Распыталі актывістку пра рэакцыю на чарговы пагром дома і пра тое, ці паўплывае гэта нейкім чынам на яе паводзіны.

  Так выглядала кватэра Яніны да і пасля сыходу супрацоўнікаў ГУБАЗіКа. У сваім канале яны назвалі пагром «кватэрным пытаннем» і здзекліва падпісалі відэа: «Праведзеным ператрусам былі вырашаныя адразу тры пытанні: агледзелі кватэру на прадмет зброі, наркотыкаў і іншых забароненых прадметаў, вызвалілі яе ад незаконных жыхароў, зрабілі бясплатную перастаноўку».

Так выглядала кватэра Яніны да і пасля сыходу супрацоўнікаў ГУБАЗіКа. У сваім канале яны назвалі пагром «кватэрным пытаннем» і здзекліва падпісалі відэа: «Праведзеным ператрусам былі вырашаныя адразу тры пытанні: агледзелі кватэру на прадмет зброі, наркотыкаў і іншых забароненых прадметаў, вызвалілі яе ад незаконных жыхароў, зрабілі бясплатную перастаноўку».

«Больш за ўсё шкада плаката з фотаздымкамі — падарунка сяброўкі»

Сама Яніна не жыве ў гэтай кватэры з 2019 года. Жытло запісанае на маці, у самой актывісткі маёмасці ў Беларусі няма. На момант прыходу сілавікоў у доме нікога не было — дзверы ўзламалі і апячаталі. Пра гэта Яніна, як і ўсе, даведалася з тэматычнага тэлеграм-канала.

Яніна Сазановіч

Яніна Сазановіч

«Мне скінулі відэазапіс пагрому — спачатку я нават не хацела глядзець, але ў выніку зрабіла гэта. Ну так, ускрылі падлогу. Але больш мне шкада плаката з маімі фотаздымкамі, які шмат год вісеў на сцяне, а яго парвалі на кавалкі. Ëн каштоўны тым, што яго на дзень нараджэння падарыла мая сяброўка па ўніверсітэце. Гэта было на першым курсе — яны друкавала фотаздымкі на апошнія грошы. Там былі сабраныя ўспаміны пра тое, што здарылася з намі за год навучання.

Радуе, што маці адрэагавала спакойна і бадзёра, калі я ёй таксама ўсё прадэманстравала. Сказала: «Што мы з гэтым можам зрабіць? Самі яны потым і будуць рамантаваць».

Наступствы першага ператрусу

Наступствы першага ператрусу

У кватэры жылі знаёмыя маці Яніны, пасля таго як яны з бабуляй амаль год таму з’ехалі з краіны — цяпер у апячатаным памяшканні засталіся іх асабістыя рэчы, якія яны не могуць забраць.

«Не ведаю, як так атрымалася, што маці пашчасціла выехаць з Беларусі разам з бабуляй літаральна за пару дзён да першага пагрому (вобшукам тое, што яны робяць, назваць складана — гэта прыйсці і паднас*аць). У маёй бабулі дэмэнцыя, ёй патрабуецца пастаянны догляд. Дарога для іх з маці была цяжкай і доўгай — праз Піцер, Рыгу, Эстонію. На шчасце, усё перанеслася больш-менш».

«Няма столькі сваякоў у Беларусі, да якіх пагражаюць прыйсці»

Яніна хоча заявіць публічна:

«У мяне няма столькі сваякоў у Беларусі, да якіх пагражаюць прыйсці. Можа, нейкія далёкія, але настолькі, што я пра іх нават не ведаю. Яны што, пойдуць па кватэрах людзей, якіх я не ведаю? Я сама спецыяльна ні з кім з Беларусі не камунікую, бо разумею, што гэта можа быць небяспечна».

Фота: асабісты архіў

Фота: асабісты архіў

«Помста за відэа на Ютубе»

З чым можа быць звязаная новая хваля агрэсіі ГУБАЗіКа ў бок Яніны? Дзяўчына ўпэўненая, што гэта рэакцыя на тэматычнае відэа пра гэтае ўпраўленне МУС на яе ютуб-канале «Дзікае паляванне».

«Гэта помста за відэа пра іх. Як я лічу, асабіста ад Артура Гайко, які быў сакрэтным агентам ГУБАЗіКа нейкі час. Мы апублікавалі не толькі яго даныя, але і яго жонкі. Мы з камандай правялі параўнальны аналіз і прыйшлі да высновы, што гэта яго рука была ў відэа. Хачу сказаць, што на крок сілавікоў так ці інакш будзе новы адказ з нашага боку».

Кажучы пра каманду, Яніна мае на ўвазе каля дзесяці чалавек. Асноўны час самой дзяўчыны сыходзіць на ютуб-праект, Тэлеграм вядзецца без яе звышкантролю.

На пытанне пра грошы на існаванне адказвае:

«Гэта не сакрэт. Нам вельмі пашанцавала: яшчэ ў 2021-м годзе прыйшоў вялікі данат на тэлеграм-канал, і дзякуючы яму я змагла наняць каманду. Канечне, грошы маюць асаблівасць заканчвацца, але мы думаем пра тое, як выбудаваць працу, каб зарабляць самім. Напрыклад, запусціць NFT (неўзаемазаменны токен, адзінка ўліку, пры дапамозе якой ствараецца лічбавы злепак для нейкага ўнікальнага прадмета, кантэнту. — «НН»). У нас ёсць ідэя выпускаць NFT з поўнымі данымі, напрыклад, кадэбэшнікаў, і гэтая інфармацыя назаўсёды застанецца ў сусветным павуцінні».

«Дзякуй, ГУБАЗіК»

Яніна кажа, што пагромы і пагрозы ў каментарыях не выклікаюць у яе страху, нават наадварот.

«Пару тыдняў таму я нешта моцна стамілася, бо працы вельмі шмат, мы працуем 24/7, без адпачынку. З’явілася думка: можа, на нейкі момант прыпыніць дзейнасць? Але цяпер у мяне яшчэ больш жадання працаваць інтэнсіўна: яны сваімі паводзінамі надалі мне моцы. Так што, дзякуй, ГУБАЗіК!

І дзякуй тым, хто падтрымлівае мяне: учора ў мяне была такая хваля падтрымкі — столькі незнаёмцаў падзякавалі за працу і «правільную справу»! На тым жа Ютубе на адзін негатыўны каментарый заўсёды пяць пазітыўных. Гэта натхняе. Як і тое, што нам працягваюць дапамагаць з інфармацыяй людзі з Беларусі».

У Беларусі на Яніну заведзеная крымінальная справа: 3-я частка 130 артыкула КК (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці), але гэта яе не спыняе.

«Я вельмі хачу вярнуцца ў свабодную Беларусь, хачу, каб мае дзеці раслі ў Беларусі. Я люблю сваю краіну. Гэта яны робяць у ёй анархію, а не мы — і яны заслужылі дэанон. Чаму яны выштурхоўваюць усіх маіх блізкіх, сяброў? Кажучы «сябры», я маю на ўвазе ўсіх беларусаў, якія цяпер знаходзяцца пад рэпрэсіямі. І я хачу, каб уся наша беларуская сям’я вярнулася дадому. І буду рабіць для гэтага ўсё, што ад мяне залежыць».

«Наша Ніва» аднаўляе збор данатаў — падтрымаць проста

Чытайце таксама:

Даведаліся, што зараз з топавай візажысткай Вольгай Томінай, якую затрымалі

Клас
30
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
3