— Расійская прапаганда, на жаль, даказала сваю эфектыўнасць. І не толькі ў Расіі, але і ў Беларусі. У многіх сем'ях узнікаюць канфлікты на глебе стаўлення да таго, што адбываецца ва Украіне. Як сябе паводзіць са сваякамі, якія вераць у тое, што гэта «Зяленскі разбамбіў радзільню ў Марыупалі»?

— Праблема няпростая. Бо людзі выраслі ў пэўнай светапогляднай сістэме. Яны стварылі свой свет, так-сяк уладкаваліся ў ім.

Тут узнікае праблема — цяпер гэты свет трэба разбурыць. І чым старэйшы чалавек, тым складаней яму гэта зрабіць. Больш таго, ён не хоча гэтага рабіць па мноству прычын, у тым ліку і таму, што яму даводзіцца пераасэнсаваць сваю ўласную гісторыю. Вось я пражыў сваё жыццё, і што цяпер? Гэта маё жыццё цяпер кату пад хвост?

Таму чалавек выкарыстоўвае ахоўную схему, падтрымліваючы своеасаблівы кагнітыўны кансананс (адпаведнасць сфармаваных уяўленняў навакольнаму свету) і ўсяляк фільтруючы дысанансную інфармацыю. Гэта калі чалавек падпускае да сабе тое, што яго задавальняе, і не падпускае тое, што яму недаспадобы.

Ёсць некалькі стратэгій паводзін у зносінах з такімі людзьмі, дзве з якіх найбольш распаўсюджаныя. Калі вы бачыце такую агрэсіўную стратэгію непрымання, старайцеся не закранаць патэнцыйна канфліктанебяспечных тэм, старайцеся ўхіляцца ад іх. Пераключайце ўвагу на нешта іншае.

Іншая стратэгія — абвяргаць відавочнымі фактамі. І не проста ўзятымі з нейкіх крыніц, а аўтарытэтнымі фактамі менавіта для гэтага чалавека.

Вельмі просты прыклад: да вас прыйшлі ў дом, сказалі, што ў вас дома непарадак і збілі вас. Задайце пытанне — ці нармальна гэта? Чым больш такіх пытанняў, якія заганяюць у тупік суразмоўцу, вы задасцё, тым большая верагоднасць уключэння крытычнага мыслення.

Праблематыка Украіны ў такім выпадку высвятляецца крыху па-іншаму. Да вас прыйшлі наводзіць парадак па сваім разуменні. Вы нікога не клікалі і не прасілі. То як вы будзеце рэагаваць? Пагодзіцеся, схаваецеся ў кусты ці ўсё ж будзеце змагацца?

Або возьмем пазіцыю правіцеляў. Бо там супярэчнасць на супярэчнасці. «Ніхто не будзе страляць» — але страляюць. Абяцалі адно — зрабілі іншае. Кажуць пра суверэнітэт — а яго ўжо няма, расійскія войскі робяць, што хочуць, страляюць з гэтай тэрыторыі.

Ці такі прыклад: адвод войскаў па цэнтральных вуліцах Гомеля, па асфальце, у які ўвогуле ўкладзеныя грошы бюджэтныя — наплявальніцкае стаўленне да раней створанага. Забруджанне месцаў часовых стаянак, якія ўвогуле з'яўляюцца вашай зямлёй. Нарэшце, забойства мірных ні ў чым не вінаватых людзей.

Спытайце, як да гэтага можна ставіцца? Збірайце як мага больш такіх відавочных рэчаў. І калі вы іх пачнеце прыводзіць, гэта прымусіць чалавека думаць. Чым больш такіх кропак судакранання вы знойдзеце, тым большая верагоднасць таго, што да вас пачнуць прыслухоўвацца і замацаваныя раней кагнітыўныя схемы пачнуць расхіствацца.

Ну і старайцеся не абмяркоўваць глабальных і абстрактных тэмаў. Чым тэма канкрэтнейшая, тым лягчэй падабраць факты, якія пацвярджаюць вашу пазіцыю. Не вядзіце размовы з пазіцыі ўсёведнага чалавека, выказвайце сумневы і пачынайце разам разбірацца.

Вучыце сваіх блізкіх весці дыялог, які пачынаецца з прызнання права чалавека на іншадумства. Старайцеся аналізаваць пытанні, якія абмяркоўваюцца з розных пазіцый. Прапануйце суразмоўцу паразважаць над пытаннем падстаў, якія могуць быць у апанента. Часта гэта дапамагае ўсведамленню таго, што іншы чалавек можа жадаць чаго-небудзь адрознага ад вашага.

— А калі падобныя канфлікты ўзнікаюць на працы, сярод супрацоўнікаў, з якімі вам даводзіцца знаходзіцца ў адным кабінеце або цэху восем працоўных гадзін пяць дзён на тыдзень?

— Стратэгія тут — не ўвязвацца ў бойку. Дайце чалавеку выгаварыцца, скінуць эмоцыі і астыць. І старайцеся максімальна захоўваць спакой. Чаму? Першапачаткова гэта можа прывесці да абвастрэння, але, калі чалавек убачыць, што гэта не працуе, ён, не выключана, пачне ўключацца. Таму не рэагуйце адразу.

Далей. Пачынайце не з адмаўлення, а з рэчаў, якія выклікаюць згоду. Вайна — гэта дрэнна. Любы разумны чалавек пагодзіцца з гэтым. Урывацца — гэта дрэнна. Вось калі вы некалькі такіх прыкладаў прывялі, пралом прабілі, тады вушы ў чалавека адкрываюцца.

Пачынайце з фарміравання зоны згоды. Як толькі з'яўляюцца кропкі судакранання, тады і можна пачынаць гаварыць. Але калі бачыце, што гэта не працуе — закрывайце тэму. Значыць, чалавек такім чынам пабудаваў свой свет, яму так камфортна.

— Як зберагчы псіхічнае здароўе сабе і сваім блізкім ва ўмовах вайны, у тым ліку і прапагандысцкай? У плыні навін і меркаванняў.

— Плынь трэба абмяжоўваць. Не так і важна, дзе сядзіць чалавек — у тэлевізары ці ў інтэрнэце. Ён знаходзіцца ў інфармацыйнай бурбалцы, бо слухае «сваіх», зараджаецца «сваімі», яны падаграюць унутранае закіпанне, якое можа выклікаць эмацыйны выбух.

Трэба абмяжоўваць прыём інфармацыі, адрываць чалавека ад тэлевізара, абмяжоўваць сядзенне ў сетках. Замяняць яго нечым — кнігу пачытаць, напрыклад.

Таксама трэба абмяжоўваць кантакты з людзьмі-панікёрамі, эмацыйна нявытрыманымі і гэтак далей. Зразумела, што яны вельмі перажываюць, але яны вельмі напружваюць, ад такіх кантактаў вам робіцца толькі горш.

Клас
106
Панылы сорам
3
Ха-ха
3
Ого
3
Сумна
3
Абуральна
1