«Міністэрства замежных спраў Украіны сёння накіравала МЗС Беларусі афіцыйную ноту аб рашэнні ўкраінскага боку скараціць колькасць персаналу пасольства Беларусі ва Украіне да пяці чалавек. Дыпламатычная акрэдытацыя астатніх супрацоўнікаў беларускай амбасады адмяняецца, а іх і членаў іх сем'яў знаходжанне на тэрыторыі Украіны аб'яўляецца непажаданым», — гаворыцца ў заяве прадстаўніка МЗС Украіны. Пра гэта паведаміла 24 сакавіка агенцтва УНІАН.

19 сакавіка стала вядома, што частка беларускіх дыпламатаў пакінула Украіну. 

На памежным пераходзе Магілёў-Падольскі ўкраінскі афіцэр-памежнік спрабаваў уручыць беларускаму паслу Ігару Сокалу 30 сярэбранікаў для старшыні Дзяржаўнага памежнага камітэта Беларусі Анатоля Лапо за тое, што з беларускай тэрыторыі расійскія войскі ўвайшлі ва Украіну.

22 сакавіка КДБ Беларусі заявіў, што супрацоўнікі ўкраінскай амбасады ажыццяўлялі ў Беларусі агентурную разведку. 

23 сакавіка Беларусь прапанавала большасці ўкраінскіх дыпламатаў пакінуць краіну. Прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Анатоль Глаз паведаміў, што консульства ў Брэсце будзе закрытае. А ў пасольстве ў Мінску застанецца толькі пяць супрацоўнікаў. 

Ці варта непакоіцца з-за адʼезду беларускіх дыпламатаў з Кіева? Ці значыць гэта, што беларускія вайскоўцы ўвойдуць ва Украіну?

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0