Кадыраўцы правялі пэўны час у лагеры ў лесе Кіеўскай вобласці. Фота ад контрвыведкі СБУ

Кадыраўцы правялі пэўны час у лагеры ў лесе Кіеўскай вобласці. Фота ад контрвыведкі СБУ

У контрвыведцы Службы бяспекі Украіны (СБУ) «Радыё Свабода» расказалі пра страты кадыраўцаў ва Украіне, назвалі імёны камандзіраў чачэнскіх падраздзяленняў Расгвардыі, якія засвяціліся пад Кіевам, і паведамілі дэталі іх дачынення да расійскага ўварвання.

13 сакавіка праўладныя расійскія тэлеграм-каналы апублікавалі відэа вайсковага мітынгу, які праходзіў у падвальным памяшканні пры ўдзеле Рамзана Кадырава. Сцвярджалася, што запіс зроблены ва Украіне, за некалькі кіламетраў ад Кіева. Крытыкі Кадырава назвалі гэтую інфармацыю чарговай спробай піяру на тэме вайны. У контрвыведцы СБУ паведамілі «Радыё Свабода», што Кадыраў ва Украіне не быў, а 13 сакавіка — гэта быў дзень, калі групоўку «кадыраўцаў» вывелі з Кіеўскай вобласці ў Беларусь і далей у Чачню.

Баі за Гастомель

Паведамленні аб удзеле чачэнскіх вайскоўцаў ва ўварванні Расіі ва Украіну з'явіліся ў першыя дні вайны. 26 лютага ў інтэрнэце зʼявілася і відэа, на якім меркаваныя чачэнскія вайскоўцы вывешваюць расійскі сцяг на будынку вайсковай часці ў Гастомелі за 50 кіламетраў на паўночны захад ад украінскай сталіцы. На запісе адзін з байцоў, звяртаючыся да Рамзана Кадырава, заяўляе, што яго падраздзяленне адбіла тры атакі ўкраінскай арміі і захапіла аб’ект.

Узброеныя сілы Украіны прызналі сапраўднасць відэазапісу, але заявілі, што кадыраўцы зайшлі на тэрыторыю пустога ўчастку — баёў за яго не было.

27 лютага стала вядома, што падчас уварвання ва Украіну загінуў камандзір 141-га матаполка чачэнскай Расгвардыі генерал Магамед Тушаеў. Як паведамляецца, гэта пацвердзіў і палонны баец гэтага падраздзялення.

«26 лютага 450 кадыраўцаў спрабавалі пранікнуць на ўкраінскую зямлю каля аэрапорта ў Гастомелі падчас спробы дэсантнай аперацыі, але няўдала. 28 лютага некалькі сотняў байцоў былі забітыя», — паведаміў суразмоўца «Радыё Свабода» у контрвыведцы СБУ.

27 лютага ў інтэрнэце зʼявілася відэа велізарнай калоны «кадыраўцаў» з подпісам, што яно было знятае ў раёне на поўначы ад Кіева. Амаль адначасова з тым у сацыяльных сетках зʼявілася відэа, верагодна, з горада Буча. На запісе мясцовы жыхар паказвае знішчаную калону вайсковай тэхнікі і кажа: «Гэта кадыраўцы».

Рамзан Кадыраў спачатку адмаўляў ахвяры сярод сваіх байцоў, але 28 лютага прызнаў гібель двух чачэнскіх вайскоўцаў, хоць не назваў іх прозвішчаў: «На жаль, ёсць ахвяры сярод ураджэнцаў Чачэнскай Рэспублікі. Двое загінулі, яшчэ шэсць атрымалі раненні».

Другая спроба

Паводле звестак контрвыведкі СБУ, 4 сакавіка з Беларусі праз Чарнобыльскую зону прыбыў зводны атрад расійскіх вайскоўцаў з Чачэнскай Рэспублікі колькасцю каля 1200 чалавек. У яго склад увайшлі вайскоўцы батальёна «Поўнач» (камандзір Магамед Тушаеў, забіты), «Поўдзень» (Хусейн Межыдаў) і Ахмат-Грозненскага АМАПу (Анзор Бісаеў).

Гэтую групу ўзначаліў памочнік Рамзана Кадырава Данііл Мартынаў. Ён мае досвед працы ў спэцназе ФСБ, стаў паплечнікам кіраўніка Чачні ў 2017 годзе. У інтэрнэце ёсць сумеснае фота Мартынава і Тушаева з подпісам на машыне «на Кіеў».

«Кадыраўцы» разбілі свой лагер у лесе каля Барадзянкі. Паводле звестак СБУ, аднойчы ўначы ў лагеры былі падарваныя боепрыпасы, частка байцоў загінула.

«З таго часу яны сталі больш асцярожнымі і падзяліліся на некалькі груп. Аднак непасрэдна ў баях яны не ўдзельнічалі, а толькі займаліся тым, што «кашмарылі» мясцовае насельніцтва ў раёне Барадзянкі, Бабінцаў, Кацюжанкі і аж да Люціжа. Адначасова здымалі розныя відэа для сацыяльных сетак», — сказаў суразмоўца ў контрвыведцы СБУ.

Як паведаміла ўпаўнаважаная Вярхоўнай Рады па правах чалавека Людміла Дзянісава, кадыраўцы, у прыватнасці, захапілі псіханеўралагічны інтэрнат у Барадзянцы Кіеўскай вобласці, дзе на той момант знаходзілася 600 чалавек.

«Мы бачым, што яны прысутнічаюць на тэрыторыі Украіны ад пачатку канфлікту, але ў выніку мы ніколі не бачылі іх удзелу ў баях. Як мы іх называем, гэта піяр. То-бок яны могуць здымаць шмат відэа, шмат фатаграфаваць, як ходзяць з аўтаматамі, «прыбіраюць» дамы, нібыта раздаюць гуманітарную дапамогу і нібыта даглядаюць мірных жыхароў. Але гэта ўся іх актыўнасць, якую мы ўвесь час назіраем», — сказаў «Настоящему времени» занавальнік Соnflict Intelligence Team Руслан Левіеў.

Вядомы расследавальнік Хрыста Грозеў у адным з эфіраў сказаў, што ў Bellingcat ёсць фота таго, што нарабілі кадыраўцы ва Украіне, але з этычных меркаванняў апублікаваць іх яны не могуць.

Нарэшце, паводле звестак контрвыведкі СБУ, 13 сакавіка кадыраўцаў эвакуявалі з тэрыторыі Кіеўскай вобласці праз Беларусь і далей паветраным шляхам у Чачню. Адначасова з тым Рамзан Кадыраў заявіў, што адпраўляе ва Украіну яшчэ тысячу сваіх байцоў.

Аляксей Данілаў расказаў пра «кадыраўцаў», якія прыязджалі ва Украіну «для ліквідацыі Зяленскага»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0