Напрыканцы зімы сярэдні заробак у Беларусі складаў 1563 рублі 

Напрыканцы зімы сярэдні заробак у Беларусі складаў 1563 рублі 

Геапалітычная ізаляцыя Беларусі, міжнародныя эканамічныя санкцыі ў яе дачыненні ды скачкі курсу даляра вялі да непазбежнага ўдару па рынку працы краіны.

Каб зразумець, як рынак адрэагаваў на «шокавую тэрапію», мы вывучылі прапановы на поўную занятасць, даступныя праз сайты-агрэгатары.

Для гэтага абралі тры крытэрыі заробку: славутыя «па 500» (1385 рублёў па курсе на дзень напісання артыкула), «1000 і больш» (2770), а таксама 200 даляраў як ніжнюю мяжу (554).

Для чысціні эксперыменту шукалі працу, актуальную па заявах апошняга месяца, спачатку ў Мінску, а пасля па абласных цэнтрах ды перыферыі. Вынікі атрымаліся даволі цікавыя.

Крыху статыстыкі. Для аналізу мы абралі два сайты з вакансіямі — rabota.by ды gsz.gov.by (дзяржслужба занятасці). Першыя прапанавалі агулам 4028 варыянтаў уладкавання, другія — 68 057.

На rabota.by пулы заробкаў размеркаваліся наступным чынам:

  • Ад 1000 даляраў і вышэй — 1179 прапаноў (альбо 29,3%)
  • Ад 500 да 1000 даляраў — 883 прапановы (21,2%)
  • Ад 200 да 500 даляраў — 1893 прапановы (47%)

Дзяржслужба занятасці дала такі вынік:

  • Ад 1000 даляраў і вышэй — 324 прапановы (альбо 0,5%)
  • Ад 500 да 1000 даляраў — 7477 прапаноў (11%)
  • Ад 200 да 500 даляраў — 49 091 прапанова (72,1%)

Максімальны заробак

У сталіцы самыя прывабныя грошы, як і раней, прапануюцца ў IT-cферы. З больш чым 800 вакансій велізарная частка накіраваная на рэкруцінг Python-распрацоўшчыкаў, DevOps-інжынераў, сістэмных адміністратараў і спецыялістаў падобнага кшталту.

Базавая прапанова тут стартуе ад 5500 рублёў ды сягае да нябёс у залежнасці ад кваліфікацыі ды вопыту чалавека.

Таксама істотны попыт фіксуецца ў галіне будаўніцтва — прычым шукаюць профі разнастайных кірункаў. Плюс-мінус тысячу даляраў на старце прапануюць рыэлтарам, на якіх палююць агенцтвы па продажы нерухомасці. На аналагічны ганарар могуць разлічваць электрамантажнікі, інжынеры, прарабы, цесляры. Сюды ж аднясём галоўных бухгалтараў, што павінны кантраляваць усе фінансавыя працэсы.

Тройку ж найбольш масавых прапаноў «ад 1000 і больш» замыкае сфера продажу паслуг. Якіх толькі менеджараў па збыце цяпер ні шукаюць! Тут вам і інтэрнэт-маркетынг з адпаведным блокам паслуг, і прадукцыя вядомых па краіне брэндаў кшталту «Кераміна», і мэбля, і жаночае адзенне…

За межамі сталіцы адчайна шукаюць кіроўцаў-міжнароднікаў. Брэст, Пінск, Гродна, Магілёў — ледзьве не ў любой абласной кропцы Беларусі можна ўладкавацца, калі вы маеце катэгорыі С, СE, D. Ды яшчэ можна за ганарар пагандлявацца: там, дзе ўчора прапанавалі 2500, сёння ўжо можна і 3000 выбіць.

Сярэдні заробак

Самы лёгкі спосаб працаўладкавацца ў Мінску, калі вам патрэбны заробак «па 500» — пайсці працаваць прадаўцом-кансультантам.

Без вопыту такой прафесійнай дзейнасці, канечне, трэба будзе крыху пабегаць ды пашукаць. Ды і са старту вам прапануюць менш за сярэдні аклад па горадзе. Тым не менш, гэта шырокае поле для выбару працадаўцы.

Менеджараў па продажах ды спецыялістаў па працы з кліентамі таксама сустрэнуць з абдымкамі. Як, дарэчы, і бухгалтараў. Плюс ёсць попыт на загадчыкаў аддзелаў у гандлі, якія б маглі кіраваць руціннымі працэсамі (выкладкай тавараў ды кантролем іх наяўнасці), а таксама ажыццяўляць агульнае кіраўніцтва.

Нікуды не знік попыт і на будаўнікоў. Таксама сталіцы патрэбныя спецыялісты па лагістыцы: больш за 200 вакансій так ці інакш адносяцца да гэтай галіны.

За межамі Мінска роскід вакансій значна большы — і тут ужо сістэмна згрупаваць самыя маштабныя плыні прапаноў складана.

Але відавочна, што установам і прадпрыемствам бракуе кваліфікаваных кіраўнікоў.

Бо сецявому гандлю харчовымі прадуктамі патрабуюцца дырэктары аддзелаў, паліклінікам (у тым ліку ветэрынарным) — галоўныя ўрачы, да менеджараў па продажах далучаюцца кваліфікаваныя менеджары па закупках. Плюс кропачна, але геаграфічна багата дзе, узнікаюць вакансіі для інжынераў, энергетыкаў, тэхнолагаў.

Мінімальны заробак

Каго шукаюць на заробак ад 200 даляраў?

Ёсць попыт на прадаўцоў ды кансультантаў самай нізкай ступені, ахоўнікаў, грузчыкаў, прыбіральшчыц ды разнарабочых. Сталяры ды аператары станкоў могуць патрабаваць зарплату ад 800-900 рублёў, кладаўшчыкі ды шараговыя бухгалтары — ад 900.

Калі вышукаеце працу медсястрой ці выхавальніцай, то тут столь у 600-700 рублёў прабіць амаль нерэальна. Хаця спецыялісты патрэбныя ў розных раёнах Мінска.

Пры паглыбленні ў спіс вакансій усё часцей і часцей знаходзяцца запыты ад устаноў культуры. Тут шукаюць і артыста сімфанічнага аркестра, і артыста драмы, і рэдактара тэлепраграм.

Творчыя прафесіі цяпер не лідуюць у рэйтынгу акладаў. Як і праца ў сферы адукацыі — зарплаты як непасрэдна настаўнікаў, так і псіхолагаў альбо метадыстаў-арганізатараў ледзь-ледзь перабіраюцца за азначаную намі рысу.

За межамі сталіцы трэнды аналагічныя. Розніца толькі ў дробязях — напрыклад, залежнасць ад колькасці працоўных гадзін. Так, адміністратар у фітнэс-клубе Магілёва можа атрымаць на рукі да 600 рублёў, калі возьмецца працаваць стаханаўскімі тэмпамі ды яшчэ пацвердзіць вышэйшую адукацыю дакументамі.

Дадамо пра важны момант: наяўнасць вакансій сама па сабе не гарантуе працаўладкавання — прынамсі ў бюджэтных установах. Бо акрамя сумоўя, кандыдатам важна будзе мець палітычную «чысціню».

«Наша Ніва» аднаўляе збор данатаў — падтрымаць проста

«Калі ў вас застанецца палова цяперашняга заробку ‒ гэта будзе добра». Рынак працы ў Беларусі чакае шок

Клас
0
Панылы сорам
2
Ха-ха
9
Ого
1
Сумна
2
Абуральна
2