Кандыдат медыцынскіх навук, галоўны ўрач ГТМА Бярозаўскага раёна Іосіф Дзежыц быў сярод тых грамадзян Беларусі польскай нацыянальнасці, хто падпісаў зварот да кіраўніцтва Польшчы.

У лісце падпісанты адзначаюць, што «беларуская дзяржава ніколі не парушала і не парушае правоў грамадзянаў». А «Борыс і яе невялікае атачэнне не ўпаўнаважаны рэпрэзэнтаваць інтарэсы польскай меншасці», «яны дыскрэдытавалі сябе парушэннем законаў нашай дзяржавы».

«Наша Ніва»: Іосіф Адольфавіч, можна задаць некалькі пытанняў адносна падпісанага Вамі звароту да кіраўніцтва Польшчы?

Іосіф Дзежыц: Я нічога не падпісваў.

«НН»: Ну як жа? А зварот грамадзянаў Беларусі польскай нацыянальнасці?

ІД: А, ну гэты падпісваў.

«НН»: А што падштурхнула да гэтага?

ІД: Ну гэта маё ўласнае меркаванне. Я не збіраюся ісці наперакор сумленню. У Беларусі насамрэч створаны ўсе ўмовы для развіцця нацыянальных меншасцяў. Усялякія спробы падзяліць палякаў на «нашых» і «нянашых» наканаваныя на правал. А то цяпер гэтая сітуацыя нагадвае вывяржэнне вулкана.

«НН»: А хто выходзіў на Вас з такой ініцыятывай?

ІД: Ніхто.

«НН»: Вы ў Саюзе палякаў, якім кіруе Станіслаў Сямашка?

ІД: Так. Узначальваю бярозаўскую суполку. Яна налічвае 43 чалавекі. Уваходжу ў склад кіраўніцтва Саюза. Сядзеў у прэзідыуме падчас з’езду. Мяне сябры па тэлевізары бачылі.

«НН»: А якія мерапрыемстве ладзіце?

ІД: Зборы, паездкі людзей у Польшчу. Вось апошнім часам у Гайнаўку ездзілі.

«НН»: А польскі бок дапамагае?

ІД: Якое дапамагае? Вось праходзіў наш з’езд у Гродна. Былі прадстаўнікі ад міністэрства, абласцей. А вось з польскага пасольства нікога не было.

«НН»: А кажуць жа, што існуюць «чорныя спісы» для сяброў афіцыйнага СПБ.

ІД: Так, ёсць такое. Але супраць нас не ўжывалася. Заўсёды выдавалі візу, калі прасілі. У Польшчы ў мяне прыяцелі дактары ёсць.

«НН»: А што Вы можаце сказаць пра дзейнасць СПБ на чале з Анжалікай Борыс?

ІД: Я яе толькі па тэлевізары бачыў. Яна ігнаруе ўсе нашы пасяджэнні. Яе б многія хацелі пабачыць. Перагаварыць на тэмы, якія нас хвалююць, абмеркаваць. Нельга дзяліць палякаў. Мы адна этнічная група, якая павінна развівацца. А цяпер вось ідзе такая напружанасць, якая нагнятаецца звонку. У Борыс ёсць свая пазіцыя, ніхто не можа забараніць ёй яе выкладаць. Але цяпер яна займаецца нейкім раздзёргваннем сітуацыі. Мы хацелі б пачуць яе з першых вуснаў. Мой варыянт вырашэння пытання — круглы стол.

«НН»: А калі вы прыйшлі ў Саюз?

ІД: У 2005 годзе. На тым з’ездзе, дзе абіралі Борыс, мяне не было. Але быў на двух наступных — у Ваўкавыску і Гродна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?