Фота: АР

Фота: АР

Ліквідацыя незалежных СМІ

Вайна — гэта мір, воля — гэта рабства, няведанне — сіла. Такія тэзісы не сцвердзіць на агульнанацыянальным узроўні, калі прапаганда сутыкаецца з маштабным аргументаваным супрацівам. Ажыццяўляюць яго часцей за ўсё незалежныя медыя, здатныя вывучыць пытанне з розных бакоў.

Беларусь трапіла ў блакаду такога кшталту яшчэ ў пазамінулым годзе, калі амаль усе ўплывовыя выданні краіны былі крытычна абмежаваныя ў вольнай падачы матэрыялаў. «Тутбай», «Наша Ніва», «Радыё Свабода», «Трыбуна» ды яшчэ шэраг СМІ трапілі пад забарону з абвінавачваннямі ў распаўсюджванні экстрэмісцкіх матэрыялаў. Следам банам накрыла цэлы шэраг ютуб- і тэлеграм-каналаў з незалежнай павесткай.

Расіяне ў тыя часы дзівіліся: маўляў, як можна, скажам, спартыўную платформу лічыць небяспечнай для грамадства. Аднак прыйшоў 2022 — і ўжо навіны з РФ кулямётнай стужкай распавядаюць пра забарону незалежных медыя.

Спіс СМІ, заблакаваных у Расіі. Фота: vot-tak.tv/ Белсат

Спіс СМІ, заблакаваных у Расіі. Фота: vot-tak.tv/ Белсат

Тэлеканал «Дождь», Расійская служба навін BBC, радыёстанцыя «Эхо Москвы», DW, TJ, «Голас Амерыкі» ды яшчэ дзясяткі інфармацыйных крыніц трапілі пад блок. Не ўсе з іх змаглі працягнуць працу — «Эхо» і «Дождь» абвясцілі аб закрыцці. «Новая газета» вымушаная была прыбраць з сайта і сацсетак матэрыялы, датычныя вайны. Пры гэтым выданне працягвае распавядаць пра наступствы, з якімі сутыкнулася Расія ў выніку агрэсіі, — блюрачы слова «вайна» на фота і пазначаючы дужкамі фрагменты тэксту, выдаленыя цэнзурай.

Варта дадаць, што частка беларускіх медыя таксама пайшла на кампраміс для выжывання. «Камсамольская праўда» пасля змены галоўнага рэдактара стала больш афіцыйнай у падачы палітычнага парадку дня (але адна заметка пра Зельцара вырашыла лёс выдання), адмовіўся ад вострых тэмаў «Анлайнер». «Цяпер такі час, калі варта затупіць пёры, затупіцца журналістам», — цытата канца 2020 года ад Юрыя Арлова, генеральнага дырэктара выдання «Прэсбол»

Блакаванне сацсетак

Тры літары, якімі часта аперавалі носьбіты рускай мовы ў прыватных гутарках, страцілі былую вастрыню. Цяпер куды часцей чуваць вокліч «VPN!», што, бы той заклён Гары Потэра, створыць патронуса для ратавання акаўнтаў у Фэйсбуку ці Інстаграме. Да таго ж віртуальныя сэрвісы разблакоўваюць навіновыя тунэлі — і гэта дазваляе адэкватнаму чалавеку не захлынуцца ў плыні хлусні, што нясе прапаганда.

Уладзімір Пуцін адразае Расію ад інтэрнэту. Карыкатура: Сяргей Ёлкін

Цікава, што цяпер менавіта беларусы рассылаюць расіянам спісы найбольш даступных ды надзейных праграм для тэрміновага ўсталявання на гаджэты. Бо мы ўсё гэта ўжо вывучылі і праверылі на сабе.

Але беларусаў білі масава, наўпрост выключаючы рубільнік. І тады ні сыход у Тэлеграм, ні іншае шыфраванне даных не аднаўляла камунікацыю. У той час як Расія імкнецца адлучыць народ ад міжнародных інфармацыйных ды забаўляльных крыніц. Бо ў Інстаграм ды Фэйсбук цяпер транслююцца праўдзівыя гісторыі рэальных украінцаў. Замест варожых сетак плануецца арганізаваць свае — ужо ў красавіку, хутчэй за ўсё, з'явіцца «Расграм».

Хваля пратэсных акцый і абсурдныя затрыманні

Дарэчы, адносна разнастайных формаў пратэсту беларусы таксама маглі б даць майстар-клас — ад масавых выступленняў да жаночых шпацыраў у чырвона-белым і ўпрыгожвання балконаў. Аднак расіяне паступова самі намацваюць шляхі да дэманстрацыі абурэння.

Праўда, рэакцыя на такія выступы нічым не адрозніваецца ад сілавых разгонаў, што па сення пануюць і ў Беларусі. Пры гэтым захоўваецца абсурднасць дзеянняў праваахоўнікаў. То падчас зачысткі тэрыторыі яны арыштуюць ровар, то забяруць у аўтазак прыхільнікаў дзейнай улады.

Вайна з графіці

Хтосьці скажа, што гэта дробнае прыватнае змаганне, якое не вартае ўвагі на фоне маштабаў вайны за кантроль над калектыўным розумам. Але насамрэч, любы візуал — гэта сродак агітацыі, а таксама пазіцыя, якая часта сведчыць пра агульны настрой у грамадстве. Калі малюнак застаецца доўгі час некранутым, значыць, яго сігнал блізкі людзям — згадайце хаця б графіці з дыджеямі перамен у Беларусі.

У Расіі цяпер любая візуальная праява пратэснай творчасці роўная чырвонай анучы для быка.

Словы «Не вайне» з лютасцю крэмзаюцца ботамі маёра, два радкі астэрыксаў на сцяне адразу ж заліваюцца фарбай. А ўжо калі «спецаперацыі» дэманструюць нешта больш значнае, то выбар, які мэсадж замалёўваць, увогуле перад сілавікамі не ўстае.

З іншага боку, крэатыў прадстаўнікоў улады да людскіх сэрцаў не даходзіць увогуле. Напрыклад, графіці ў Екацерынбургу побач з «Ельцын-цэнтрам» не жыло і дня, калі на ім з'яўлялася выява Пуціна. Тое ж адбывалася і з патрыятычнымі выказваннямі на фоне ценевай выявы прэзідэнта. Вайна фарбаў працягнулася нават, калі малюнкі замяніў банальны надпіс «zа нами праvда».

Вар'яцкія флэшмобы

Фармат праўладных акцый — спеў пра тое, як Саня застанецца з намі, і калоны аўтамабіляў пад чырвона-зялёнымі сцягамі з лозунгам «Любімую не аддаюць». На фоне арыгінальных постараў, з якімі выходзілі людзі на маршы свабоды, суседскіх вечароў з праглядамі дыяфільмаў ці дваравых канцэртаў Юры Стыльскага праўладныя піяр-праекты выглядалі шаблонна.

Флэшмоб «ZаМир» у Кемераўскай вобласці. Фота: er.ru

Флэшмоб «ZаМир» у Кемераўскай вобласці. Фота: er.ru

Тыя ж аўтапрабегі цяпер б'юць па расійскім бездарожжы — і выглядаюць настолькі ж пастановачна. Не менш недарэчнымі атрымліваюцца ў афіцыйнай Масквы і патэрны, па якіх будуюцца флэшмобы.

У форме літары Z прымушаюць выстраіцца дзяцей з хоспіса, кідаць «Zігі» студэнтаў вузаў, станавіцца на раскатку ўдзельнікаў хакейных сустрэч.

У гарадах на лэд-панэлі выводзяцца патрыятычныя банеры, якія, дарэчы, жыхары часам закідваюць брудам, а паліцы ў крамах запаўняюцца мерчам з прапуцінскім каларытам.

«Чорныя спісы» творцаў

У Расіі спачатку забаранілі іншаземных музыкаў (у прыватнасці, украінцаў), якія асудзілі ваенную агрэсію расійскага боку, — Макса Барскіх, Святлану Лабаду, «Океан Эльзи». Пасля пайшлі чысціць унутраныя шэрагі, дадаючы да звычайна пратэсных рокераў кшталту «Парнафільмаў» поп-спевакоў са значнай арміяй прыхільнікаў. Не абмінулі рэпрэсіі і медыя-зорак — гісторыя з закрыццём рэйтынгавай перадачы «Вечаровы Ургант» паказальная. Няма літасці ва ўлады нават у дачыненні да аксакалаў калібра Барыса Грабеншчыкова ці былых улюбёнцаў, такіх, як Валерый Меладзэ.

Хаця гэта толькі першая хваля сур'ёзных рэпрэсій: вопыт Беларусі падказвае, што і праз год нават мімалётны допіс у сацсетках можа каштаваць не толькі працы, але і будучыні. Напрыклад, гурт «j:Морс», які раней знаходзіўся ў актыўнай ратацыі на радыё і тэлебачанні, ужо два гады не можа выступаць дома. А вядомыя шоўмены галоўных дзяржаўных каналаў Беларусі, Дзяніс Дудзінскі ды Іван Падрэз, сёння ўвогуле называюцца Іўдамі не толькі прапагандыстамі, але і былымі калегамі. 

Сыход вядучых з тэлебачання

У жніўні-верасні 2020 года шэраг дзяржаўных СМІ Беларусі сутыкнуўся з адтокам кадраў. Людзі, што стваралі кантэнт для ТБ, часопісаў, газет ды інтэрнэт-парталаў, абурыліся гвалтам з боку ўлады ды пакінулі пасады. Гэта тычылася не толькі непасрэдна журналістаў, але і прафесіяналаў са шматлікіх тэхнічных галін, якія абслугоўвалі платформы. Вынікам гэтага стаў пэўны кадравы крызіс, што не ліквідаваны і сення.

Асабліва ж рэзанансным атрымаўся ланцуг звальненняў з дзяржаўных тэлевізійных каналаў. У імкненні абараніць сваю пазіцыю ды права на вольнае выказванне меркаванняў, з эфіру сыходзілі зоркі, з імёнамі якіх асацыяваліся праекты, а часамі нават брэнды вяшчальнікў. Прычым гэта тычылася не толькі навін альбо аналітычных праграм: рэдакцыі пакідалі вядучыя забаўляльных праграм, спартыўныя каментатары, культурныя аглядальнікі…

Расіі хапіла тыдня актыўнай фазы пратэстаў і перфомансу рэдактаркі «Першага канала» Марыны Аўсяннікавай, каб аналагічная хваля звальненняў па ўласным жаданні пачалася на федэральных каналах. Прычым забіраюць працоўныя кніжкі ў тым ліку і тыя, што з'яўляўся рупарам прапаганды. Лілія Гільдзеева, Вадзім Глускер, Жана Агалакава запусцілі працэс, які, напэўна, не адаб'ецца на сутнасці праўладных эфіраў. Аднак прымусіць задумацца тых, хто безумоўна верыў галовам, што прамаўлялі з тэлевізара.

Санкцыі

Пасля беларускіх пратэстаў міжнародная супольнасць праз санкцыі паспрабавала націснуць на дзяржаўны апарат, каб спыніць парушэнне правоў чалавека. Гэта прывяло да забароны ўезду ў заходнія краіны шматлікім прадстаўнікам афіцыйнага Мінска, гандлевых абмежаванняў у дачыненні да буйных прадпрыемстваў, выключэння краіны з разнастайных міжнародных структур.

Расія ўсяго толькі за месяц пераўзышла не толькі Беларусь, але і ўсе краіны свету па колькасці ўведзеных санкцый. Персанальныя баны буйных палітыкаў ды бізнэсоўцаў, адключэнні банкаў ад сістэмы SWIFT, арышт маёмасці, што належала алігархам за мяжой, выключэнні цэлых спартовых федэрацый з шыхтоў алімпійскай сям'і, немагчымасць экспарту ды імпарту велізарнай колькасці прадукцыі… Тым не менш, гэта яшчэ не фінал: ЕС ды ЗША сцвярджаюць, што ў выпадку працягу ваеннай агрэсіі новыя абмежаванні не прымусяць сябе чакаць.

У Расіі некалькі чалавек выйшлі на мітынг супраць вайны з Украінай ФОТЫ

У антываеннага руху ў Расіі з'явіўся новы сімвал пратэсту — бела-сіне-белы сцяг

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0