Прэм’ер‑міністр Беларусі Сяргей Сідорскі сёння на пасяджэнні аргкамітэта па падрыхтоўцы да чэмпіянату свету па хакею 2014 года, які пройдзе ў Мінску, выказаў незадаволенасць тым, як ідзе падрыхтоўка да сусветнага форуму.

Прэм’ер‑міністр выказаў прэтэнзіі да Міністэрства спорту і турызму, якое, на яго погляд, не забяспечвае належную інфармацыйную падтрымку маючага адбыцца турніру. «На вашым сайце вядзецца адваротны адлік дзён да Гульняў у Ванкуверы‑2010. Гэта ўсё добра, але ніхто не ведае, колькі засталося часу да чэмпіянату свету па хакею ў Беларусі. Ніхто адлік не вядзе», — адзначыў ён, звяртаючыся да міністра спорту і турызму Алега Качана.

Сяргей Сідорскі таксама звярнуў увагу на слабую актыўнасць у прыцягненні інвестараў для будаўніцтва інфраструктуры да чэмпіянату свету.

«Калі вы не разумееце, аб чым я гавару, то паглядзіце, якая піяр‑кампанія разгорнута ў Расіі па папулярызацыі зімовай Алімпіяды‑2014 у Сочы.

Мы дамовіліся, што ў снежні мінулага года вызначымся з сімволікай. Яна патрэбна для таго, каб у свеце ўсе адчувалі, што ў нас ў 2014 годзе пройдзе чэмпіянат свету. Каб інвестары пачалі змагацца за права ўдзельнічаць у падрыхтоўцы да чэмпіянату свету. Час ідзе, а аб’ём работы трэба зрабіць яшчэ вельмі вялікі», — падкрэсліў прэм’ер‑міністр.

Ён заклікаў членаў аргкамітэта дакладна прытрымлівацца графіка па падрыхтоўцы да чэмпіянату свету: «Неабходна, каб план дакладна выконваўся. Я з першага дня паставіў кантроль над кожнай кропкай і коскай. Неабходна разабрацца, што сарвана і кім».

Прэм’ер‑міністр таксама выказаў незадаволенасць тым, што да гэтага часу не зацверджаны талісман чэмпіянату свету.

Алег Качан растлумачыў гэта слабай актыўнасцю насельніцтва і прадпрыемстваў, для якіх нацыянальнай федэрацыяй хакея быў аб’яўлены конкурс. Аднак, паколькі дастойных варыянтаў недастаткова, конкурс быў прадоўжаны. Міністр спорту і турызму паабяцаў, што талісман афіцыйна будзе зацверджаны да 1 ліпеня гэтага года.

Сяргей Сідорскі растлумачыў важнасць аператыўнага зацвярджэння талісмана тым, каб інвестары маглі выкупіць права выкарыстоўваць сімволіку на сваёй прадукцыі. А атрыманыя грошы можна было б пусціць на будаўніцтва інфраструктуры.

Прэм’ер‑міністр таксама выказаў здзіўленне наконт таго, што да гэтага часу не запушчана латарэя,

прысвечаная чэмпіянату свету‑2014, даходы ад якой павінны стаць дадатковай крыніцай фінансавання падрыхтоўкі да чэмпіянату свету.

Алег Качан расказаў, што з 1 сакавіка з’явіцца відэаролік, прысвечаны хакейнаму чэмпіянату свету ў Мінску.

У якасці галоўнага білетнага аператара першынства планеты разглядаецца кампанія Ticket‑Pro, якая займалася распаўсюджваннем білетаў на Матч зорак КХЛ, які прайшоў на «Мінск‑Арэне».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?