НАТА пашыраецца і шчыльна наблізілася да расійскіх межаў, «нягледзячы на ўсе нашы пратэсты і заклапочанасці», сказаў Пуцін. На яго думку, Захад з пагардай ставіцца да міжнароднага права.

«У гэтым шэрагу і абяцанні нашай краіне не пашыраць ні на адну цалю НАТА на ўсход. Паўтару: падманулі, а кажучы народнай мовай, проста кінулі, — сказаў Пуцін. — Так, часта можна чуць, што палітыка — брудная справа.

Магчыма, але не настолькі ж, не да такой жа ступені. Бо такія шулерскія паводзіны супярэчаць не толькі прынцыпам міжнародных адносін, але перш за ўсё агульнапрызнаным нормам маралі і маральнасці. Дзе ж тут справядлівасць і праўда? Адна толькі суцэльная хлусня і крывадушнасць».

Па меркаванні Пуціна, ЗША стварыла заходні блок па сваім узоры, гэта «імперыя хлусні». А Расію пасля развалу СССР спрабавалі «даціснуць, дабіць і разбурыць ужо канчаткова».

Не абышлося і без традыцыйных каштоўнасцяў. Іх, на думку Пуціна, хочуць разбурыць, каб «навязаць свае псеўдакаштоўнасці, якія раз'ядалі б нас, наш народ знутры, тыя ўстаноўкі, якія яны ўжо агрэсіўна насаджаюць у сваіх краінах, і якія прама вядуць да дэградацыі і выраджэння, паколькі супярэчаць самой прыродзе чалавека». Але Пуцін паабяцаў, што гэтаму не бываць.

Паводзіны Расіі ў снежні 2021-га Пуцін назваў спробай дамовіцца з ЗША і саюзнікамі аб непашырэнні НАТА, але «пазіцыя ЗША не змяняецца. Яны не лічаць патрэбным дамаўляцца з Расіяй па гэтым ключавым для нас пытанні, пераследуючы свае мэты, грэбуюць нашымі інтарэсамі».

Пашырэнне НАТА Пуцін лічыць непрымальным для Расіі. Ён заявіў: «На прылеглых да нас тэрыторыях — на нашых жа гістарычных тэрыторыях — ствараецца варожая нам «антыРасія», якая пастаўленая пад поўны знешні кантроль, узмоцнена абжываецца ўзброенымі сіламі натаўскіх краін і напампоўваецца самай сучаснай зброяй». А гэта, на думку Пуціна, пытанне жыцця і смерці для Расіі, гэта чырвоная рыса, якую перакрочылі.

На яго думку, Расія спрабавала вырашыць сітуацыю на Данбасе мірным шляхам, але ўсё было дарма. Цяпер там нібыта адбываецца генацыд мільёнаў людзей, а НАТА падтрымлівае ва Украіне нацыяналістаў і неанацыстаў, якія ніколі не прабачаць Крым і «палезуць» туды ваяваць. А ў 2014 годзе Расія нібыта абараніла жыхароў Крыма ад «нацыкаў».

Пуцін мяркуе, што сутыкненне Расіі з «гэтымі сіламі» непазбежнае, гэта пытанне часу. У 1941 годзе СССР намагаўся адцягнуць пачатак вайны і аказаўся непадрыхтаваны да яе, цяпер паўтарыць памылку нельга.

«Расія не можа адчуваць сябе ў бяспецы, развівацца, існаваць з пастаяннай пагрозай, якая зыходзіць з тэрыторыі сучаснай Украіны, — сказаў Пуцін. — Нам з вамі проста не пакінулі ніводнай іншай магчымасці абараніць Расію, нашых людзей, акрамя той, якую мы вымушаныя будзем выкарыстоўваць сёння. 

Абставіны патрабуюць ад нас рашучых і неадкладных дзеянняў. Народныя рэспублікі Данбаса звярнуліся да Расіі з просьбай аб дапамозе.

У сувязі з гэтым у адпаведнасці з артыкулам 51 часткі 7 Статута ААН, з санкцыі Савета федэрацыі Расіі і ў мэтах выканання ратыфікаваных Федэральным сходам 22 лютага гэтага года дагавораў аб дружбе і ўзаемадапамозе з Данецкай Народнай Рэспублікай і Луганскай Народнай Рэспублікай мною прынятае рашэнне аб правядзенні спецыяльнай ваеннай аперацыі».

Ён заявіў, што нібыта не ставіць мэтай акупацыю Украіны, а агрэсію назваў самаабаронай, заклікаўшы «як мага хутчэй перагарнуць трагічную старонку» і «нікому не дазваляць ўмешвацца ў нашы справы».

Таксама Пуцін заклікаў украінскіх вайскоўцаў не выконваць загады. І адкрыта прыгразіў тым, хто вырашыць умяшацца.

«Цяпер некалькі важных, вельмі важных слоў для тых, у каго можа ўзнікнуць спакуса з боку ўмяшацца ў падзеі, якія адбываюцца. Хто б ні спрабаваў перашкодзіць нам, а тым больш ствараць пагрозы для нашай краіны, для нашага народа, павінны ведаць, што адказ Расіі будзе неадкладным і прывядзе вас да такіх наступстваў, з якімі вы ў сваёй гісторыі яшчэ ніколі не сутыкаліся. Мы гатовыя да любога развіцця падзей. Усе неабходныя ў гэтай сувязі рашэнні прынятыя. Спадзяюся, што я буду пачуты», — сказаў Пуцін.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0