Газета «Рэспубліка» апублікавала ліст за подпісам старшыні Савета Мінскай абласной арганізацыі ветэранаў Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў, ганаровага грамадзяніна Мінскай вобласці Аляксандра Слабады.

У лісце гаворыцца, што «ветэраны Вялікай Айчыннай вайны Мінскай вобласці глыбока абураныя блюзнерскім выкарыстаннем у назве недзяржаўнага электроннага СМІ святых для нас словаў «Беларускі партызан».

Выкарыстанне ў назве сайта словазлучэння «Беларускі партызан», па словах Слабады, «абражае ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны тым, што правакацыйныя матэрыялы, якія размяшчаюцца ў інтэрнэце пад гэтым загалоўкам, носяць ярка выяўлены, перадузяты, адкрыта антыбеларускі характар».

Як піша аўтар ліста або пішуць за яго: «Рэдакцыя гэтага СМІ дае трыбуну так званым «незалежным палітыкам» і «экспертам», якія жывуць побач з намі на беларускай зямлі і пры гэтым не саромеюцца абліваць брудам народ Беларусі, яго кіраўніцтва, свядома ігнаруюць поспехі, дасягнутыя за гады існавання Рэспублікі Беларусь, і ставяць знак роўнасці паміж словамі «партызан» і «апазіцыянер».

Вось як пракаментаваў ліст ветэранаў адзін са стваральнікаў сайта Павал Шарамет: «У гады вайны мая прабабуля была сувязной партызанскага атрада і захоўвала дома сцяг дывізіі Чырвонай арміі. Яе здала паліцаям суседка. Прабабулю павесілі фашысты, і яе імем названая вуліца ў горадзе Асіповічы. Яе сын Мікалай — мой дзед — быў байцом партызанскага атрада. Мой другі дзед Станіслаў, афіцэр Чырвонай арміі, прайшоў праз канцлагер, збег, таксама партызаніў.
На жаль, іх даўно няма з намі. Я вельмі люблю сваіх дзядоў і часта ўзгадваю іх добрыя вочы і мудрыя парады. Сапраўдных ветэранаў засталося мала, пра іх трэба клапаціцца, таму спадара А.І. Слабаду я вельмі прашу не нервавацца і паберагчы здароўе, таму што ў беларускай дзяржаве хапае больш важных праблемаў, чым вайна супраць сайта «Беларускі партызан».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?