У Дзяржаўным музеі беларускай літаратуры (Мінск, вул. Багдановіча, 13) адкрылі выставу «Васіль Быкаў. Шлях, вызначаны лёсам».

Дырэктар музея Лідзія Макарэвіч упэўнена, што гэта пачатак шырокага раскрыцця асобы пісьменніка. Яна паведаміла, што адным з ініцыятараў стварэння выставы быў міністр культуры Беларусі Павел Латушка. Міністр не змог прысутнічаць на адкрыцці. Але яго намеснік Тадэвуш Стружэцкі сказаў, што «за гэтай выставай будуць наступныя выставы. Напэўна, будзе задача і магчымасць стварэння і асобнага музея».

Кіраўнік клуба «Спадчына» Анатоль Белы адзначыў, што выстава паўстала толькі пасля стварэння на грамадскіх пачатках музеяў Васіля Быкава ў Старых Дарогах і Гродне. Але ён яшчэ ўсцешаны, што ў нашай краіне пакуль магчыма праявіць хоць нейкую ініцыятыву.

Сябра Быкава Генадзь Бураўкін казаў пра фашызм, які сёння «падымае галаву». Але «перамагчы могуць не танкі, а перамагчы можа толькі святло ў чалавечых душах», — сказаў паэт. Ён параіў прысутным «перачытаць творы Быкава, каб зразумець дзеля чаго ён кроў праліваў».

На адкрыцці выставы прысутнічалі і замежныя дыпламаты. Пасол Польшчы Генрык Літвін і пасол Украіны Ігар Ліхавы. Сп. Ліхавы прадэманстраваў свае поспехі ў вывучэнні роднай для Васіля Быкава мовы. Ён прамаўляў па-беларуску.

Выстава знаёміць з творчым шляхам Васіля Быкава, асноўнымі этапамі яго жыцця і літаратурнай дзейнасці. Але акцэнт зроблены на ваенным перыядзе. У экспазіцыі прадстаўлены фотаздымкі, лісты, нататнік пісьменніка.

 Лідзія Макарэвіч

Лідзія Макарэвіч

Намеснiк міністра культуры Тадэвуш Стружэцкі, пасол Украіны Ігар Ліхавы, пасол Польшчы Генрык Лiтвiн

Намеснiк міністра культуры Тадэвуш Стружэцкі, пасол Украіны Ігар Ліхавы, пасол Польшчы Генрык Лiтвiн

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?