Анатоль Шалковіч адразу пасля выхаду за сцены акрэсцінскай катоўні 10 студзеня. Цяпер ён зноў там.
Сын Анатоля Шалковіча распавёў, што ў чацвер вечарам да бацькоў прыехалі некалькі супрацоўнікаў. Мабыць, з РУУС.
«Сказалі, трэба з'ездзіць у міліцыю для прафілактычнай гутаркі, — кажа Антон. — Казалі, маўляў, нічога з сабой не браць, толькі пашпарт і тэлефон».
У сувязі з чым узніклі прычыны для гутаркі, у сям'і Анатоля Шалковіча не ведаюць. Са здагадак: набліжэнне рэферэндуму.
У пятніцу, працягвае Антон, падчас суда блізкія даведаліся, што паводле пратаколу бацька аказваў супраціў пры дастаўцы ў пастарунак. Суд вырашыў пакараць яго 15 суткамі арышту. Зараз Анатоль Шалковіч зноў на Акрэсціна.
— Як тата сябе адчуваў?
— Было стабільна, а як цяпер, не ведаю. На наступны дзень пасля таго, як бацька выйшаў з Акрэсціна пасля 60 сутак, яго забрала хуткая. У жоўцевым пухіры таты знайшлі камяні — і яго выдалілі, — апісвае стан бацькі Антон. — Цяпер бацьку трэба захоўваць адмысловую дыету. Есці кашы і пастаянна нешта пад'ядаць. Мама з адвакатам казалі пра гэта на працэсе. Далі патрэбныя дакументы. Але гэта нічога не змяніла.
— А пра сітуацыю з Сяргеем Глушаковым вам нешта вядома?
— Глушакову, таварышу бацькі, даслалі позву. У ёй таксама прасілі з'явіцца ў РУУС для прафілактычнай гутаркі, — распавядае Антон і адзначае, што ў выніку мужчына таксама атрымаў 15 сутак.
Упершыню Анатоль Шалковіч быў затрыманы 11 снежня 2021 года, у дзень свайго 65-годдзя. Аказалася, што мужчына вырабляў бел-чырвона-белыя сцягі і вешаў на дрэвы. У міліцыі з ім запісалі пакаянае відэа, у якім ён, усміхаючыся, распавёў, як любіць спалучэнне белага і чырвонага колераў, напрыклад памідоры са смятанай. Ролік адразу стаў вельмі папулярны, а выраз ператварыўся ў мем.
Але пасля 15 сутак мужчына не выйшаў — яго тры разы перазатрымлівалі і вызвалілі толькі пасля 60 сутак. Пра знаходжанне на Акрэсціна палітвязень расказваў у шматлікіх інтэрв'ю, у тым ліку і «Нашай Ніве».
Чытайце таксама:
Зноў затрымалі Анатоля Шалковіча, аўтара мема пра памідоры са смятанай
Герой мема пра памідоры са смятанай расказаў пра аперацыю, лайфхакі для Акрэсціна і будучыню
Герой мема пра памідоры са смятанай патрапіў быў у лякарню. Але ў яго ўжо ўсё добра
«На мяне ідзе чалавек з ружжом і шчытом. Я трохі здзівіўся». Першае інтэрв’ю культавага Анатоля Шалковіча, які любіць «памідоры са смятанай»
Стала вядома, пра што 60 сутак за кратамі марыў Анатоль Шалковіч — аўтар мема пра памідоры са смятанай





