Некалькі словаў, не вымаўленых каля Першамайскага РУУС. Піша Андрэй Дынько.

Імжыць у Менску. Пастаіш паўгадзіны на асфальце, і холад дабіраецца ў ступакі, хоць на нагах боты зімовыя і не зношаныя. Перад Першамайскай райуправай перамінаюцца два дзесяткі акуратна апранутых людзей — сябры і сваякі затрыманых. Ганак двухпавярховага сталінскага пастарунка вартуюць два сяржанты: адзін рыжы, другі проста цыбаты. Унутры трымаюць пяцёх затрыманых у часе вывешвання сцягоў на праспекце. У галоўныя дзверы правялі пад канвоем двух затрыманых братаноў. Куртку з чалавека знялі, кажуць.

А палове на дванаццатую з бакавой брамы выпускаюць Юлію Дарашкевіч. Кажу яе мужу: спяшаўся сюды, кветак не купіў. Ёй лепей мяса, а не кветак, адказвае муж. Барадаты, ён ці праўду кажа, ці экстрапалюе на жонку свае прэферэнцыі. Мяса ў мяне ў машыне акурат ляжыць. Пасля працы купіў у «Кавалачку» кароткую паляндвічку. Ехаў дамоў, калі паведамілі, што нашу фотакарэспандэнтку затрымалі.

Юля ўся гордая тым, што не дала сябе абшукаць і ператрэсці апаратуру. Яе аж скаланае пасля чатырох гадзінаў няпэўнасці. Кранаю яе за плячо. Аддаю пакет з паляндвіцай. Кажу дзякуй за прафесіяналізм.

Вяртаюся на хвілю да гуртка моладзі і бацькоў на ганку. Ім толькі што абвесцілі, што на затрыманых складзеныя пратаколы пра адміністрацыйнае правапарушэнне. Магло быць і лепш. Напэўна, начальства моцна раззлаванае: сто нацыянальных сцягоў вывешана на праспекце. Прагапілі!

Мне дамоў, да дзяцей, а хлопцы і дзяўчаты застаюцца стаяць. Лысая галава Афнагеля ў цэнтры кола. Там сябры ўнутры.

Стаіць каля іх і Ўладзь Грыдзін. Яму смыліць карак. Натаўклі прапар з сяржантам — два дэбілы. Грыдзін проста здымаў. Як і наша Юля.

Сыходзяць з працы стомленыя руцінай і рызыкай міліцыянты. Адзін адводзіць убок легендарную Любу Лунёву і пачынае ёй горача нешта даказваць. Гэтыя міліцыянты не дэбілы, яны ўсё разумеюць.

Я так прастаяў толькі адзін вечар. Я жыву камфортным жыццём.

Імжыць на чорны Менск, плямамі плывуць вокны.

Кажу «Да пабачэння». Кажу, цішэй: «Трымайцеся».

«Да пабачэння», адказваюць мне.

Шкадую, што не сказаў «Жыве Беларусь!». Тут гэта было так дарэчна. І адказ прагучаў бы з вуснаў тых, хто варты гэтага слова: «Жыве!».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0