Пра эпізод з мемуараў Пятра Садоўскага «Мой шыбалет» піша прафесар Алесь Каўрус.

Патэлефанаваў знаёмы навукоўца і ў гутарцы між іншым паведаміў, што чытаў пра мяне ў мемуарах Пятра Садоўскага «Мой шыбалет»: «Напісана ў цэлым станоўча, але крыху ў гумарыстычным плане…»

Выявілася, што Пётра Садоўскі ўзнаўляе абставіны майго звальнення з працы ў Інстытуце мовазнаўства АН БССР, дзе я займаў пасаду старэйшага навуковага супрацоўніка. Галоўным чынам ён апісвае «пашыранае пасяджэнне навуковай рады» гэтага інстытута, якое адбылося, паводле яго слоў, увосень 1973 года (насамрэч разглядалася мая «справа» 22 сакавіка 1974 года).

Аўтар піша так, як хоча і як можа. Дый жанр аповеду — успаміны — непазбежна схіляе да фантазіі, а талент пісьменніка — да выкарыстання іроніі, гумару. І ўсё ж не варта мемуарысту забывацца на што‑колечы і з прафесійнае сферы — дыпламатыі, а менавіта на такт.

Не маю права адмаўляць, што, паводле сведчання П.Садоўскага, гаварылася на пасяджанні — я там не быў. Натуральна, не мог тады бачыць П.Садоўскі і мяне — «невысокага чалавека, ці то хворага, ці то спужанага», «спужана‑хворага чалавека».

Акурат тым часам (удзень) мы з Валянцінам Рабкевічам знаходзіліся ў маім інтэрнацкім пакоі (побач з тагачасным будынкам БелСЭ, дзе працаваў Валянцін) і палуднавалі. Была і чарка. Не як для «спужана‑хворых» людзей!

Чаму я не пайшоў на пасяджанне? Папытаўся ў дырэктара Інстытута мовазнаўства М.Судніка, ці зменіць што мая прысутнасць. Ён сказаў, што фактычна ўсё вырашана, паступілі нейкія сакрэтныя матэрыялы… А мне, прызнаюся, не хацелася бачыць, як пры змене абставін былыя калегі робяцца амаль класавымі ворагамі.

Але вернемся да ўспаміну Садоўскага: «Выступілі яшчэ некалькі абураных. Вінаватага (г.зн. мяне — АК) выставілі перад залай. Ён маўчаў, не агрызаўся, значыць, каяўся».

Шкада, што такая карыкатурная абмалёўка «згорбленай постаці» «нацыяналіста» можа прымацца на веру чытачом.

У сапраўднасці ж было інакш. Пры допыце як сведкі ў КДБ (там засталося маё пісьмовае тлумачэнне) я ні пра каго не нагаворваў, а пазней у заявах‑зваротах у высокія інстанцыі не мог прызнаваць прыпісванай мне віны.

Дарэчы, тэкст П.Садоўскага — не першая спроба стварэння міфаў вакол «справы» акадэмічных навукоўцаў. На адну з іх я адгукаўся ў друку, даводзячы, што падпольнай групоўкі з маім удзелам не існавала («Наша слова», 15.09.1993).

Клас
4
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
1

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?