У некаторых банкаў ад сёння праблемы з карткамі Visa. Адзін з іх — «БелВЭБ».

«Банк адным з першых сутыкнуўся з наступствамі санкцый ЕС і ЗША. Інфармуем, што ажыццяўленне аперацый па картках Visa ў замежных анлайн-сэрвісах «Яндэкс», Wildberries, AIlExpress, Ozon і іншых, а таксама з дапамогай Аpple Рay будзе недаступнае.

Таксама часова ўводзяцца абмежаванні на пакупку замежнай валюты ў інтэрнэт-банку і мабільным дадатку», — такую рассылку атрымліваюць кліенты банка.

«БелВЭБ» папярэджвае, што прыпыняе безнаяўныя разлікі ў замежнай валюце, аперацыі з выкарыстаннем карт, выпушчанных банкамі-нерэзідэнтамі Беларусі,

«Таксама назіраюцца часовыя перабоі па аплаце паслуг па картках Visa, эмітаваных іншымі банкамі Беларусі, у тэрміналах і банкамах «БелВЭБ», — інфармуе банк.

Такія ж абмежаванні ёсць у «Тэхнабанка». 

«Абстаноўка склалася праз увядзенне санкцый у дачыненні да банка-спонсара «БелВЭБ». Цяпер «Тэхнабанк» мяняе спонсара», — піша ўстанова.

Праблемы з карткамі Visa ёсць і ў кліентаў банка РРБ (яго банк-спонсар — таксама «БелВЭБ», які трапіў пад санкцыі).

Карыстальнікам такіх картак часова недаступныя аперацыі за межамі Беларусі (у тым ліку ў анлайн-сэрвісах «Яндэкс», Wildberries, AIlExpress, Ozon і іншых) і аперацыі ў сэрвісах для р2р-пераводаў для картак. 

Аб праблемах з разлікамі за мяжой для сваіх кліентаў папярэджвае банк ВТБ.

«Калі вы цяпер знаходзіцеся за мяжой, рэкамендуем зняць наяўныя з картак ці выкарыстоўваць для разлікаў карты іншага банка. У сувязі з увядзеннем санкцый супраць ВТБ плацежныя сістэмы могуць спыніць абслугоўванне картак за мяжой», — такія эсэмэскі прыходзяць карыстальнікам картак.

Карты ВТБ не будуць працаваць з сервісамі Apple Pay і Google Pay.

Нацбанк у гэтым не бачыць ніякіх праблем.

«Банкаўскі сектар Беларусі стабільна функцыянуе і валодае дастатковым запасам трываласці для выканання ўсіх задач, якія стаяць перад ім, ва ўмовах узмацнення геапалітычнай напружанасці і пашырэння санкцыйнага ціску з боку шэрагу дзяржаў», — заяўляе рэгулятар.

Чытайце яшчэ:

 «Нах** мы ў гэта ўлезлі!?» Беларускі бізнэс у шоку ад нападу на Украіну, чакаюць маштабны крызіс

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0