Эксперты выпалі ў асадак. Беларускі афіцыйны лідэр узяў ды і адмовіўся ад запрашэння спадарыні Грыбаўскайце. На ўрачыстасцях у гонар 20‑годдзя аднаўлення незалежнасці Літвы Беларусь прадставіць віцэ‑прэм’ер Віктар Бура.

Між тым аналітыкі былі ўпэўнены: Лукашэнка не ўпусціць выпадку выгадна пазіцыянаваць сябе на фоне Крамля. Бо Дзмітрый Мядзведзеў ад запрашэння адмовіўся яшчэ ў лютым. Цудоўны шанец для беларускага кіраўніка паказаць сваю незалежнасць і нават пэўную праеўрапейскасць, нічым па вялікім рахунку не ахвяруючы!

Бо менавіта так было ў пытанні прызнання/непрызнання Абхазіі і Паўднёвай Асеціі. Замурыжыўшы яго, Мінск выгадна прадаў Еўропе ўсяго толькі дэманстрацыю сваёй геапалітычнай лаяльнасці. І Брусель паставіў залік, прыглушыў патрабаванні адносна дэмакратызацыі да правоў чалавека.

Няўжо зараз, насупраць, Лукашэнка вырашыў прадэманстраваць лаяльнасць Маскве?

Наўрад ці, мяркуюць эксперты‑міжнароднікі. «Гэты матыў калі і праглядаецца, то толькі фонам, — гаворыць Андрэй Фёдараў. — Усё адно зараз ад Расіі чакаць падарункаў не выпадае. Галоўную ролю сыграла, відаць, тое, што Літва да апошняга цягнула з запрашэннем. Лукашэнка паказвае, што яму такі падыход недаспадобы».

Нагадаю: Грыбаўскайце ў лютым заявіла, што зможа запрасіць Лукашэнку толькі ў тым выпадку, калі будзе пералом у «справе Усхопчыка». Літве адстаўнога генерала, канечне, не выдалі, але ў Мінску дапыталі і пратакол у Вільню адаслалі. Так што жэст быў зроблены, і запрашэнне на ўрачыстасць у канцылярыі Грыбаўскайце ўсё ж выпісалі.

Але тут ужо беларускі афіцыйны лідэр вырашыў, як бачым, трымаць марку. Паводле Фёдарава, тым самым Мінск лішні раз падкрэслівае сваю пазіцыю у дачыненнях з Еўропай: ніякіх умоў, ніякай дыскрымінацыі!

Такі падыход ужо спарадзіў калізію вакол Еўранеста. Беларускія ўлады наўпрост адмаўляюцца дзяліць месцы ў гэтай структуры «Усходняга партнёрства» з апазіцыянерамі і прадстаўнікамі трэцяга сектара.

Дарэчы, на свята ў Вільню таксама запрошаны фігуры з ліку заклятых палітычных праціўнікаў. Напрыклад, першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч.

Зрэшты, наконт адмовы Лукашэнкі ўдзельнічаць у літоўскіх урачыстасцях 11 сакавіка аглядальнік‑міжнароднік Раман Якаўлеўскі мяркуе: рэч не толькі ў тым, што афіцыйны лідэр вырашыў паказаць гонар.

«Цалкам верагодна,

што госцю асабліва не было б чаго сказаць спадарыні Грыбаўскайце, — разважае аналітык.
— Успомнім, як зацягнулася іх размова ў верасні летась. Магчыма, з беларускага боку прагучалі шчодрыя абяцанні, якія, скажам так, не зусім рэалізаваліся».

Якаўлеўскі нагадвае: тады Лукашэнка быў запрошаны на эканамічны форум. І лагічна думаць, што тэт‑а‑тэт Грыбаўскайце магла весці гаворку пра перспектывы літоўскага бізнесу ў Беларусі. Зрэшты, з улікам таго, што яна працавала еўракамісарам, «інтарэсы Вільні і Бруселя маглі быць спрытна ўпакаваныя разам», падкрэслівае Якаўлеўскі.

Ну і, нарэшце, яшчэ адзін адчувальны момант. Згадаем: мінулай вясной перад устаноўчым самітам «Усходняга партнёрства» ў Празе таксама было падвешана пытанне аб запрашэнні Лукашэнкі. Аўтар гэтых радкоў тады пачуў ад аднаго еўрапейскага функцыянера на ўмовах ананімнасці: запрашэнне мы дашлём, але дамо зразумець, што першай асобе лепш не ехаць. Так і атрымалася: у Прагу быў адасланы віцэ‑прэм’ер Уладзімір Сямашка.

Гэта спецыфіка беларуска‑еўрапейскага дыялогу: Брусель нібыта і размарозіў дачыненні, але вось братацца з аўтарытарным лідэрам Беларусі палітыкі ЕС не спяшаюцца, каб апаненты не заклеймавалі за здачу прынцыпаў.

У гэтым жа канкрэтным выпадку — хто ведае, напрыклад,

наколькі гарыць жаданнем сустракацца з Лукашэнкам той самы Лех Качыньскі?

Бо абяцаная сумесная камісія ў пытанні Саюза палякаў так і не сабралася. Ды і ўвогуле, з гледзішча Варшавы — Мінск надта ж спецыфічна аддзячыў яе за пратэкцыю што да «Усходняга партнёрства».

Але беларускае кіраўніцтва не лічыць, што камусьці чымсьці абавязанае. З яго пункту гледжання — наадварот,

гэта Захад нарэшце стаў відушчым і адкінуў неканструктыўныя падыходы.

Паколькі цяпер заяў Лукашэнкі ў Вільні не пачуюць, можна меркаваць, што застаюцца актуальнымі леташнія. Тады ў літоўскай сталіцы прагучала, што «мы ні перад кім прагінацца не будзем», «мы не прымаем ніякага ўціску», «мы — суверэнная, незалежная краіна, і ў нас няма такіх абавязкаў, як у вас [Літвы], перад Еўропай».

У прынцыпе ўсё гэта ўкладваецца ў знакамітую канцэпцыю «прагматычнага дыялогу». Беларускае кіраўніцтва гатовае размаўляць з Еўропай пра тыя рэчы, якія маюць пах грошай. А дэмакратычныя фіглі‑міглі няхай пакінуць сабе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?