Міжнародныя рэзервовыя актывы (золатавалютныя рэзервы) Беларусі, разлічаныя па методыцы МВФ, скараціліся за студзень-люты 2010 года на 75,4 млн. долараў ЗША, або на 1,3%, да 5 млрд. 577,1 млн. долараў. Пры гэтым за люты яны павялічыліся на 303,9 млн. долараў (5,8%).

Як патлумачылі ў Нацыянальным банку,

рост золатавалютных рэзерваў у лютым стаў магчымы дзякуючы паступленню 625 млн. долараў за продаж чарговага пакета 12,5% акцый ААТ «Белтрансгаз».

Такім чынам, без уліку апошняга плацяжу ад «Газпрома», у выніку якога ён стаў уладальнікам 50% акцый «Белтрансгазу», аб’ём рэзерваў быў бы меншым на 321 млн. долараў.

Вата адзначыць, што за студзень гэтага года золатавалютныя рэзервы Беларусі скараціліся амаль на 380 млн. долараў,

або на 6,7%, да 5 млрд. 273 млн. долараў ЗША.

У 2010 годзе золатавалютныя рэзервы павінны павялічыцца на 0,5–1,83 млрд. долараў. Гэта прадугледжана Асноўнымі кірункамі грашова-крэдытнай палітыкі Беларусі на гэты год.

Аднак старшыня праўлення Нацбанка Пётр Пракаповіч заяўляе аб неабходнасці паскарэння тэмпаў росту золатавалютных рэзерваў Беларусі. На яго думку, да канца 2010 года золатавалютныя рэзервы неабходна павялічыць практычна ўдвая ў параўнанні з іх цяперашнім аб’ёмам. «Неабходна імкнуцца да таго, каб да канца гэтага года яны дасягнулі не менш чым 10 млрд. долараў ЗША», — заявіў Пракаповіч у сваім дакладзе.

Як паведамляў БелаПАН, дзякуючы знешнім пазыкам і крэдытам летась Беларусі ўдалося нарасціць золатавалютныя рэзервы больш чым на 2,5 млрд. долараў — да 5 млрд. 652,5 млн. долараў на 1 студзеня 2010 года. Пры гэтым варта ўлічваць, што за ўвесь 2009 год запазычанні ўрада і Нацбанка Беларусі на знешніх рынках, а таксама іншыя паступленні, залічаныя ў склад золатавалютных рэзерваў, склалі ўдвая больш — звыш 5,5 млрд. долараў.

Згодна з методыкай МВФ, міжнародныя рэзервы Рэспублікі Беларусь вызначаюцца як высокаліквідныя замежныя актывы, якія складаюцца з манетарнага золата, спецыяльных правоў запазычання Беларусі ў МВФ, рэзервовай пазіцыі краіны ў МВФ і валютных рэзерваў. Яны могуць быць аператыўна выкарыстаны для інтэрвенцый на валютных рынках для стабілізацыі курсу нацыянальнай валюты, фінансавання ўрадам імпарту тавараў і паслуг, разлікаў па пагашэнні і абслугоўванні дзяржаўнага знешняга доўгу, а таксама на іншыя мэты.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?