11 сакавiка (чацвер) у эфіры тэлеканала АНТ з’явiцца новая праграма «Выбар+», а з 15 сакавiка на канале пачне выходзiць абноўленая версiя «Выбару».

— Мы хочам прапанаваць гледачам не толькi ўдзельнiчаць у iнтэрактыўным галасаваннi, але i выказваць сваё меркаванне наконт тэмы i гасцей праграмы, — раскрывае сутнасць новаўвядзення аўтар i вядучы абодвух праектаў Сяргей Дарафееў. — Апытаннi сведчаць, што за апошнiя паўгода ў «Выбара» з’явiлася свая пастаянная аўдыторыя — гэта адукаваныя, актыўныя людзi са сваёй пазiцыяй i меркаваннем, гатовыя яго шчыра выказаць. Цяпер мы дамо такую магчымасць.

Сутнасць у тым, што ў ток‑шоу з’явiцца яшчэ адзiн «суразмоўца», акрамя экспертаў i вядучага — гэта SMS‑чат. Пакiнуць свае каментары ў эфiры гледачы змогуць, даслаўшы тэкставае паведамленне на кароткi нумар 9922. Прымацца i размяшчацца ў эфiры гэтыя паведамленнi будуць у другой частцы праграмы, у першай жа захаваецца iнтэрактыўнае галасаванне.

Акрамя таго, паведамiлi на тэлеканале, гледачам будзе прапанаваная i новая «ўпакоўка» ток‑шоу, якое зменiць графiчнае афармленне.

«Выбар» працягне выходзiць у панядзелкі у прамым эфiры.

А па чацвяргах тэму будзе працягваць яго дадатак — гэткi камерны варыянт ток‑шоу, на якiм у студыi з вядучым будзе знаходзiцца ўсяго адзiн цi два госцi.

«Падобны фармат добра знаёмы нашаму гледачу, — адзначае Сяргей Дарафееў, — хоць яго радзiма — ЗША, дзе праграмы такога кшлталту працягваюць збiраць вялiкую аўдыторыю. Мне i самому, прызнаюся, цiкава, хто яны — нашы чыноўнiкi, ад якiх залежыць у тым лiку мая бяспека i таўшчыня кашалька…».

Гасцямi «Выбару+», як плануецца, будуць самыя розныя асобы — як чыноўнiкi розных рангаў, так i вядомыя акцёры, мастакi, спартсмены, а таксама найбольш яркiя апаненты свежага выпуску ток‑шоу «Выбар».

Першым госцем у «Выбар+» стане мiнiстр культуры Беларусi Павел Латушка.

АНТ, чацвер, 23:30.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?