Лукашанец звольнены з пасады галоўнага навуковага супрацоўніка Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа загадам дырэктара Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі А. Лакоткі ад 23 лютага, паведамляе Budzma.by.
Аляксандр Лукашанец — доктар філалагічных навук, прафесар, член-карэспандэнт НАН Беларусі (2009), акадэмік (2017). Лаўрэат прэмій НАН Беларусі (2001 і 2011), узнагароджаны медалём Францыска Скарыны (2019).
Ён добра вядомы ў Беларусі і свеце вучоны-славіст і арганізатар у галіне славістыкі, займаўся пытаннямі беларускага і славянскага словаўтварэння; сацыялінгвістыкай і праблемай беларуска-рускага двухмоўя і моўнай палітыкі; праблемамі развіцця і функцыянавання беларускай мовы ў ХХ і ХХІ ст-ст. і дынамікі норм сучаснай беларускай літаратурнай мовы.
У Акадэміі навук працаваў з 1977 года, узначальваў у 2003—2012 гадах Інстытут мовазнаўства.