Хакейная зборная Казахстана

Хакейная зборная Казахстана

Раней кіраўнікі адлучаных у рамках санкцый за агрэсію супраць Украіны ад сусветнага хакея федэрацый Расіі і Беларусі поўніліся казённым аптымізмам. Так, кіраўнік Федэрацыі хакея Расіі Уладзіслаў Трацяк 18 сакавіка заяўляў:

«У пачатку мая мы хочам правесці ў Санкт-Пецярбургу турнір з удзелам расійскай і беларускай зборных, а таксама нашых моладзевай і алімпійскай каманд, каб усе кандыдаты ў зборныя былі ў тонусе. Да таго ж паміж камандамі Расеі і Беларусі плануецца правядзенне таварыскіх матчаў». 

Да гэтага ён дадаваў:

«Ёсць міжнародныя паўзы, мы хочам у гэтыя тэрміны запрасіць таксама каманду Казахстана і, магчыма, Кітая».

Але Казахстану, у адрозненне ад Беларусі і Расіі, гуляць у такім турніры няма ніякай патрэбы: гэтая краіна ў агрэсіі супраць Украіны ўдзелу не прымала, таму і з чэмпіяната свету, які пройдзе з 13 па 29 мая, не выключаная. А проста ўдзельнічаць у турніры з ізгоямі, каб зрабіць ім прыемнае, сэнсу не бачыць. 

Цяпер і ў Федэрацыі хакея Расіі этап шапказакідальніцтва прайшоў і там сур'ёзна задумаліся: ці варта ўвогуле праводзіць гэты турнір? Расійскае выданне «Спорт-Экспресс» піша:

«Самае галоўнае — адсутнасць спартыўнага сэнсу. Ён і з ранейшымі ўдзельнікамі быў даволі нацягнуты, а пасля адмовы каманды, якая выступае на чэмпіянаце свету, наогул усё стала зусім дрэнна. Гуляць трыма складамі зборнай, а таксама з беларускай камандай — гэта проста правесці час».

Галоўны трэнер расійскай зборнай Аляксей Жамноў быў супраць гэтага турніра ад пачатку і не збіраўся асабіста ў ім удзельнічаць.

Клас
8
Панылы сорам
1
Ха-ха
70
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
1