Прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч падчас знаходжання ў Брусэлі чарговы раз парадаваў журналістаў. Падчас запісу інтэрв'ю каналу «Еўраньюс» В.Януковіч пераблытаў Косава з Сербіяй і Чарнагорыяй, а Паўночную Асецію — з Паўднёвай.
Гэта адбылося падчас гутаркі, калі журналіст спытаў Януковіча, ці прызнае Украіна незалежнасць Паўднёвай Асеціі і Абхазіі.
«Я выказаўся ў свой час, што мы супраць палітыкі двайных стандартаў. Гэта на прыкладзе Сербіі ... Ці, дакладней, прызнання незалежнасці Чарнагорыі ... Прызнання незалежнасці Косава»– сказаў прэзідэнт Украіны.
«Яшчэ тады было зразумела, што канфлікты на тэрыторыі замарожаных канфліктаў будуць толькі абвастрацца. І наступны яркім прыкладам быў прыклад Паўночнай Асеціі»– дадаў Януковіч, пераблытаўшы Паўночную Асецію з Паўднёвай.
«Мой пункт гледжання – мы павінны ў чарговы раз падкрэсліць, што міжнародныя правілы, якія павінны працаваць для ўсіх, не павінны мець выключэнняў» – таксама адзначыў украінскі лідэр.
На ўдакладняючае пытанне, ці гатовы Януковіч прызнаць незалежнасць Паўднёвай Асеціі і Абхазіі, ён адказаў: «На сённяшні дзень гэтае пытанне не стаіць на парадку дня. Мы мелі прэцэдэнт, які маглі не мець, але тым не менш, мы яго дапусцілі».
Пасля размовы прэзідэнта з «Еўраньюс» група суправаджэння Януковіча папрасіла журналіста пры падрыхтоўцы інтэрв'ю да эфіру падрыхтаваць яго так, каб гэтых памылак у канчатковай версіі не было.





