Падрабязнасці яго затрымання і адсідкі расказаў блізкі сябар спадара Анатоля:
«Прыйшлі па яго дадому, двое міліцыянтаў у форме. Сказалі, трэба паехаць на прафілактычную гутарку. Анатоль кажа: дык заходзьце, пагутарым, Не, кажуць, трэба ў РАУС.
Забралі яго, у РАУСе далі падпісаць нейкую паперку, што правялі прафілактычную гутарку і адразу склалі пратакол за непадпарадкаванне.
Ноч у РАУСе, пасля суд па скайпе, пасля Акрэсціна. Там трапіў у тую ж камеру, у якой раней сядзеў, уяўляеце? Пасля смяяўся: зайшоў як дадому! Аказалася, там былі людзі, якім былыя сукамернікі Шалковіча пра яго расказвалі, то яго нават пазналі.
Зноў камера была перанаселеная, спалі на падлозе. Перадач, матрацаў — нічога. Адзінае, што дазволілі атрымаць Анатолю, гэта лекі ад жонкі. Па начах усіх па два разы падымалі, прымушалі называцца.
А перад рэферэндумам вывезлі ў Жодзіна. Там таксама перанаселеная камера: на 6 месцаў спачатку 12, пасля 14 чалавек. Падлога з пліткі, але давалі коўдры, матрацы хаця б. Як кажа Анатоль, было не цяжэй, усё ж 15 сутак — не 60».
Падчас сутак Анатоль Шалковіч даведаўся пра тое, што Расія напала на Украіну. Расказаў пра гэта адзін з тых, хто трапіў у камеру.
«Анатоль кажа, паверыў — за кратамі пра такое не жартуюць, бо могуць і морду набіць. Ён кажа — гэта вайна, якая там «спецаперацыя», нельга казаць пра чорнае, што гэта белае. Людзі ж разумеюць, што адбываецца. Бачаць, што Расія прымушае да міру, разбамбіўшы ўсё навокал — нічога сабе, мір! — кажа сябар Шалковіча. —
Але нашае з Анатолем пакаленне ж бачыла, што паўсюль напісана, што мы за мір, але цішком ваявалі ў Афганістане, В'етнаме. Таму для яго вайна Расіі з Украінай шокам не стала. Трагедыя — так. Ён супраць любой вайны, заўсёды лічыў, што можна ў любой сітуацыі сесці і дамовіцца».