Ілюстрацыйнае фота. Сайт інтэрпала.
Як Гаўрылаву ўдалося атрымаць расійскую пенсію?
Як стала вядома «Нашай Ніве», Гаўрылаў скарыстаўся «Пагадненнем аб парадку пенсійнага забеспячэння дзяржаўнага страхавання супрацоўнікаў органаў унутраных спраў дзяржаваў — удзельнікаў СНД». Яно было падпісанае яшчэ ў 1995-м усімі краінамі СНД, там ёсць такі радок:
«Прадугледжаныя Законам умовы, нормы і парадак пенсійнага забеспячэння распаўсюджваюцца таксама на ваеннаслужачых УС, УВ, ПВ, ЧВ, КДБ і іншых фарміраванняў […] якія стала пражываюць на тэрыторыі […] (члена СНД)».
Іншымі словамі. Калі чалавек адслужыў у Беларусі, мае права на пенсію і пераехаў на ПМЖ у іншую краіну СНД (як правіла — Расію), ён мог атрымліваць пенсію там.
Схема Гаўрылава, пра якую ён расказваў сваім калегам, выглядае так: пасля выхаду на пенсію, ужо свабодным чалавекам, ён паехаў у Расію да сваякоў з жыллём, атрымаў там дазвол на пражыванне і, спасылаючыся на нормы гэтага малавядомага закона, пачаў атрымліваць пенсію ў Расіі.
Ілюстрацыйнае фота. Сайт інтэрпала
Што з пенсіяй у былых сілавікоў?
Былы старшы афіцэр цэнтральнага апарату МУС па тым курсе атрымліваў больш за тысячу долараў пенсіі, у той час як тут людзі атрымлівалі па 300—500 долараў.
Аднак цяпер сітуацыя іншая: за дзесяць год з часоў «манеўра» Гаўрылава расійскі рубель моцна дэвальваваўся, змяніўся сам прынцып разліку пенсій.
Ці справядлівая схема цяпер?
Сярэдні памер міліцэйскіх пенсій у Беларусі невядомы, ён не публікуецца. Зрэшты, і веданне сярэдняй лічбы нам нічога не дасць — памер пенсіі і ў Беларусі, і ў Расіі, кожнаму асобнаму міліцыянеру разлічваецца асобна, у залежнасці ад пасады, колькасці год выслугі, наяўнасці інваліднасці ці ордэнаў.
Два чалавекі з пагонамі палкоўніка, адзін з якіх служыў у раённым упраўленні, а другі — у абласным, будуць атрымліваць розныя пенсіі. Але, нейкае ўяўленне аб памеры пенсій мы ўсё адно маем.
Так, палкоўнікі Цэнтральнага апарата МУС РБ атрымліваюць па 1300—1400 рублёў пенсіі (палкоўнікі выходзяць на пенсію ў 50 гадоў), падпалкоўнікі 1100—1200 рублёў.
Летась два маёры МУС (не з цэнтральнага апарата) назвалі «Анлайнеру» лічбы сваіх пенсій: 630 рублёў за люты 2021-га. У той жа час начальнік раённага аддзела МНС з выслугай 29 год атрымаў 1478 рублёў, начальнік абласнога ўпраўлення МНС — 1580.
Пенсія залежыць ад акладу, а ён апошнія гады рос, адрыў ад расіян скарачаўся.
А якія пенсіі ў паліцэйскіх у Расіі?
Схема разліку пенсій паліцэйскіх у Расіі выглядае так: пры выслузе 20 год — палова ад акладу.
Колькі яны зарабляюць? Паліцэйскаму на посце унутранай аховы ІЧУ ў Маскве прапануюць 47 тысяч расійскіх рублёў на рукі. Гэта 1556 беларускіх. Амапаўцу ў Маскве — ад 45 тысяч (1500 беларускіх).
Паліцэйскім па-за Масквой, у рэгіёнах, прапануюць ад 30 тысяч (990 беларускіх). Гэта ўсё сувымерныя з беларускімі сумы, калі мы гаворым пра шараговых супрацоўнікаў. Няцяжка зрабіць высновы і аб памеры пенсій (аклад будзе меншы, чым абяцаны заробак, куды, як правіла, укладваюцца прэміі, надбаўкі за ўчастак і гэтак далей).
Такім чынам, ужо наступіў час, калі расійскія і беларускія міліцэйскія пенсіі і заробкі, прынамсі на ўзроўні дробных выканаўцаў і афіцэраў сярэдняга звяна, — сувымерныя.
На адмысловым расійскім сайце «Ваеннае права» ёсць калькулятар, які дазваляе паліцэйскім падлічыць сваю патэнцыйную пенсію. Да гэтага калькулятара мы можам звярнуцца, каб разлічыць прыкладную пенсію афіцэраў.
Напрыклад, атрымліваецца, што начальнік РУУС з 30 гадамі службы, палкоўнік са складанага рэгіёна, за які яму накінуць павышаючы каэфіцыент 1,5, можа разлічваць на пенсію ў 37 тысяч расійскіх рублеў — а гэта каля 1200 беларускіх.