«Год таму я пакінуў сцены БДМУ, некалі роднага мне ўніверсітэта, на кафедры інфекцыйных хвароб якога прапрацаваў каля 10 гадоў.

На жаль, родным ён перастаў быць для мяне пасля падзей жніўня 2020 года, калі новапрызначаны рэктар і іншае кіраўніцтва ўніверсітэта вырашыла прыняць бок цемры і пачало актыўна прэсаваць сваіх студэнтаў і выкладчыкаў, якія пасмелі выказаць альтэрнатыўную грамадзянскую пазіцыю.

Эпічная гісторыя з аднамомантавым выключэннем або не выключэннем (да гэтага часу не разабраліся, што гэта было) некалькіх дзясяткаў студэнтаў і звальненні выкладчыкаў назаўсёды застануцца ганебнай старонкай у гісторыі ВНУ, — піша Мікіта Салавей. —

Многія ў мяне пыталіся, ці лёгка было проста сабрацца і сысці. Вядома, нялёгка перастаць працаваць у выдатным калектыве кафедры інфекцыйных хвароб, адной з лепшых кафедраў у БДМУ, некаторы час не хапае заняткаў са студэнтамі і іншых відаў дзейнасці, якія сталі звычкай за 10 гадоў.

У той жа час я лічу, што ні адна праца, ні адна пасада і ні адзін заробак не вартыя таго, каб паступацца сваімі маральнымі прынцыпамі, маўчаць, калі вакол чыніцца абсалютнае зло, адкрыта парушаюцца базісныя правы чалавека, перастае працаваць хоць які-небудзь закон, а каштоўнасць чалавечага жыцця становіцца блізкай да нуля.

На жаль, не ўсе мае калегі змаглі гэта ўсвядоміць у жніўні 2020 года, а многія з іх не хочуць усвядоміць і цяпер, не бачаць відавочную ўзаемасувязь паміж падзеямі двухгадовай даўнасці і тым, што адбылося і адбываецца ў нашым грамадстве і шматпакутнай Украіне сёння.

Сімвалічна, што мой сыход з універсітэта і перамены ў жыцці супалі з Днём Волі. Дзень Волі — гэта таксама пра перамены. Пра перамены, якія чакае большасць майго народа. Пра перамены, якія заканамерныя. Пра перамены, якія непазбежныя. Пра перамены, якія ўжо ідуць. І я па-ранейшаму ўпэўнены, што неўзабаве кожны год мы зможам са шчырай радасцю адзначаць Дзень Волі на вуліцах свабодных Беларусі і Украіны!»

Клас
4
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0