Колькі было шуму‑галасу вакол рэформы беларускага правапісу!

Нарэшце ўсё сцішыліся. Асабліва зарадаваныя лінгвісты‑нармадаўцы. Новыя правілы, у якіх знайшла адлюстраванне іх навуковая і грамадзянская пазіцыя (у тым ліку адмова перадаваць на пісьме асіміляцыйную мяккасць зычных з дапамогай літары Ь), узаконеныя і ўступаюць у дзеянне з 1 верасня 2010 года.

І ўсё ж бура пакінула след у свядомасці грамадства, найперш інтэлігенцыі. Памацнела боязь некаторых рэдактараў. Крый Божа парушыць «правапіс»! Нярэдка ў гэтае паняцце ўкладаюць граматыку і нават лексіку.

Усведамляючы ўсю важнасць правілаў арфаграфіі, мы не павінны выпускаць з‑пад увагі іншыя аспекты ўжывання слова, пытанні культуры мовы і стылістыкі.

Каб дапамагчы настаўнікам (а праз іх і вучням) авалодаць новымі правіламі, акадэмічныя лінгвісты А.Лукшанец, Л.Кунцэвіч, І.Кандраценя даюць да іх тлумачэнні («Роднае слова». 2009. №1—9). Праўда, засяродзіўшыся на пытаннях правапісу, яны часам недастаткова патрабавальна ставяцца да падрыхтоўкі публікацыі ў цэлым.

Так, у каментарах да правапісу зычных чытаем: «У вершаваных тэкстах для захавання рыфмы замест у складовага можа пісацца ў нескладовае (і наадварот): «Ў добры час на улонні вясковым, дзе вадзіца крынічная б’е, навучыўся я матчынай мове і задуманых песняў яе» (Л.Гаўрылкін //Роднае слова. 2009, №6).

Адразу мусім паправіць мовазнаўцаў: не празаік Л.Гаўрылкін напісаў верш, а паэтка Ларыса Геніюш. Мо ў нейкіх лінгвістычных картках‑прыкладах прозвішча і імя пісьменніка былі пададзеныя скарочана: ЛГ. А каментатары скарачэнне раскрылі наўздагад. Ці які дасціпнік пажартаваў? Але ж цяпер мовазнаўцы «падмацаваліся» за кошт даследчыкаў з Інстытута літаратуры — аб’яднаныя ў адной акадэмічнай установе. І маюць усе магчымасці паспяхова вырашаць праблемы аўтарства тэксту.

Але будзьма паблажлівымі да навукоўцаў і рэдакцыі часопіса (на жаль, у друку нельга ўнікнуць недаглядаў, апісак).
Куды горш тое, што, падаючы сказ‑ілюстрацыю да правіла, лінгвісты не заўважылі ў ім моўнай хібы. Дзеяслоў «навучыўся» мае пры сабе два залежныя, злучаныя пры дапамозе злучніка «і» назоўнікі — «мове», «песняў». Ужытыя як аднародныя дапаўненні, яны павінны мець форму або толькі давальнага (мове, песням), або толькі роднага склону (мовы, песняў).

Напэўна, пры публікацыі верша аўтарскае словазлучэнне «навучыўся матычнай мовы» паправілі паводле сучаснай граматычнай нормы (навучыўся матчынай мове).

Калі б назоўнікі былі паслядоўна ўжытыя ў форма роднага склону (мовы, песняў), памылкі не было б. Такія варыянты вядомыя: «Наўчыўся я слоў беларускіх ад маці» (Я.Купала). Параўнаем таксама: «Вучыць на ўсякае дамаводства» (Ф.Янкоўскі). Вучыць (вучыцца) на добрае (з жывога маўлення).

Прыкра бачыць і граматычныя хібы ў тэксце навукоўцаў, адрасаваным шырокай чытацкай аўдыторыі: «Гэтае правіла важна з пункту погляду адрознення правапісу гэтых слоў у беларускай і рускай мовах».
Тут прыметнік ніякага роду ў функцыі выказніка павінен мець поўную форму: правіла важнае. Слова «важна» было б на месцы ў такім, напрыклад, сказе: «Гэтае правіла важна ведаць, каб адрозніваць правапіс слоў…»

Як сказаў А.Лукашанец, у хуткім часе будуць падрыхтаваныя ў выглядзе асобнага выдання каментары да новай рэдакцыі правілаў арфаграфіі і пунктуацыі (Звязда. 16.09.2009). Будзем спадзявацца, аўтары ўважліва перачытаюць рукапіс і выправяць адзначаныя ды іншыя хібы.

Клас
7
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?