Буча. Разбітая калона расійскай бранятэхнікі. Фота kiev.informator.ua.
* * *
драпае цемра скарынкай чэрствай,
сочыцца ў горла кармін.
за чалавечае слова «зверства»
сорамна перад звярмі.
не пракаўтнуць гэты хлеб драпучы.
верыш, таварыш маёр?
там, у падвалах пякельнай Бучы,
сэрца сканала маё.
больш не кране яго шэпт надзеяў,
«градаў» выццё, патрулі…
мабыць, нарэшце распавядзе мне
той, хто мяне акрыліў,
што мне рабіць з расстраляным пер’ем,
з вывернутасцю ключыц?
лепей бы ўшчэнт скасаваць мой тэрмін
тут. і сусвет адключыць.
лепей бы я паважаным зайцам
бегла ў вясну з усіх лап,
чым гэты боль чалавекам звацца.
лепей я зверам была б.





