Брэст

Калі не звяртаць увагі на кватэры, якія прадаюцца ў старых драўляных дамах з пячным ацяпленнем і туалетам на вуліцы, то самая танная ў Брэсце — за 17 700$.

Столькі просяць за аднапакаёўку, якая месціцца на першым паверсе пяціпавярховага дома 1970 года пабудовы. Агульная плошча кватэры — 20,9 м².

«Цёплая кватэра ў жылым стане, ёсць падвальнае памяшканне, развітая інфраструктура», — гаворыцца ў апісанні.

Нягледзячы на самую нізкую цану, пры неабходнасці ў гэтую кватэру можна заязжджаць адразу пасля куплі. 

Другая па цане кватэра Брэста ацэнена ў 18 000$, столькі каштуе аднапакаёўка ў цагляным доме 1999 года пабудовы па вуліцы Лейтынанта Рабцава. 

Як і ў папярэднім варыянце, гаспадары ацэнваюць стан кватэры, як «жылы». З мэблі ў асноўным пакоі маецца аднаспальны ложак, шафа і маленькі стол. У апісанні кажуць, што могуць пакінуць мэблю па дамоўленасці. 

Агулам у Брэсце прадаецца каля двух дзясяткаў кватэр па цане да 20 тысяч даляраў.

Віцебск

Самая танная кватэра Віцебска з ліку тых, дзе ёсць цэнтральнае ацяпленне і санвузел у кватэры, выстаўлена на продаж за 15 000$. 

Агульная плошча аднапакаёўкі 36 м². Плошча асноўнага пакою — амаль 20 «квадратаў». У доме 1958 года пабудовы быў праведзены капітальны рамонт з заменай труб і батарэй. Сцены будынка ўцеплены тэрмашубай.

 

У кошт жытла ўваходзіць мэбля, кватэра прадаецца з адзнакай «тэрмінова».

За 15 500$ у Віцебску можна купіць двухпакаёўку ў цэнтральнай частцы горада. Агульная плошча кватэры усяго 29 м². Месціцца яна на трэцім паверсе старога трохпавярховага дома, які летась перажыў капітальны рамонт.

Стан кватэры сведчыць пра тое, што пражыванне адразу пасля куплі ў ёй наўрадці магчымае. 

Сярод пераваг прадаўцы адзначаюць высокія столі, шырокія аконныя праемы, развітую інфрастуктуру і магчымасць перарабіць двухпакаёўку ў зручную кватэру-студыю.

Вынікае, што самыя танныя кватэры ў Віцебску каштуюць прыкладна на 2-3 тысячы даляраў менш, чым у Брэсце.

Гомель

У самым буйным абласным цэнтры Беларусі можна набыць аднапакаёўку за 11 500$. У такую суму ацэньваюць кватэру на першым паверсе 9-павярховага дома 1978 года пабудовы па адрасе вуліца 60 год СССР, 15. Агульная плошча кватэры 20,7 м².

«Добра развіта інфраструктура, у пешай даступнасці садкі, школы, прыпынкі грамадскага транспарту, крама, паліклініка. У кватэры ніхто не прапісаны. Прадаю без пасярэднікаў», — гаворыцца ў аб'яве.

Наступная па цане кватэра ў Гомелі ацэнена ў 12 300 даляраў. 

Гэтая аднапакаёўка таксама месціцца на першым паверсе цаглянага 9-павярховіка. Бадай, галоўнае адрозненне ад папярэднягя варыянта — наяўнасць пластыкавых вокнаў і стальных уваходных дзвярэй.

«Новыя вокны ПВХ, побач «Еўраопт» і зялёная зона. Цана канчатковая», — рэкламуе прадавец. 

Агулам у Гомелі прадаецца больш за дзесяць паўнавартасных кватэр коштам да 15 тысяч даляраў.

Гродна

Самая танная кватэра ў Гродне ацэнена ў 17 700$. Столькі просяць за аднапакаёўку ў гістарычным цэнтры горада плошчай 17,3 м². Натуральна, што ўсе памяшканні ў ёй вельмі сціплых памераў, з-за гэтага душ месціцца не ў санвузле, а на кухні. 

Дом размешчаны ў ціхім месцы з прыгожым унутраным дворыкам. Устаноўлены пластыкавыя шклопакеты, вышыня столяў 3,43 метра, апісваюць кватэру гаспадары.

Другая з самых танных кватэр у Гродне ацэнена ў больш, чым 20 тысяч даляраў.

За аднапакаёўку на завулку Даватара, якая месціцца на пятым паверсе дома, пабудаванага ў 1963 годдзе, просяць 20 900$.

«Чысты акуратны пад'езд. Ёсць склеп з абсталяванай ячэйкай. Паблізу дома прыпынкі грамадскага транспарту. У 10 хвілінах хады да парку Жылібера, плошчы Леніна. Кватэра выдатна падыдзе людзям, якія шануюць камфорт», — гаворыцца ў апісанні.

Вынікае, што ў адрозненне ад іншых абласных цэнтраў, у Гродне прадаецца толькі адна кватэра коштам да 20 тысяч даляраў, усе астатнія каштуюць даражэй.

Магілёў

Самая танная кватэра Магілёва — гэта аднапакаёўка ў панэльным доме 1976 года. Месціцца яна на першым паверсе, і мае агульную плошчу ў 34 м². Просяць за яе 17 500$.

Прадаюць кватэру без мэблі.

Да апісання гаспадары падышлі з пэўным крэатывам.

«Ваша першая кватэра. Вырашайце самі, якой яна будзе. Свая кватэра — гэта незалежнасць. Самастойна вырашаць, калі прыйсці дадому, што есці, і асабіста аплачваць рахункі. Гэта першы крок у дарослае жыццё. Хай бацькі прыходзяць да вас у госці», — заваблівае аб'ява.

У Магілёве ёсць яшчэ адна кватэра за 17 500$. Столькі просяць за аднапакаёўку ў доме 1967 года пабудовы пасля капрамонту, кватэра месціцца на другім паверсе.

Агульная плошча — каля 30 «квадратаў». Есць балкон, вокны ў хаце старыя. У ванным пакоі сцены счышчаны пад абліцоўку пліткай. Стан рамонту гаспадары апісваюць, як дрэнны.

Агулам у Магілёве прадаецца больш за дзесяць кватэр па цэнах да 20 тысяч даляраў.

Чытайце таксама: Колькі каштуюць і як выглядаюць самыя дарагія катэджы ў абласных цэнтрах?

«Куплялі для дзяцей, а цяпер…» У Мінску ўсё часцей прадаюць «голыя» кватэры ва ўжо заселеных дамах

Ад 29 тысяч даляраў. Як выглядаюць і колькі каштуюць самыя танныя кватэры Мінска

Клас
7
Панылы сорам
12
Ха-ха
4
Ого
2
Сумна
2
Абуральна
3