Муж філосаф, кадэбэшнік і паэт

Святлана Шаціліна нарадзілася і вырасла ў Мінску. Адвучылася на педыятра, але выйшла замуж за ўкраінца і перабралася ў Кіеў.

Святлана з мужам Андрэем. Фота тут і далей: асабісты архіў

Святлана з мужам Андрэем. Фота тут і далей: асабісты архіў

«Андрэй, мой будучы муж, вучыўся ў БДУ разам з маёй сястрой, так мы і пазнаёміліся.

Ён вучыўся на філасофскім факультэце БДУ, пасля перавёўся ў кіеўскі універсітэт імя Тараса Шаўчэнкі. Атрымаў дыплом выкладчыка філасофіі там, але працаваць пасля пайшоў у КДБ. З часам Андрэй вырашыў скончыць Вышэйшую школу КДБ у Мінску — і зноў вярнуўся ў Беларусь. 

Чаму ён з філосафаў перакваліфікаваўся у кадэбэшнікі — пытанне не да мяне. Андрэй у мяне ўвогуле чалавек нестандартны, напісаў нават дзве кніжкі вершаў. 

Ну і пазней муж заехаў у Мінск па справах, мы сустрэліся… І ў 1993 годзе пажаніліся, — расказвае Святлана. — Нейкі час мы пражылі ў Беларусі, Андрэй тады ужо сышоў з КДБ, займаўся бізнэсам. 

Але пасля 1994 года сітуацыя ў Беларусі пачала мяняцца. Муж сказаў, што рабіць у Мінску бізнэс з часам будзе ўсё складаней і складаней, таму мы пераехалі ў Кіеў».

Шаціліна кажа, што такі кепскі прагноз на будучыню быў звязаны з прыходам да ўлады Лукашэнкі, які ў 1994 годзе выйграў прэзідэнцкія выбары.

«Я ніколі не лічыла, што любая кухарка можа кіраваць дзяржавай. І чалавек без патрэбнай адукацыі, з вельмі спецыфічным кругаглядам не можа быць кіраўніком дзяржавы, — кажа Шаціліна. — Я ніколі не галасавала за Лукашэнку. Нават пастаянна жывучы ва Украіне, я мела беларускі пашпарт і хадзіла на выбары. І заўсёды галасавала супраць Лукашэнкі. Чалавека яго ўзроўню я ніколі не лічыла прымальным для такой пасады».

«Сорамна мець беларускі пашпарт»

Святлана прынцыпова хацела заставацца беларускай, таму не мяняла грамадзянства на ўкраінскае. Нават калі праз такую прынцыповасць узнікалі праблемы.

«Я з вялікай павагай стаўлюся да ўкраінскага народа, мне вельмі блізкае яго разуменне свабоды. Свабода для іх — гэта тое, без чаго ўкраінцы не могуць дыхаць, і гэты момант цяжка зразумець частцы беларусаў і асабліва расіянам.

Але я хацела адчуваць сябе беларускай, — тлумачыць Святлана. — Ва Украіне я занялася турыстычным бізнэсам, у мяне з 2003 года свая кампанія, і працую я з паўночнай Еўропай. Трэба было заўсёды шмат ездзіць, тут мой беларускі пашпарт стаў праблемай: візы, усё такое. І калі Еўропа зрабіла для ўкраінцаў бязвіз, мне ўсе казалі: Света, давай мяняй пашпарт! Але нешта ўнутры мяне казала, што я не хачу. І я заставалася беларускай. 

Жнівень 2020 для мяне быў усплёскам гонару за Беларусь. Але, на жаль, беларусам не хапіла рашучасці. Штосьці такое ёсць у часткі беларусаў, не ведаю, як правільна назваць… Такая рыса, калі не хапае гэтага ўкраінскага бунтарства — калі пляваць, хто і што думае. І вось такія людзі з ментальнасцю «каб усім было добра», «каб нікога не пакрыўдзіць» мне не блізкія. 

Сёння мне сорамна мець беларускі пашпарт. Ёсць такая катэгорыя людзей «мы ж простыя людзі, ад нас нічога не залежыць». І праз іх мне сорамна за тое, што цяпер адбываецца ў Беларусі. Калі пачалася вайна, я на свае вочы бачыла, як па ковельскай трасе ішлі расійскія танкі — і ішлі яны з Беларусі.

Таму цяпер я ўпершыню ўсур’ёз задумалася, каб нарэшце змяніць грамадзянства. На 80% вырашыла, што хачу мець грамадзянства Украіны. Але гэта справа не хуткая, хто яго ведае, можа быць, нешта зменіцца ў Беларусі і я перагляджу сваё рашэнне.

Увогуле, працэс маёй самасвядомасці праходзіў дзве стадыі. Першы момант, калі я толькі прыехала ва Украіну, мы ездзілі па заходняй частцы, бывалі ў Івана-Франкоўску, адкуль родам мой муж. І памятаю, як я была на нейкім вулічным канцэрце ўкраінскага выканаўцы — і мне проста зашчаміла, што гэта не беларуская мова, што ў нас такой павагі да сваёй мовы і культуры не было. 

І другі момант быў у 2014 годзе. Калі я зразумела, што гэта такое — адчуваць сябе грамадзянінам пэўнай краіны». 

«Я цябе, сука, не баюся, я ў сябе дома, валі ў свой Таганрог…»

Ва Украіне Святлана і Андрэй Шаціліны пасяліліся ў Ворзелі — гэта невялікі курортны гарадок пад Кіевам. Займаліся бізнэсам, гадавалі дваіх сыноў. Старэйшы, 27-гадовы Мікіта, нарадзіўся яшчэ ў Беларусі, малодшы, 22-гадовы Глеб, ужо ва Украіне. Абодва хлопцы скончылі ўніверсітэт імя Шаўчэнкі. Мікіта жыў у Кіеве, але працаваў у Гастомелі, у адміністрацыі, займаўся там моладдзю і спортам. Глеб вучыўся у магістратуры, жыў у Ворзелі з бацькамі.

Святлана з мужам і сынамі

Святлана з мужам і сынамі

«Да апошняга сапраўды ва Украіне ніхто не верыў, што вайна пачнецца. Але мы ў сям’і разумелі, што ўварванне цалкам магчымае, у нейкі момант муж сказаў: вайна будзе, без варыянтаў. Мы рыхтаваліся: купілі патрэбныя рэчы, запасліся палівам, ліхтарыкамі, — расказвае Святлана. — І 24 лютага раніцай я пачула гукі, не падобныя да звычайных самалётаў, і нешта падобнае да выбухаў. 

Муж і дзеці адразу накіраваліся ў Кіеў, каб неяк дапамагаць. Тым больш, што Мікіта, старэйшы сын, меў ужо вопыт: ён раней ваяваў добраахвотнікам на Данбасе, нават быў паранены пад вёскай Шырокіна. 

Я адна засталася ў Ворзелі. Паціху знікла святло, пасля газ. Але ў мяне быў генератар, таму святло на нейкі час я мела. Да мяне прыходзілі суседзі начаваць, бо ў нас ёсць падвал. Спачатку я ўвогуле не планавала нікуды з’язджаць — бо мой дом тут.

А 3 сакавіка я жыўцом убачыла расійскія танкі».

Сустрэчу з расійскімі вайскоўцамі Святлана эмацыйна апісала ў сябе ў Фэйсбуку:

«Раніцай, пачуўшы блізка гул тэхнікі, я ўзляцела на другі паверх і ўбачыла тое, што, напэўна, называецца БТР. Аднатоннага колеру, з белай літарай V на баку. Пакуль я зляцела ўніз і дабегла да плота, па маёй вуліцы Лясной сыходзілі ў бок Бучы чатыры гэтыя вайсковыя х*рні, за імі і паміж імі пехатою ішлі салдаты.

У адрас двух з іх (аднаму з выгляду гадоў 35, з аўтаматам; другому гадоў 18 — 19 з ручной х*рнёй, падобнай на кулямёт) на адлегласці метраў 7 — 10, вочы ў вочы я эмацыянавала:

«Хлопцы, чые будзеце?»

І тут бачу ўздоўж рукавоў каларадскія чорна-аранжавыя нашыўкі.

— Дык вы рускія? — усміхаюцца ў адказ.

— Пайшлі на х**, чаго сюды прыперліся, хто вас сюды клікаў? — кажу.

Аўтаматная чарга ў паветра. 

Гледзячы ў вочы старэйшаму, кажу: «Я цябе, сука, не баюся, я ў сябе дома, валі ў свой Таганрог…»

Яны відавочна не разлічвалі на такі прыём, павярнуліся і пайшлі далей.

Усё гэта на фоне адрэналіну і злосці, што рвалі мяне на часткі.

І ўвесь час пытанні ў галаве: рускі салдат, канкрэтны Ваня, Пеця, Коля, што ідзе да суседа ў мірную краіну на танку са зброяй, не разумее, што ён там будзе рабіць?

Жонка, дзяўчына рускага салдата, калі ён вернецца і прывязе ёй рэчы, упрыгажэнні, не разумее, што гэта марадзёрства? З аповеду, пачутага мной ад суседкі з ускраіны Ворзеля: у яе дом прыйшлі ноччу за ежай рускія і забралі срэбра і парфуму.

Вас, сука, дома не кормяць, што вы прэцеся пажэрці за столькі кіламетраў ад дома?»

У прынцыпе, страшна не было, запэўнівае Святлана. Яна кажа, самы страшны момант быў аднойчы ўначы, калі яна прачнулася ад гуку выбухаў — і ўбачыла іх на свае вочы. 

У Ворзелі Святлана правяла амаль два тыдні вайны. Але калі там з’явіліся расійскія войскі, муж пачаў настойваць, каб жанчына эвакуявалася. 9 сакавіка Андрэй заехаў за жонкай з гуманітарным канвоем і яны выехалі.

Вайну адчуваеш скурай

Цяпер Мікіта, старэйшы сын Шаціліных, абараняе Украіну са зброяй у руках. Малодшы, Глеб працуе ў ваеннай адміністрацыі.

Андрэй, Глеб і Мікіта Шаціліны

Андрэй, Глеб і Мікіта Шаціліны

Як не з’ехаць з глузду, калі ведаеш, што твае сыны абараняюць краіну, адзін з іх вайсковец, якога могуць забіць у любы момант?

«Спачатку вы не фарбуеце валасы, а пасля фарбуеце кожныя два тыдні, бо бачыце, што ўся сівая, — іранізуе Святлана. — Але яшчэ ў 2015 годзе, калі Мікіта пайшоў ваяваць добраахвотнікам, мне шмат хто казаў: як ты яго адпусціла? У мяне нават быў канфлікт з маімі бацькамі, якія жывуць у Мінску. 

Але я чалавек, для якога прынцыпова важная ўнутраная свабода. Калі чалавек дарослы, ён мае права прымаць уласныя рашэнні, бо гэта яго жыццё. І я, як мама, магу яго рашэнні падтрымліваць альбо не. Вісець у сына на плячы і скуголіць — не мая пазіцыя. 

Сын тады сказаў: мама, я іду добраахвотнікам. Нейкіх пафасных размоў у нас не было.

Увогуле, у 2013-2014 гадах я збірала дапамогу тым, хто быў на Майдане, пасля вайскоўцам. Таму, магчыма, нешта абмяркоўваць нам не было патрэбна — сын усё бачыў і сам. 

У 2015 годзе сын быў кулямётчыкам у разведцы. І аднойчы з ім знікла сувязь на некалькі дзён. Пасля званок — сын. Кажа: мама, мяне паранілі. Я пытаюся: рукі-ногі цэлыя? Адказвае: так. 

Тады мы забралі яго ў кіеўскую бальніцу. Паехалі па яго мы самі, я і муж. І я памятаю гэтую атмасферу вайны: пераязджаеш блокпост, раптам усё мяняецца. Здавалася б, усё тое ж, птушачкі спяваюць, сонейка свеціць, лета… Але проста адчуваеш нешта ў паветры, як жывёла, якая інстынктыўна адчувае небяспеку. 

І цяпер такая ж атмасфера была ў Ворзелі. Дастаткова было выйсці на вуліцу, каб адчуць скурай: вайна».

Святлана расказвае, як супакойвае сябе:

«Кажаш сама сябе: твой сын дарослы, ён прымае свае рашэнні і мае права на іх. І ты не можаш яму перашкаджаць жыць сваім жыццём. І я прымаю яго выбар. Ці ганаруся ім цяпер, ці ганарылася ў 2015? Канечне. Для мяне грамадзянская пазіцыя заўсёды была важная. Нават калі я была школьніцай, мяне ў двары называлі «Светка-палітыка», бо мы з татам заўсёды глядзелі тады яшчэ «Міжнародную панараму».

Цяпер Мікіта трымае сувязь з маці, але стараецца асабліва яе не хваляваць.

«Я пытаюся ў яго: ты там неяк аформіўся? Сын кажа: «Мама, усё ў парадку, не пытайся».

Мікіта Шацілін трапіў нават у Інстаграм Зяленскага: вось ён, з аўтаматам у руках

Мікіта Шацілін трапіў нават у Інстаграм Зяленскага: вось ён, з аўтаматам у руках

Пытаюся: ты дзе? Адказвае: у цэнтры. Пытаюся: а чым займаешся? Кажа: мама, давай не будзем пра гэта гаварыць, — расказвае Святлана. — Вядома, няпроста з гэтым унутры. Але я ўпэўненая, што мае сыны пройдуць гэтую вайну і застануцца жывымі, у гэтым не маю сумневаў».

«Нельга выйграць вайну, калі праўда не на тваім баку»

Святлана і яе муж Андрэй цяпер у Івана-Франкоўску, займаюцца гуманітарнай дапамогай. 

«Днямі муж ездзіў на мяжу забіраць машыны хуткай дапамогі, вёз іх на Кіеў, — кажа Святлана. — Гэтыя машыны перадаў чалавек, з якім мы раней працавалі ў турыстычнай сферы.

Гэта ўкраінскі габрэй, які жыў у Фінляндыі, а пасля перабраўся ў Брытанію. Цяпер ён збірае любую магчымую дапамогу і дасылае ва Украіну».

Святлана кажа, што сёння яна ўспрымае беларусаў па-рознаму.

«Ёсць людзі з пазіцыяй, а ёсць тыя, «ад каго нічога не залежыць». Апошнім, магчыма, усё роўна ці страшна. Добра я стаўлюся да такіх людзей? Не. 

І калі ўсё гэта скончыцца, мы зноў пачнём ездзіць па свеце, першая рэакцыя на словы «беларус» ці «рускі» будзе негатыўнай. Гэтак жа, як немцы атрымлівалі пасля Другой Сусветнай, гэтак жа будуць атрымліваць і рускія. Калі беларускі салдат ступіць на ўкраінскую зямлю, то гэтак жа доўга адмывацца прыйдзецца і беларусам», — тлумачыць Святлана. 

Але яна ўпэўненая: у гэтай вайне ў расіян няма шансаў.

«Адзін з сыноў купіў кніжку Сунь Цзы «Мастацтва вайны». І там была добрая думка: нельга выйграць вайну, калі праўда не на тваім баку. Рускія ў гэтай вайне асуджаныя ад пачатку. Праўда не з імі.

Пытанне толькі ў тым, колькі сілаў і часу спатрэбіцца Украіне, каб перамагчы. У тым, што Украіна пераможа, у мяне сумневаў няма». 

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
0