Беларускі сцэнарыст Андрэй Курэйчык заключыў кантракт на напісанне сцэнару са студыяй «Базілеўс» Цімура Бекмамбетава.

Андрэй Курэйчык.

Андрэй Курэйчык.

Андрэй Курэйчык прыме ўдзел у праекце «Новы год крочыць па краіне» — галоўнай расійскай навагодняй прэм’еры 2011 года. Пра гэта газеце «Известия» распавёў сам Цімур Бекмамбетаў.

У фільма незвычайны фармат. Ён будзе здымацца некалькімі рэжысёрамі, але стане не традыцыйным ужо альманахам, а адзінай гісторыяй з рознымі лініямі, якія пераплятаюцца. Найбліжэйшы аналаг — брытанскае «Рэальнае каханне» Рычарда Кёрціса. Крыніцай натхнення Бекмамбетаў таксама называе фільм Джыма Джармуша 1991 года «Ноч на зямлі», які складаецца з пяці гісторый, расказаных пяццю таксістамі з пяці розных гарадоў. Але гэта ўсё, хутчэй, прыклады для напісання сцэнару. Выпадку, каб падобны фільм здымалі не адзін і не два, а каля дзесяці рэжысёраў, пакуль не было.

Для ўдзелу ў праекце запрошаны самыя лепшыя сілы расійскага кінематографа. Па словах прадстаўнікоў студыі «Базілеўс», вядуцца перамовы з Паўлам Чухраем, Фёдарам Бандарчуком, Пётрам Бусловым («Бумер»), Аляксеем Сідаравым («Брыгада»), Аксанай Бычковай («Піцер FM»), Рэза Гігінеішвілі («Спякота»).

Мяркуецца, што ў здымках прымуць таксама ўдзел прадзюсер праекта Цімур Бекмамбетаў і рэжысёры «Чорнай маланкі» Аляксандр Вайцінскі і Дзмітрый Кісялёў. На «Базілеўсе» патлумачылі, што зводзіць разам лініі, знятыя рознымі рэжысёрамі, хутчэй за ўсё, будзе сам Бекмамбетаў.

Як распавёў Фёдар Бандарчук, ён даў папярэднюю згоду на ўдзел у праекце, паколькі яму падабаецца каманда, якая збіраецца, — «калі, вядома, хто-небудзь не саскочыць». Па словах Фёдара, ён прачытаў сінопсіс і абраў лінію, якая здалася яму асабіста найбольш пацешнай.

«Для мяне велізарны гонар працаваць у камандзе «Базілеўса». Па задуме, гэта той самы праект, у якім адначасова збіраецца рэжысёрская і сцэнарная эліта Расіі, і я вельмі рады, што мяне запрасілі ў яго. На сёння студыя Бекмамбетава — гэта самая «галівудская» студыя ў Расіі, а ён адзіны рэжысёр, які на роўных здымае ў Галівудзе. Узровень прафесіяналізму тут вельмі высокі, — паведаміў Андрэй Курэйчык. —

Мне даручана напісаць адразу тры гісторыі, і ў іх ліку цэнтральную, на якую будуць «нанізаны» ўсе астатнія гісторыі. Упэўнены, што гэта будзе вельмі незвычайнае, радаснае, навагодняе кіно!»
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?