстання Інтэрнэтам.

— Пералік інфармацыі, якая мусіць быць размешчанай на вэб-сайтах органаў улады і іншых дзяржаўных установаў, вельмі абмежаваны.

— Указ патрабуе, каб у матэрыялах СМІ, якія распаўсюджваюцца праз Інтэрнэт, утрымліваліся гіперспасылкі на першакрыніцу інфармацыі. Гэта з’яўляецца дадатковым патрабаваннем да рэдакцый, якое не можа быць выканана ў выпадку, калі першакрыніцай не з’яўляецца крыніца ў Інтэрнэце.

Прымаючы да ўвагі вышэйадзначанае і той факт, што канкрэтныя правілы прымянення палажэнняў указа будуць распрацаваныя да 1 траўня, эксперт АБСЕ выказаў шэраг рэкамендацый, якія адпавядаюць абавязальніцтвам АБСЕ ў галіне свабоды СМІ. Вось пералік гэтых рэкамендацый:

— адмяніць абавязковую ідэнтыфікацыю карыстальнікаў Інтэрнэт-паслуг і іх тэхнічных сродкаў падключэння да Інтэрнэту;

— растлумачыць значэнне і працэдуру ўвядзення абмежаванняў і забаронаў на распаўсюд забароненай інфармацыі;

— растлумачыць сферы адказнасці правайдэраў Інтэрнэт-паслуг у выпадку немагчымасці выканання загаду адпаведнага органа па выпраўленні парушэнняў ці перапыненні аказання Інтэрнэт-паслуг;

— разгледзець магчымасць патрабавання да органаў улады і іншых дзяржаўных установаў публікаваць інфармацыю не толькі аб іх дзейнасці, але і аб выніках гэтай дзейнасці;

— адмяніць патрабаванне ўключаць гіперспасылкі на першакрыніцу інфармацыі ў матэрыялах СМІ, якія распаўсюджваюцца праз Інтэрнэт.

«Я спадзяюся, што гэтыя прапановы будуць улічаныя пры далейшай распрацоўцы заканадаўства, якое тычыцца Інтэрнэту ў Беларусі, — адзначыў Міклаш Харашці. — Мой офіс працягне дапамагаць Беларусі ў рэфармаванні заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі. Мы гатовыя разам з беларускімі ўладамі арганізаваць круглы стол па пытаннях заканадаўства ў галіне Інтэрнэт».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?