Фота: AFP / Scanpix

«Сёння мы ўнеслі ў спісы прэзідэнта Пуціна і міністра Лаўрова», — сказаў кіраўнік дыпламатыі Еўрасаюза Жазэп Барэль на прэс-канферэнцыі пасля сустрэчы міністраў.

Сустрэча міністраў фінансаў 27 краін Еўрасаюза ў Парыжы працягваецца, міністры ўзгадняюць трэці раўнд санкцыйных мераў. 

«Мы дзейнічаем так хутка, як толькі можам», — заявіла крыніца агенцтва «Ройтэрс» у апараце Еўрасаюза. Трэцяя хваля санкцый закране яшчэ многіх расійскіх алігархаў, дадала яна.

У офісе брытанскага прэм'ера Борыса Джонсана неўзабаве пасля прыняцця мераў заявілі, што Вялікабрытанія таксама ўвядзе санкцыі супраць Пуціна і Лаўрова. Такім чынам, усе актывы Пуціна і Лаўрова ў Еўрасаюўзе і Вялікабрытаніі, калі яны маюцца, будуць замарожаныя.

Таксама прынятыя сектаральныя санкцыі ў дачыненні да фінансавага, энергетычнага, транспартнага сектараў і экспарту ў Расію прадукцыі падвойнага прызначэння.

Цяпер на парадку дня магчымасць адключэння Расіі ад банкаўскай сістэмы SWIFT. Міністр фінансаў Францыі Бруно ле Мэр у пятніцу выступіў за адключэнне. Гэтага патрабуе Украіна, але міністры краін Еўрасаюза яшчэ спрачаюцца, ці ўжываць такую жорсткую меру.

«Некаторыя краіны-ўдзельніцы ЕС не хочуць гэтага рабіць, але Францыі сярод іх няма», — сказаў журналістам ле Мэр, які параўнаў адключэнне ад SWIFT c ядзернай зброяй.

Міністр фінансаў Германіі Крысціян Лінднэр таксама падтрымаў адключэнне Расіі ад гэтай банкаўскай сістэмы.

«Я рэкамендаваў нават, каб мы разгледзелі больш жорсткія меры, чым прапануецца ў трэцім пакеце, у які ўваходзіць адключэнне ад SWIFT,» — сказаў ён.

Таго ж дамагаецца і Вялікабрытанія: міністр абароны Бэн Уолес заявіў пра гэта ў гутарцы з Бі-бі-сі.

«Брытанія хоча, каб сістэму SWIFT у Расіі адключылі. На жаль, гэта зрабіць нялёгка, гэта не аднабаковае рашэнне», — сказаў ён. 

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру