Нацыянальная зборная Беларусі па футболе здольная паспяхова выступіць у адборачным турніры чэмпіянату Еўропы‑2012.

Пра гэта заявіў галоўны трэнер зборнай Бернд Штанге 5 сакавіка на прэс‑канферэнцыі ў Мінску.

«Я абсалютна ўпэўнены, што наша стабільная каманда з некаторымі талентамі, якія да нас далучыліся, выступіць лепш, чым у папярэднім адборачным цыкле чэмпіянату свету», — сказаў ён.

Пры гэтым Штанге адзначыў, што ў сваёй адборачнай групе Беларусь з’яўляецца не самай моцнай камандай. «Францыя, Румынія, Боснія і Герцагавіна знаходзяцца на больш высокай пазіцыі ў рэйтынгу», — сказаў ён.

«Мы хутчэй аўтсайдары. Але і аўтсайдары маюць шанцы. І мы павінны імі скарыстацца», — дадаў Штанге.

Галоўны трэнер таксама паведаміў, што не зусім задаволены календаром адборачнага турніру, апошнія гульні якога зборная правядзе на выездзе супраць найбольш верагодных сапернікаў у барацьбе за другое месца — зборных Босніі-Герцагавіны і Румыніі.

«З іншага боку, з Францыяй на выездзе лепш гуляць с самага пачатку, а не ў сярэдзіне турніру, калі яна можа быць стомленай пасля чэмпіянату свету і калі ў яе можа змяніцца трэнер. Акрамя таго, з чэрвеня па верасень 2011 года зборная правядзе тры дамашнія матчы. Паспяховая гульня ў іх можа дапамагчы нам прабіцца на высокае месца ў табліцы», — сказаў Штанге.

Сапернікамі Беларусі ў групе D адборачнага турніру чэмпіянату Еўропы‑2012 акрамя Францыі, Румыніі і Босніі і Герцагавіны таксама з’яўляюцца зборныя Албаніі і Люксембурга.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?