У цэнтры — Дзінара Алімбекава, біятланістка зборнай Беларусі. Фота: AP.

У цэнтры — Дзінара Алімбекава, біятланістка зборнай Беларусі. Фота: AP.

Як беларускія, так і расійскія спартоўцы ўжо адчулі на сабе санкцыі ў самых розных відах спорту. Сусветныя федэрацыі веславання, лыжнага спорту, валейбола, трыатлона, каноэ, стральбы і бадмінтона адхілілі атлетаў з Расіі і Беларусі ад удзелу у міжнародных спаборніцтвах.

Веласіпедысты і тэнісісты з абедзвюх краін цяпер не змогуць удзельнічаць у міжнародных камандных спаборніцтвах, а ўсе мерапрыемствы ў гэтых відах спорту, якія планаваліся ў Расіі і Беларусі, прыбраныя з міжнароднага календара. Пры гэтым асобныя веласіпедысты з Расіі і Беларусі могуць і далей спаборнічаць, але ў статусе нейтральных атлетаў.

Міжнародная федэрацыя плавання таксама дазволіла спартоўцам з абедзвюх краін выступаць толькі ў нейтральным статусе. Міжнародныя федэрацыі рэгбі і канькабежцаў цалкам адхілілі расійскіх і беларускіх атлетаў ад удзелу у турнірах пад сваёй эгідай.

Алімпійскі рух

У канцы мінулага тыдня выканкам Міжнароднага алімпійскага камітэта заклікаў не выкарыстоўваць дзяржсцягі Расіі і Беларусі на любых спаборніцтвах, а таксама прапанаваў міжнародным федэрацыям перанесці ці адмяніць мерапрыемствы, запланаваныя ў гэтых краінах.

МАК заснаваў сваю параду на тым, што на момант нападу на Украіну яшчэ не скончылася алімпійскае перамір’е, якое доўжыцца да 20 сакавіка.

28 лютага МАК увогуле рэкамендаваў міжнародным спартовым федэрацыям і арганізатарам спаборніцтваў не дапускаць да ўдзелу ў іх спартоўцаў з Расіі і Беларусі. Калі ж па нейкіх прычынах выканаць гэтую рэкамендацыю нельга, МАК прапануе дапускаць іх да ўдзелу пад нейтральнымі сцягамі.

Адметна, што праз допінгавы скандал расійскія атлеты і так выступаюць на алімпіядах пад нейтральным сцягам, але апошні крок МАК увогуле ставіць перад спартоўцамі перспектыву застацца без спаборніцтваў.

Што да спаборніцтваў, дзе ўжо позна забараніць удзел спартоўцам з Расіі і Беларусі, то хутчэй за ўсё, тут меліся на ўвазе Паралімпійскія гульні ў Пекіне. Згодна з рэкамендацыяй МАК, у такім выпадку атлеты павінны былі б выступаць пад нейтральным сцягам.

Так і адбылося: 2 сакавіка стала вядома, што па рэкамендацыі Міжнароднага паралімпійскага камітэта спартоўцы з Расіі і Беларусі выступяць на Паралімпіядзе ў Пекіне пад нейтральным сцягам. Іх вынікі не будуць уключаныя ў медальную табліцу.

А 3 сакавіка паралімпійцам з Расіі і Беларусі ўвогуле забаранілі прымаць удзел у Гульнях. Сярод прычын — тое, што спартоўцы з шэрагу іншых краін выказалі нежаданне спаборнічаць з гэтымі атлетамі.

Біятлон

У беларускага біятлона, які ў свой час прыносіў краіне столькі медалёў і гонару, цяпер вялікія цяжкасці. Сусветны саюз біятланістаў IBU абвясціў на выхадных, што зборныя з Расіі і Беларусі будуць дапушчаныя да этапаў Кубка свету і Кубка IBU толькі як нейтральныя спартоўцы. 

Урад Эстоніі як гаспадар аднаго з этапаў увогуле адмовіўся пускаць на спаборніцтвы як расіян, так і беларусаў. IBU не стаў пярэчыць.

Як сведчыць Фонд спартовай салідарнасці, беларускія чыноўнікі не захацелі бачыць сваіх біятланістаў у нейтральным статусе. Міністр спорту краіны Сяргей Кавальчук загадаў атлетам не выступаць на этапах Кубка свету і Кубка IBU, якія праводзяцца ў гэтым сезоне, а замест гэтага выехаць у Беларусь. Расійскія спартоўцы таксама адмовіліся ад працягу сезона.

Але ж у медыя ўжо гучаць сведчанні пра тое, якім будзе бліжэйшы турнір для беларускіх біятланістаў. У канцы сакавіка — пачатку красавіка ў Цюмені пройдзе чэмпіянат Расіі па біятлоне, на які плануюць запрасіць і беларусаў.

Хакей

Яшчэ адзін папулярны ў Беларусі від спорту, і яшчэ адны жорсткія санкцыі. 28 лютага Міжнародная федэрацыя хакея (IIHF) забараніла ўсім хакейным камандам і клубам з Расіі і Беларусі ўдзельнічаць у любых мерапрыемствах пад эгідай арганізацыі. Што да Беларусі, наша краіна страціць перш за ўсё магчымасць гуляць на бліжэйшым чэмпіянаце свету па хакеі, на аналагічным моладзевым турніры, а таксама на Кантынентальным кубку па хакеі (туды не трапіць беларускі клуб «Гомель»).

Расія, акрамя ўдзелу ў турнірах, страціла таксама права прымаць юніёрскі чэмпіянат свету па хакеі, запланаваны на канец снежня 2022 — пачатак студзеня 2023 года.

Чытайце яшчэ:

Як сусветны спорт падтрымлівае Украіну

У Беларусі — срэбра па алімпійскіх медалях, адабраных праз допінг. Вось як мы да гэтага дайшлі

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?