Скрыншот з інтэрв'ю ютуб-каналу «Не по теліку»

Скрыншот з інтэрв'ю ютуб-каналу «Не по теліку»

«Збіраўся пераязджаць у Харкаў»

«Мая жонка Ганна — украінка. Мы пазнаёміліся ў 2006 годзе, у тады яшчэ ўкраінскім Крыме. Мы з сябрам там адпачывалі і выпадкова здымалі пакоі ў адным доме з Ганнай. Так усё і пачалося.

Ганна родам з Харкава, там жывуць яе бацькі. І апошнія гады мы жылі фактычна на дзве краіны, то ў Беларусі, у Мінску, то ва Украіне. У Харкаве было наша вяселле, там нарадзіўся наш сын, Клім, цяпер яму восем гадоў.

Цяпер Харкаў для мяне самога ўжо родны горад, — расказвае Іван. — Але апошнія два гады мы з жонкай і сынам правялі ў Беларусі: былі складанасці з паездкамі праз кавід». 

Падрэз кажа, што да вайны падумваў разам з сям’ёй на нейкі час перабрацца ў Харкаў.

«Апошнім часам я пастаянна думаў пра ад’езд з Беларусі. З аднаго боку, пакідаць краіну не хацелася, з другога — пастаянна непакоіла пытанне бяспекі. Бо то аднаго сябра арыштоўваюць, то іншага саджаюць на 10 гадоў… Я кажу пра Максіма Знака, ён мой аднакласнік і вельмі добры сябар. 

Ну і былі выпадкі, калі прыходзілі за вельмі блізкімі, тады я збіраў «трывожны чамаданчык» і быў гатовы да ад’езду. Але трымаўся да апошняга. 

Бо ў такіх умовах чытаеш навіны і часам думаеш: напэўна, ужо трэба ехаць… Але пасля разважаеш: а хто тады застанецца? І ўсё ж, калі б не было такой крытычнай сітуацыі, як цяпер, напэўна, я б сёння заставаўся ў Мінску.

Я ж свае погляды не хаваў ніколі. І ў сацсетках заўсёды выказваўся, таму разумеў, што прыйсці могуць у любы момант. І мы з жонкай усур’ёз разглядалі варыянт з пераездам у Харкаў на нейкі час.

Але цяпер я выехаў у Польшчу, каб ратаваць сям’ю ад таго пекла, якое Расія зладзіла ва Украіне».

«Мы прачнуліся ад выбухаў, васьмігадовы сын цяпер ненавідзіць Пуціна»

24 лютага Ганна разам з сынам была ў Харкаве. Яны ўпершыню за доўгі час паехалі да бацькоў Ганны.

За сітуацыяй вакол Украіны і Іван, і Ганна сачылі пільна, але да апошняга не верылі, што вайна пачнецца. Ім, як і многім, здавалася, што ў ХХІ стагоддзі гэта проста немагчыма.

«Раніцай 24 лютага мне пазваніў таварыш, кажа: гэта пачалося, дзе твае? Я кажу: у Харкаве… — згадвае Іван. — Разумею, што пачалася вайна, трэба нешта рабіць. Я неяк змог вырваць два квіткі на аўтобус Кіеў — Мінск, спадзяваўся, можна будзе маім выехаць. Пачаў пісаць і званіць у беларускае Міністэрства замежных спраў, мне адказалі на мэйл штосьці ў духу: сваім ходам дабірайцеся, вось такія памежныя пункты адкрытыя. Але гэтая інфармацыя была састарэлай ужо праз паўгадзіны.

Пасля стала зразумела, што з Харкава ў Кіеў немагчыма выбрацца. Тады мы вырашылі, што, можа быць, лепш застацца і перачакаць у Харкаве. Ніхто не мог уявіць, што горад будуць бамбіць і паліваць «Градамі». 

Сваімі ўспамінамі дзеліцца з «Нашай Нівай» і Ганна:

«Ва Украіне да апошняга спадзяваліся на адэкватнасць расійскага боку, усе былі ў напружанні, але немагчыма было паверыць, што будзе вайна. Але 24 лютага мы прачнуліся ад выбухаў».

Спачатку былі спадзяванні, што гэта нейкая адзінкавая дыверсія, але, праверыўшы інтэрнэт, уключыўшы тэлевізар, жанчына зразумела, што пачалася вайна.

«Першай думкай было, як ратаваць сына. Планавалі выехаць праз Кіеў — не атрымалася, і дзякуй Богу, як разумею ўжо цяпер, — кажа Ганна. — Вырашылі заставацца ў Харкаве, бо меркавалі, што сітуацыя можа сціхнуць. 

І ў першыя дні сапраўды ракеты ляцелі ў нейкія важныя аб’екты. А пасля проста пачалі бамбіць усё.

Бамбілі спальныя раёны. Раён Салтаўка бамбілі без перапынку, не ведаю, ці засталося там нешта. Некаторыя раёны бамбілі проста кругласуткава. Ёсць знаёмыя адтуль, якія проста жывуць у бамбасховішчы з самага пачатку вайны. 

Бамбілі станцыі пералівання крыві недалёка ад дома маіх бацькоў. Абстралялі дзіцячую бальніцу. Цяпер бомбы працягваюць ляцець проста на жылыя кварталы. Сябры бацькоў засталіся без кватэры: у стогадовы дом у цэнтры проста запусцілі ракету. Цяпер на месцы кватэры дзірка. 

Гэта злачынства супраць людзей. Гутарка не ідзе пра нейкія стратэгічныя аб’екты — гэта ўжо проста помста і знішчэнне ўсяго».

Пазней стала зразумела, што Ганна з Клімам будуць выбірацца ў Польшчу. З Харкава яны выязджалі на аўтобусе, у які бралі жанчын, дзяцей і інвалідаў. Ехалі са сцягамі Чырвонага Крыжа.

У Харкаве засталіся бацькі Ганны, яе цётка і 93-гадовая бабуля. 

«Бабуля проста не перажыла б дарогу. А мой бацька якраз пасля аперацыі, ён амаль не можа хадзіць. Ну і бацька не пакіне бабулю, а мама і цётка не пакінуць іх абаіх.

Частка сяброў таксама засталася ў Харкаве: нехта не мае магчымасці выехаць, але некаторыя засталіся прынцыпова, — расказвае Ганна. — Сын страшэнна перажываў і плакаў, як бабуля і дзядуля застануцца ў Харкаве, не хацеў з’язджаць. Бо мой тата ў такім стане, што не можа спусціцца у падвал, нават падчас самых моцных абстрэлаў ён адпраўляў маці ў бамбасховішча, а сам заставаўся ў кватэры.

Таксама Клім вельмі перажываў за сваіх сяброў, якія засталіся ў горадзе. Увогуле, сын ведае, што нарадзіўся ў Харкаве, і ў яго заўсёды была такая пазіцыя, што «мы з мамай украінцы, а наш тата — беларус». Цяпер гэта ў ім толькі ўмацавалася, ён сябе ўспрымае выключна украінцам, кажа, што пасля вайны хоча жыць толькі ва Украіне, ненавідзіць Пуціна і ўсё, што з ім звязанае. 

Адзінае пытанне, якое задаваў сын: а чаму Пуцін увогуле напаў? Мы тлумачылі, што Пуцін проста хворы чалавек, ненармальны маньяк». 

Мяжу з Польшчай Ганна і Клім перасяклі 3-га сакавіка. Іван таксама прыехаў у Польшчу, сустрэў іх на украінскай мяжы. Цяпер яны ў бяспецы.

«Беларусы казалі: вы замбаваныя, гэта не расіяне, а ўкраінцы бамбяць сваіх»

Тым часам з беларускай зямлі ва Украіну ідуць расійскія танкі і ляцяць ракеты — як цяпер украінцы успрымаюць беларусаў? 

«Калі мы сядзелі ў падвале, суседзі, якія ведалі, што мы жылі ў Мінску, ставіліся да нас цалкам адэкватна. 

Цікава: мае беларускія сябры абарвалі мне тэлефон, калі пачалася вайна. Прапаноўвалі дапамогу, проста неяк падтрымлівалі. Ведаю, што шмат хто з іх выходзіў на антываенныя мітынгі. 

І спачатку не было зразумела, ці прадаставілі беларусы сваю тэрыторыю расіянам, ці страляюць самі. Для многіх украінцаў гэта быў вельмі прынцыповы момант. Таксама шмат хто, на жаль, пачаў успрымаць Беларусь і Расію як адзінае цэлае. Іншыя разумеюць, што беларусы не падтрымліваюць гэтую вайну. І большасць украінцаў усё ж аддзяляе дзяржаўную сістэму ад людзей, — тлумачыць Ганна. —

Але для мяне стала шокам пазіцыя некаторых беларускіх знаёмых, якія пачалі мне казаць: вы замбаваныя, насамрэч, па вас страляюць вашыя ж. У мяне гэта выклікала шок. Кажу: «Вы сур’ёзна? Я адтуль прыехала, а вы мне будзеце расказваць?» Адказваюць: «Гэта ў цябе эмоцыі, ты проста не разабралася». 

Таму тое, як будуць ставіцца да беларусаў у будучыні, залежыць ад саміх беларусаў. Калі яны будуць працягваць верыць тэлевізару, то іх будуць успрымаць як і расіян. А расіян не зможа нармальна ўспрымаць яшчэ не адно пакаленне. Тое, што адбываецца цяпер у Марыупалі, Харкаве, Ізюме, не забудуць і не прабачаць ніколі.

Я разумею, што ў Расіі ёсць людзі, якія супраць вайны, якія намагаюцца нешта рабіць, але іх крытычна мала. У мяне самой ёсць сваякі ў Расіі. І за ўвесь гэты час мне на трэці дзень вайны напісала толькі сястра. Яна дала зразумець сваім паведамленнем, што ледзьве не Зяленскі вінаваты ў тым, што адбываецца. 

Я адказала, што Зяленскі ні на каго не нападаў, што мы абараняем сваю зямлю, што мой сын, дзякуючы Пуціну, ведае, што такое сядзець у падвале падчас абстрэлу.

На гэтым нашыя размовы з сястрой скончыліся. Усе астатнія расійскія сваякі за ўвесь гэты час не напісалі ані слова».

Іван Падрэз дадае:

«Гледзячы на ўкраінцаў, я скажу, што першая іх рэакцыя пасля пачатку вайны ў дачыненні да беларусаў была не пагарда, а разгубленасць.

Рускіх украінцы адразу ўспрынялі як фашыстаў — бо гэта фашызм, калі 70% насельніцтва падтрымлівае тое, што адбываецца ва Украіне, падтрымлівае вераломнае ўварванне ў пяць раніцы і акупацыю. 

Цяпер я бачу, што многія ўкраінцы пачынаюць згадваць 2020 год, згадваць збітых і кінутых на Акрэсціна беларусаў. І паціху пачынаецца разуменне, што беларусы — нармальныя, яны спрабавалі нешта змяніць, але ў іх проста не атрымалася.

Бо ў той жа Расіі сёння не адбываецца нічога. Так, былі мітынгі супраць вайны, але што такое некалькі тысяч для Масквы, для буйных гарадоў? На вялікі жаль, сацыялогія пра 70% падтрымкі выглядае дакладнай». 

Паціху украінцы пачынаюць аддзяляць беларусаў ад расіян, разумець, што Беларусь і Расія — два розныя светы, падкрэслівае Іван.

«Ну і беларускіх салдат усё ж няма на украінскай тэрыторыі. Нават пры тым, што расійскія войскі ідуць праз тэрыторыю Беларусі, нашы войскі ў гэтым усім не ўдзельнічаюць. І ў гэты востры момант Лукашэнку, напэўна, можна сказаць «дзякуй», за тое, што цяпер ён трымае сітуацыю. 

У мяне ёсць вельмі суб’ектыўнае назіранне. Лукашэнка з Пуціным вельмі падобныя, але ёсць вялікая прынцыповая розніца. Пуцін паводзіць сябе цяпер проста як камікадзэ, нібыта гэта для яго апошняя спроба ўскочыць у вечнасць. Лукашэнка — хто заўгодна, толькі не самагубца. І ён, мне здаецца, цяпер будзе балансаваць да апошняга. Беларускіх салдат там няма, бо ён гэты загад [атакаваць Украіну] не аддаў,

— кажа Падрэз. — І Лукашэнка, на фоне гэтага інфернальнага крамлёўскага Гітлера, выглядае як грубаваты настаўнік працоўнага навучання, які запусціў маньяка сабе ў кабінет. Зразумела, што на публіку ён заяўляе пра вечнае сяброўства з Расіяй, але мы не ведаем, што там адбываецца на самай справе. Мне здаецца, Лукашэнка будзе выкарыстоўваць любы шанец, каб выкруціцца, каб легітымізаваць сябе ў вачах Захаду. І не выключаю, што ў яго атрымаецца».

«Ігар Тур не дурны хлопец. Але ён ужо смяротнік»

Як Іван глядзіць сёння на сваіх былых калег па беларускім тэлебачанні? Падрэз адкрыта выказваў падтрымку свайму сябру Максіму Знаку, асуджанаму на дзесяць гадоў ні за што, але нават у 2021 годзе, перакідваўся жартачкамі ў сацсетках з Ігарам Турам.

«Да ўсіх украінскіх падзей у мяне не было радыкальнай пазіцыі наконт тых, хто застаўся працаваць на ТБ. Было зразумела, што гэта людзі, якія служаць і не вольныя выказваць сваё меркаванне нідзе, акрамя, можа, самых блізкіх сяброў. Гэта вельмі няшчасныя людзі, мне здаецца, — тлумачыць Падрэз. —

Падзеі 2020 года былі жудаснымі, але для мяне яны не сталі зусім чырвонай лініяй. З тым жа Турам мы не былі сябрамі, але перасякаліся ў курылках, і падчас працы на тэлебачанні я да яго нейкага татальнага негатыву не адчуваў. Тым больш, што да апошняга часу Тур выглядаў дастаткова інтэлігентна. Такі служака, які не можа аддзяліць сваё меркаванне ад лініі партыі.

І ў 2020 і ў 2021 гадах мне здавалася важным не выкрэсліваць такіх, як ён з агульнага дыскурсу, а працягваць з імі размаўляць. Нават, можа, не столькі з ім канкрэтна, колькі з яго аўдыторыяй у сацсетках, каб тыя людзі бачылі нешта альтэрнатыўнае. 

Цяпер, пасля 24 лютага, я разумею, што гэта ўсё ж было пустой справай. Бо гэтыя людзі ўжо не разважаюць у катэгорыях здаровай логікі. Яны ўжо ў нейкім сектанцкім стане, разважаюць у катэгорыях веры, а не розуму.

Вераць у сакральнасць і бязгрэшнасць Пуціна, Лукашэнкі, як егіпцяне верылі ў сакральнасць фараонаў. Яны лічаць, што іх лідары не могуць памыляцца, з’язджаць з глузду, станавіцца маньякамі, як у выпадку з Пуціным.

І гэтыя людзі лічаць, што ўкраінцы самі бамбяць свае гарады. Самі забіваюць сваіх дзяцей!.. Якая лухта, проста абсалютнае трызненне! Але яны працягваюць распаўсюджваць гэтую фігню, бо знаходзяцца ў нейкім сярэднявечным акультным экстазе, не ведаю, як назваць гэта інакш.

Той жа Ігар Тур выдатна ўсё разумее, канечне. Але, мяркую, ужо не можа саскочыць. Ігар не дурны хлопец. Але, думаю, яго закрыюць, калі ён паспрабуе сысці, ён ужо смяротнік. Бо ён у пуле. Яшчэ ў 2020 годзе былі звальненні з пула — і тады людзям помсцілі. А цяпер усё будзе больш жорстка». 

«Беларускае тэлебачанне — мярзотнае, двудушнае, смярдзючае злачынства»

«Калі да 2020 года была нейкая спроба сфармаваць хаця б ілюзію аб’ектыўнасці — так, з падтасоўкай фактуры, мантажом, але ў цэлым дастаткова інтэлігентна, — то пасля наша тэлебачанне ўзяло простую формулу, якой карыстаецца «Russia Today» і ўся гэтая мразотная прапаганда. То-бок, усе падзеі і факты пачалі проста інвертаваць. Сёння так і працягваецца: проста словы «рускі салдат» мяняюць на «ўкраінскі тэрарыст» і кажуць усё наадварот. 

Не ведаю, ці сапраўды быў нейкі інструктаж ад расійскіх тэлевізійшчыкаў, але, гледзячы па тым, як Прыдыбайла пасвіўся ў беларускіх студыях, яны шчыльна ўзаемадзейнічалі, гэта дакладна, — разважае Іван. — 

І сёння гэта ўсё проста мярзотнае, двудушнае, смярдзючае злачынства. Бо тое, што яны робяць пасля 24 лютага… На тэлеканале АНТ мае былыя калегі, з якімі я калісьці вітаўся, паказваюць, як ракета прылятае на плошчу ў Харкаве ў найпрыгажэйшы будынак адміністрацыі — і кажуць, што «ўкраінскія тэрарысты бамбяць Харкаў».

І нават тая гаворачая галава не задаецца пытаннем, а навошта гэта рабіць украінцам? У яе не ўзнікае такога пытання, у таго, хто тэкст ёй піша, не ўзнікае, у рэжысёра не ўзнікае. Бо калі задацца такім пытаннем, то адзінае выйсце — напісаць заяву на звальненне». 

Вядучы АНТ напісаў мне: «Привет уродец! Ты здохнешь на помойке»

Нечаканае «прывітанне» ад сённяшніх беларускіх тэлевядучых прыляцела Падрэзу, калі ён змяніў нумар у Вайберы. 

«Я мяняў сім-карту ў тэлефоне ўжо тут, у Польшчы. Магчыма, Вайбер аўтаматам даслаў паведамленне пра гэта маім кантактам. І раптам мне прыходзіць такое: «Привет уродец! Ты здохнешь на помойке. Хорошего дня!»

Я не ведаў, ад каго гэта. Але вырашыў пацікавіцца — нумар жа бачны. Аказалася, што паведамленне прыйшло ад Германа Цітова, які вядзе перадачу «Наше утро» на АНТ», — расказвае Іван. 

Герман Цітоў (Дзмітрый Карпінчык)

Герман Цітоў (Дзмітрый Карпінчык)

«Мы і да майго звальнення з ТБ асабліва не мелі зносінаў, а пасля я ўвогуле забыўся, што такі персанаж існуе, — пасміхаецца Падрэз. — Адказваць я яму не стаў, заблакаваў яго і вывесіў яго паведамленне ў сацсетках. Хай людзі бачаць, можа быць, у наступны раз ён задумаецца, перад тым, як такое пісаць. 

Спявак Герман, які быў вядучым на навагоднім прыёме ў Лукашэнкі: Многія шкадуюць, што пасыходзілі з тэлебачання

Гэтыя тэлевізійшчыкі столькі нылі пасля 2020 года, што ім пагражаюць, — а тут гэты адкрывальнік рота пад фанаграму пачынае займацца тым жа самым. І мне падалося важным гэта паказаць, таму я выклаў скрын. Я не збіраўся быць цярпілам у гэтым выпадку, і ім не буду. Хай усе ведаюць, што хлопчык-пазітыўчык Герман на самай справе — непісьменны. Ну, слухайце, «здохнешь» пісаць праз «з» [па-руску]? Гэта ўзровень вядучага тэлеканала? Ну камон!»

«Жыць у Беларусі — не»

Што рабіць далей, Іван і Ганна пакуль думаюць. Нейкі час вырашылі правесці ў Польшчы, пасля — будзе бачна.

«Цяпер мне ў Мінск вяртацца, напэўна, не варта, улічваючы маю адкрытую падтрымку Украіны. Бо разумею, што калі проста кажаш праўду, то могуць «добры вечар!» сказаць адразу на мяжы, пасля сям’ю не ўбачыш яшчэ гадоў пяць, дзесяць, ці колькі там прыйдзе ў галаву тым пракурорам, альбо суддзям. 

Таму, з пункту гледжання здаровага сэнсу і бяспекі сям’і, нам пакуль неабходна заставацца тут, — тлумачыць Іван Падрэз. — Але я не разглядаю гэта як эміграцыю, мяркую, як і ўсе, хто з’ехаў за гэтыя два гады і марыць вярнуцца».

Ганна кажа, што ў Беларусі жыць больш не хоча. Прынамсі, у сённяшняй Беларусі.

«Я вельмі сумую па людзях, якіх там люблю. Але каб жыць там пастаянна — напэўна, не. Менавіта праз вайну, — кажа яна. — 

Калі мы спрабавалі эвакуявацца, то беларускае МЗС адказвала: мы рэкамендуем пакінуць Украіну праз адпаведныя пункты пропуску ўласнымі сіламі. Усё. Нічога больш не было зроблена. Маўляў, вы паехалі — вашы праблемы, выбірайцеся як хочаце.

Нас эвакуявалі Украіна і Літва, каб вы разумелі. Літоўцы дапамагалі вывозіць людзей. І для мяне гэта была жорсткая кропка. Кантрольны момант быў, калі мне пачалі пісаць знаёмыя-беларусы пра тое, што ўкраінцы самі сваіх бамбяць. 

Пра што тут можна казаць? Я нармальна стаўлюся да беларусаў, доўга жыла ў Мінску, удзячная і людзям, і гораду, і краіне. У мяне ў Беларусі ёсць шмат людзей, якіх я люблю, і любіць не перастану. 

Але ў плане далейшага жыцця ў Беларусі — не. Прынамсі пакуль нешта кардынальна не зменіцца».

Клас
3
Панылы сорам
4
Ха-ха
1
Ого
2
Сумна
7
Абуральна
1