Паводле інфармацыі Bild, атрыманай з украінскіх урадавых колаў, Штайнмаер хацеў наведаць Украіну і прыехаць у Кіеў разам з урадавымі дэлегацыямі з іншых краін ЕС ужо ў сераду, піша «Украінская праўда».

Аднак, па звестках выдання, на гэты момант прэзідэнт Уладзімір Зяленскі не хоча сустракацца з ім у Кіеве з-за цесных сувязяў нямецкага палітыка з Расіяй у мінулым.

«Мы ўсе ведаем пра цесныя сувязі Штайнмаера з Расіяй, якія таксама былі адзначаныя формулай Штайнмаера (тычылася прадастаўлення Данецку і Луганску асаблівага парадку самакіравання). Цяпер яму не рады ў Кіеве. Паглядзім, ці зменіцца гэта», — паведаміў выданню украінскі дыпламат у Кіеве.

Па інфармацыі Bild, з Кіева ў офіс федэральнага прэзідэнта паступіла дакладная заява аб тым, што на гэты момант яны не гатовыя ні да якіх сустрэч. Аднак нельга выключаць магчымасць сустрэчы ў будучыні, заявілі ў Кіеве.

Сёння Штайнмаер знаходзіцца з візітам у Польшчы, дзе ён сустрэўся, у прыватнасці, з прэзідэнтам Польшчы Анджэем Дудам. Асноўная тэма візіту — вайна Расіі супраць Украіны. З Польшчы Штайнмаер мог адправіцца ва Украіну.

Штайнмаер пацвердзіў, што быў гатовы паехаць у Кіеў разам з калегамі з Польшчы, Літвы, Латвіі і Эстоніі, але там палічылі яго прысутнасць непажаданай.

«Польскі прэзідэнт Анджэй Дуда некалькі дзён таму прапанаваў, каб мы разам з прэзідэнтамі Эстоніі, Латвіі і Літвы здзейснілі паездку ў Кіеў, каб падаць там моцны сігнал агульнай еўрапейскай салідарнасці з Украінай. Я быў гатовы да гэтага, але … я павінен прыняць да ўвагі, што ў Кіеве гэта было непажадана», — сказаў ён.

Клас
27
Панылы сорам
1
Ха-ха
6
Ого
4
Сумна
2
Абуральна
0