Пераезд на захад Украіны
З'ехаць ва Украіну ў 2021 годзе было свядомым рашэннем Аляксея. Пераязджаў ён да сястры, адразу ўладкаваўся кур'ерам.
Жыць ва Украіне хлопцу падабалася: завёў сяброў, купіў машыну і матацыкл.
Усё змянілася з пачаткам вайны. Аляксей з сястрой вырашылі пакінуць Кіеў і пераехалі на захад Украіны. Там пасяліліся ў сяброў.
— Я пераязджаў ва Украіну жыць, будаваў планы. У Кіеве ўсё засталося, — распавядае Аляксей. — Я не чакаў, што будзе вайна — першыя два тыдні было страшна, асабліва калі былі ў Кіеве, чуў стрэлы вайсковай тэхнікі.
Вырашылі перабрацца ў Хмяльніцкі, сёння гэта адзін з самых бяспечных гарадоў ва Украіне. Думаў там перачакаць вайну, валанцёрыў, як і многія ўкраінцы. Дапамагаў вязаць сетку і вазіў мяхі з пяском.
Так валанцёры ва Украіне плятуць маскіровачную сетку. Фота: Міхаіл Тананка
Аляксей распавядае, што ў Хмяльніцкі людзі масава ехалі з усёй Украіны. Паводле яго слоў, там не было вайсковых аб'ектаў. Адзіны стрэл расіяне зрабілі па нафтабазе.
— Стаўленне з боку ўкраінцаў да мяне было дваякае. З аднаго боку шмат пытанняў — чаму беларус знаходзіцца ва Украіне, а з другога — дзякавалі за дапамогу. Працы ў Хмяльніцкім не было, адзіны варыянт для заробку — гэта таксі.
Праверка на мяжы і ўдар у жывот
Урэшце Аляксей прыняў рашэнне з'ехаць з Украіны. У яго скончыліся грошы, а ваяваць ён не планаваў. Кажа, гэта не яго вайна, але падтрымлівае ўкраінцаў, якія абараняюць сваю краіну.
— Прыняў рашэнне з'язджаць, хацеў убачыць родных у Беларусі, якіх даўно не бачыў. 4 сакавіка ўзяў білет на цягнік у польскі Пшэмысль і паехаў.
Прыгоды пачаліся на мяжы. Аляксей распавядае, што на мяжы ў Шэгінях пры праверцы дакументаў ва ўкраінскіх памежнікаў з'явіліся пытанні, звязаныя з яго відам на жыхарства і дзейнасцю ва Украіне.
— Мне адразу казалі, што больш за ўсё пытанняў у памежнікаў на ўкраінска-польскай мяжы, але я не думаў, што ўсё будзе адбывацца ў такой манеры. Спачатку спыталі, на якіх падставах я знаходжуся ва Украіне і як атрымаў від на жыхарства. Потым вывелі ў тамбур, са мной была яшчэ адна беларуска і ўкраінец.
Прыйшоў нейкі начальнік змены, пачаўся вобшук і праверка тэлефона. Мне сказалі, што я застаюся для далейшай праверкі.
Паўтары гадзіны ўкраінскія службы правяралі тэлефон Аляксея і знайшлі запіс за 2015 год, дзе хтосьці дрэнна выказаўся пра Украіну.
— З'явілася шмат пытанняў. Я ім патлумачыў, што нічога супраць Украіны ніколі не казаў. Тым больш я прыехаў у гэтую краіну жыць у 2021 годзе і мяне ўсё задавальняла. Потым мяне завялі ў нейкі пакой. Імгненна пачаліся маральны ціск і агрэсія.
Зноў усе рэчы сталі правяраць і пачаліся пытанні: куды еду, чаму не застаюся ваяваць і г. д. Сказаў, што пачалася вайна і ў мяне не было працы, прыняў рашэнне з'язджаць. Пасля яны знайшлі мой вайсковы білет, які мне выдалі ў Беларусі з-за абмежаванняў па здароўі. Дзяўчына-памежнік сказала, што тады я паеду, як мяса ў Марыупаль.
А потым падышоў іх галоўны вышыбала і сказаў: «Напэўна, цябе даўно не п***ілі». Штурхнуў мяне і ўдарыў у жывот. І гутарка працягнулася.
Дзіўна, але ў мяне сталі пытацца пра знаходжанне беларускіх войскаў ля мяжы. Але як я магу гэта ведаць? Потым прыйшоў яшчэ нейкі супрацоўнік, паглядзеў тэлефон і сказаў, каб мяне адпусцілі — нічога на мяне няма.
Украінскі гімн і «аўтограф» у пашпарце
Каля дзвюх гадзін Аляксея пратрымалі ў пункце пропуску. Напрыканцы да беларуса падышла дзяўчына-памежнік і спыталася, ці ведае ён гімн Украіны. Аляксей не ведаў, тады яму прапанавалі вывучыць яго.
— Прыйшлося вучыць некалькі радкоў. Прачытаў і сказаў, што больш не ведаю. Ужо збіраліся адпускаць, як напрыканцы памежніца пакінула пазнаку ў маім пашпарце: «Слава Україні».
Цягнік, у якім я ехаў у Пшэмысль, усё яшчэ стаяў на ўкраінскай мяжы. Зайшоў, і мы паехалі.
Неўзабаве Аляксей трапіў на польскі бок мяжы. Там з ім размаўлялі памежнікі Польшчы, спыталі, куды накіроўваецца і што будзе рабіць далей.
— Візы ў мяне не было, але прапусцілі, як і іншых уцекачоў з Украіны. Пасля перасячэння мяжы адлягло.
Вядома, асадак застаўся. Я разумею: калі было б за што да мяне так чапляцца, то гэта яшчэ можна прыняць. Але калі на пустым месцы — непрыемна. Вайна — гэта страшна, людзі становяцца злымі.
Стаўленне да Украіны з-за сітуацыі на мяжы ў мяне не зменіцца. Унутры сябе я буду яе падтрымліваць. Спадзяюся, вайна хутка скончыцца і я вярнуся ў Кіеў.
Андрэй Стрыжак: «Дыскрымінацыя беларусаў па пашпарце і нацыянальнасці — гэта надоўга»
MOST папрасіў пракаментаваць такія паводзіны ўкраінскіх памежнікаў заснавальніка фонду BYSOL Андрэя Стрыжака, які дапамагае рэпрэсаваным беларусам выехаць з Беларусі і Украіны.
— Сітуацыя з пашпартамі і здзекамі з беларусаў на мяжы ляжыць у плоскасці прававога поля. Трэба абскардзіць правапарушэнне ў судзе і патрабаваць аднаўлення справядлівасці.
Аднак гэта толькі адзін бок медаля. Другі — у тым, што ў сітуацыі вайны кантраляваць дзеянні кожнага канкрэтнага памежніка складана, асабліва калі гэты памежнік страціў родных з-за ракетнай атакі з тэрыторыі Беларусі.
Калі адысці ад прыватных выпадкаў перавышэння паўнамоцтваў, правапарушэнняў і злачынстваў асобных службовых асоб, то высновы досыць сумныя.
У цэлым дыскрымінацыя беларусаў па пашпарце і нацыянальнасці — гэта надоўга. На беларусах таўро агрэсараў, і да нас яшчэ вельмі доўга стаўленне будзе прахалодным ва ўсім свеце.
Таму трэба рабіць як мага больш, каб гэта таўро з беларусаў сцерці. І быць гатовымі да таго, што прыйдзецца адстойваць свае правы.
Гэта асабліва крыўдна для тых беларусаў, якія выступалі супраць Лукашэнкі і вайны, а цяпер атрымліваюць і за Лукашэнку, і за вайну. Аднак жыццё такое, якое ёсць, і мы павінны дзейнічаць у гэтых умовах.
P. S. У беларускім консульстве патлумачылі, што калі старонкі з асабістымі звесткамі і фатаграфіяй (32—33 старонка) не закранутыя, то пашпартам можна карыстацца. Калі з'явіцца магчымасць, пашпарт варта замяніць па месцы жыхарства ў Беларусі.





