30 гадоў таму на алімпійскім хакейным турніры здарылася неверагоднае.

Хакейная зборная Беларусі ў Ванкуверы мае неблагі шанец выйсці ў чвэрцьфінал. Але для таго, каб заняць прызавое месца, патрэбны сапраўдны цуд. Між іншым, цуды ў спорце, у тым ліку, у хакеі часам здараюцца. Праўда, над гэтым трэба доўга і ўпарта працаваць…

Акурат 30 гадоў таму, 22 лютага 1980 года на Алімпіядзе ў Лэйк‑Плэсідзе адбылося тое, што ўвайшло ў гісторыю як Miracle on Ice — «Цуд на лёдзе».

Зборная СССР, шматразовы чэмпіён свету і Аліміпійскіх гульняў, лічылася безумоўным фаварытам хакейнага турніра. Напярэдадні яна выйграла ў Канадзе Кубак выкліку (Challenge Cup), прычым у фінале перамагла канадскую зборную з лікам 6:0. На пачатку лютага савецкая каманда разграміла алімпійскую каманду ЗША ў выставачным матчы 10:3 (!)

Аднак, на Алімпіядзе зборная Злучаных Штатаў выйграла ў СССР. Пры тым, што паводле хады гульні савецкая каманда тройчы выходзіла наперад, канчатковы лік быў 4:3 на карысць ЗША. (Апошнія восем хвілін матча іх каманда толькі абаранялася пад шквалам атак савецкіх хакеістаў). У выніку ЗША заваявалі «золата», а СССР «срэбра». Цікава, што Злучаным Штатам у Лэйк‑Плэсідзе удалося паўтарыць алімпійскі поспех дваццацігадовай даўніны ў амерыканскім Скво‑Вэлі.

Пару гадоў таму Міжнародная федэрацыя хакею на лёдзе (IIHF) афіцыйна прызнала алімпійскі матч ЗША — СССР у Лэйк‑Плэсідзе матчам дваццатага стагоддзя.

Трэнер тагачаснай амерыканскай зборнай Герб Брукс (псіхолаг паводле спецыяльнасці) за год да пачатку турніра сабраў каманду, якая на палову складалася з аматараў — прадстаўнікоў студэнцкіх каманд. Астатнія былі з ліку хакеістаў НХЛ, выстаўленых на драфт. Сярэдні ўзрост гульцоў складаў 21 год. Ніхто з іх не мог нават параўнацца з такімі «зоркамі» як Траццяк, Харламаў, Мальцаў, Міхайлаў, Касатонаў, Фяцісаў, што прыехалі на Алімпіяду. (І гэта далёка не ўвесь спіс.)

У папярэднім турніры ЗША з цяжкасцю звялі матч унічыю са Швецыяй, але нечакана выйгралі ў ЧССР (7:3). У наступных гульнях яны перамаглі ў сваёй падгрупе Нарвегію (5:1), Румынію (7:2) і Заходнюю Германію (4:2). Савецкі Саюз на першым этапе выйграў у Японіі (16:0), Нідэрландаў (17:4), Польшчы (8:1), Фінляндыі (4:2) і Канады (6:4).

Дарэчы, на алімпіядзе ў Лэйк‑Плэсідзе не было фінальнага матча. У фінальную пульку ўвайшлі па дзве лепшыя каманды з дзвюх падгрупаў — Швецыя, ЗША, СССР і Фінляндыя, прычым з улікам вынікаў сустрэч гэтых каманд у сваіх падгрупах. Так што пасля перамогі над савецкай камандай амерыканцам давялося яшчэ перамагаць фінаў — 4:2.

Але нічога падобнага таму, што адбывалася на трыбунах і ва ўсёй Амерыцы падчас матча СССР‑ЗША, не было, бадай, ні да яго, ні калі‑небудзь пасля.

Зразумела, на тое былі яшчэ і палітычныя падставы. У 1980 урад ЗША, а таксама кіраўніцтва іншых заходніх краін абвясцілі байкот СССР у сувязі з савецкай інтэрвенцыяй у Афганістан у снежні 1979. Але Злучаныя Штаты не сталі замінаць удзелу савецкіх спарстменаў у Алімпіядзе ў Лэйк‑Плэсідзе. Эфект выйгрыша каманды ЗША, якую спачатку ніхто не разглядаў у якасці магчымага прэтэндэнта на перамогу, быў ашаламляльны. Інфармацыйны цэнтр ТАСС у Лэйк‑Плэсідзе на наступны дзень пасля неверагоднага матчу быў папросту зачынены. Савецкія журналісты‑каментатары не ведалі, што казаць.

Але ўсё такі, гэтая гісторыя — не пра палітыку. Даўно няма Савецкага Саюза. (Хоць за адсутнасцю хакейнай зборнай СССР некаторыя «заўзятары» ў Беларусі па старой звычцы жадаюць перамогі расійскай камандзе). Даўно скончылася халодная вайна. А цяперашнія дзеянні амерыканцаў і іх саюзнікаў у вайне супраць талібаў у Афганістане Расея нават ускосна падтрымлівае.

Маладыя хакеісты зборнай ЗША, як і яе трэнер, не былі агентамі ЦРУ ці спецназаўцамі.

І адзінай зброяй у іх руках былі клюшкі.
А яшчэ — азарт і страснае жаданне выйграць, абараніць гонар нацыянальнага сцяга. Можа, гэта галоўнае, чаго не стае беларускім хакеістам, каб аднойчы здзейсніць цуд?

 Адзін раз у гісторыі часопіс Sports Illustrated выйшаўу сакавіку 1980 г. без тлумачальнага загалоўка на вокладцы,проста змясціўшы фота пасля фінальнай сірэны.

Адзін раз у гісторыі часопіс Sports Illustrated выйшаў
у сакавіку 1980 г. без тлумачальнага загалоўка на вокладцы,
проста змясціўшы фота пасля фінальнай сірэны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?