Фота: Talaj / depositphotos.com
Як сцвярджае выданне, паводле аператыўных задумаў Расіі, сіламі да 2 тыс. спецназаўцаў плануецца захапіць адзін з двух аэрапортаў у Кіеве і сродкі кіравання авіярухам. Згаданая колькасць вайскоўцаў забяспечыць прыбыццё асноўнай групы сілаў у колькасці да 10 тыс. дэсантнікаў самалётамі Іл-76 разам з лёгкай браняванай тэхнікай і штатным узбраеннем паветрана-дэсантных войскаў (БТР, Нона, аўтамабілі).
Кіраванне дэсантнай аперацыяй будзе ажыццяўляцца з бартоў самалётаў А-50, якія будуць знаходзіцца ў паветранай прасторы Беларусі і Расіі. Першая частка дэсанту можа прыбыць з Беларусі на верталётах або лёгкіх самалётах.
У гэты ж час дыверсійныя групы, якія ўжо знаходзяцца на тэрыторыі Украіны, павінны здзейсніць дыверсіі на электрасетках і падстанцыях, каб адключыць значную частку горада ад электрычнасці і сувязі, чым выклікаць паніку сярод насельніцтва.
Паводле задумы, асобныя групы правакатараў павінны арганізаваць падпалы і акты марадзёрства, каб яшчэ больш пасеяць паніку і засяродзіць увагу праваахоўных органаў менавіта на стабілізацыі сітуацыі з грамадскай бяспекай, а не на пошуку дыверсантаў.
У гэты час будзе адбывацца масіраваная кібератака на рэсурсы органаў улады і іншыя жыццёва важныя сайты ва Украіне. Перад гэтым адбудзецца актывізацыя на фронце, магчымыя правакацыі па ўсёй лініі мяжы з Украінай, што прымусіць ваенна-палітычнае кіраўніцтва вывесці асноўную частку баяздольных войскаў на лінію абароны, таму ў Кіеве будзе знаходзіцца нязначная колькасць войскаў.
Задача дэсанту — блакаваць Кіеў, камунікацыі, каналы кіравання войскамі, захапіць/падарваць арсеналы, максімальна пасеяць паніку, стварыць умовы для панічнага выхаду з Кіева «некантраляваных калонаў бежанцаў», якія будуць блакаваць магістралі/дарогі, што ўскладніць перамяшчэнне войскаў, праваахоўных органаў па дарогах Кіева.
Далей плануецца захапіць і кантраляваць асноўныя органы ўлады — Офіс прэзідэнта, Генеральны штаб, Кабмін, Вярхоўную Раду і ўтрымліваць іх да прыбыцця асноўных сілаў.
На правядзенне дэсантнай аперацыі даецца суткі, пачатак — па меры гатоўнасці, позна ўвечары ці ўначы.
Дата аперацыі невядомая, чакаецца ў найбліжэйшыя дні, у залежнасці ад надвор'я, развіцця палітычнай сітуацыі ў свеце і перагаворных працэсаў.
Пажаданы вынік — захапіць кіраўніцтва дзяржавы (не ўдакладняецца, каго менавіта) і прымусіць падпісаць мірную дамову на расійскіх умовах пад шантажом і магчымасцю гібелі вялікай колькасці грамадзянскага насельніцтва.
Нават калі частка кіраўніцтва дзяржавы будзе эвакуяваная, хто-небудзь з прарасійскіх палітыкаў зможа ўзяць на сябе адказнасць і падпісаць дакументы, матывуючы гэта «ўцёкамі» палітычнага кіраўніцтва з Кіева.
Як вынік, Украіна можа быць падзеленая на дзве часткі — паводле прынцыпу Заходняй і Усходняй Германіі, Паўночнай і Паўднёвай Карэі. Пры гэтым Расія прызнае легітымнай тую частку Украіны, якая падпіша гэтыя пагадненні і будзе лаяльная да Расіі. Кіруючыся прынцыпам: «хто кантралюе сталіцу, той кантралюе дзяржаву».





