Першага намесніка міністра ўнутраных справаў Алега Пякарскага папрасілі пракаментаваць змены ў Адміністрацыйны кодэкс, якія забараняюць ужываць алкагольныя напоі ў грамадскіх месцах.
Найперш чыноўнік нагадаў, што кожны год ад атручвання алкаголем памірае 2 500 чалавек. А 40% усіх злачынстваў здзяйсняецца ў стане алкагольнага ап’янення. «За мяжой, у Еўропе, мы не бачым, каб моладзь збіралася ў нейкім грамадскім месцы для распіцця алкаголю», — зазначыў А.Пякарскі.
Міліцыянер выказаў засмучэнне, што своечасова не была дадзеная каманда Міністэрству гандлю для адкрыцця адпаведных установаў, дзе б прадаваліся на разліў спіртныя напоі.Не паспелі ў час зарыентавацца ў сітуацыі. Калі будзе дастаткова падобных установаў, то праблема з ужываннем піва ў грамадскіх месцах адпадзе сама сабой», — зазначыў намеснік міністра.
Алег Пякарскі даў жорсткую ацэнку са станам ужывання алкаголю грамадзянамі краіны. «Патрэбны час, каб грамадства ўсвядоміла, што гэта супрацьзаконна.
Калі ўжыванне алкаголю будзе працягвацца ў такой самай колькасці, то цяжка сказаць, што з намі будзе праз 15‑20 гадоў. Ці не будзе нашае грамадства дэфармаваным?», — запытваўся міліцыянт.
Прэс‑сакратар МУС Святлана Бароўская адзначыла, што ў шэрагу СМІ з’явілася інфармацыя аб тым, што піва нельга піць нават на балконе. Бароўская паспяшалася супакоіць, што на сваім балконе можна. Нельга на балконе пад’езда.





